Скаргу маці Юрыя Захаранкі разгледзіць Камітэт па правах чалавека ААН


Кіраўнік аддзелу петыцый Камітэту па правах чалавека ААН Ібрагім Салама паведаміў, што скарга Ульяны Захаранкі аб прызнанні Юрыя Захаранкі памерлым прынятая да разгляду.

Раіса Міхайлоўская, кіраўніца Беларускага дакументацыйнага цэнтру, якая прадстаўляе інтарэсы Ульяны Захаранкі, сказала, што 94-гадовая маці былога міністра ўнутраных спраў дагэтуль нічога ня ведае пра лёс сына, які быў выкрадзены ў 1999 годзе.

«Яна не атрымала ніводнай капейкі ад дзяржавы з нагоды страты кармільца, яна не можа зрабіць ніякіх натарыяльных дзеяньняў, каб прыняць ці пакінуць у спадчыну маёмасць сына. У яе дзве ўнучкі і двое праўнукаў. Усе яны залежаць ад адной паперкі – афіцыйнага прызнання Юрыя Захаранкі памерлым», – сказала Раіса Міхайлоўская.

Беларускі суд адмаўляўся прызнаць Захаранку памерлым. З такой просьбай блізкія былога міністра звярталіся ў 2002 і 2016 гадах. У жніўні 2016 году Ульяна Захаранка накіравала скаргу ў Камітэт па правах чалавека пры ААН. У скарзе яна просіць ААН паўплываць на тое, каб справа Захаранкі была неадкладна разгледжана, а ёй была выплачаная кампенсацыя.

Юрый Захаранка – былы міністр унутраных справаў Беларусі ды апазіцыйны палітык. Ён знік увечары 7-га траўня 99-га года дарогаю дадому ў раёне вуліцы Магілёўскай у Менску. Крымінальную справу распачалІ паводле артыкулу «наўмыснае забойства», але яна незавершаная да гэтай пары. Са словаў былога начальніка СІЗА № 1 Алега Алкаева, Захаранку выкралі ды расстралялі на загад набліжаных да Лукашэнкі.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў