Скандальны адпачынак Лукашэнкі, лабісты і санкцыі. Топ-5 фактаў пра беларуска-аўстрыйскія стасункі


Беларусь 28 сакавіка наведае федэральны канцлер Аўстрыі Зэбаст’ян Курц. Belsat.eu распавядае, чым адметныя беларуска-аўстрыйскія стасункі.

Зэбаст’ян Курц заняў пасаду кіраўніку аўстрыйскага ўраду ў снежні 2017 года ва ўзросце 31 года. З перамогай на выбарах яго павіншаваў Аляксандр Лукашэнка. У траўні 2018-га Курц і Лукашэнка пагутарылі па тэлефон, пасля чаго прэс-служба кіраўніка Беларусі паведаміла, што палітыкі запрасілі адзін аднаго наведаць свае краіны. Лукашэнка ў Вену пакуль не збіраецца, а вось Курц наведае Менск 28 сакавіка.

Лукашэнка і Курц (тады яшчэ кіраўнік МЗС) у Менску, 2017 год. Фота – president.gov.by

Скандальны адпачынак у Тыролі

Першае, што ўспамінаецца, калі заходзіць гаворка пра беларуска-аўстрыйскія стасункі – гэта скандальны адпачынак Лукашэнкі ў Аўстрыі ў 2002 годзе.

Гатэль Klosterbräu, у якім адпачываў Лукашэнка. Фота – booking.com

У сакавіка 2002 года Аляксандр Лукашэнка знаходзіўся пад заходнімі санкцыямі і не мог наведваць краіны ЕЗ. Але ты не менш ён адпачыў на гарналыжным курорце ў аўстрыйскім Тыролі. Паездку ў абыход санкцыяў арганізаваў уладальнік сеткі казіно Casinos Austria Леа Вальнэр, які ў той час узначальваў Нацыянальны алімпійскі камітэт Аўстрыі. Аўстрыйскія СМІ высвятлілі, што адпачынак Лукашэнкі з асобамі, што яго суправаджалі, каштаваў амаль 200 тысяч еўра. Гэтак, прыватны самалёт з Вены ў Інсбрук абышоўся ў 30 тысяч еўра, пяцізоркавы гатэль Klosterbräu – 47 тысяч. Акрамя таго, грошы пайшлі на вечарыну, гульні ў казіно, гарналыжны адпачынак, алкагольныя напоі, а таксама медычныя паслугі, бо падчас катання на лыжах Лукашэнка атрымаў траўму сцягна і на верталёце паляцеў у шпіталь.

Праўда, плаціў за гэты прымаючы бок – усё той жа Леа Вальнэр. Разам з Лукашэнкай курорт наведалі ягоныя сыны Віктар і Дзмітрый, Ірына Абельская, Уладзімір Макей, Уладзімір Канаплёў ды інш.

Запіс ад імя Лукашэнкі ў гасцявой кнізе гатэлю

Чорная каса Raiffeisenbank

Той адпачынак Лукашэнкі Леа Вальнэр аплаціў з сакрэтнага рахунку аўстрыйскага НАК у Raiffeisenbank – так званай «чорнай касы». Вальнэр казаў, што дзейнічаў у інтарэсах аўстрыйскай эканомікі. Невядома, ці сапраўды звязаныя гэтыя факты, але пасля адпачынку Лукашэнкі ў Беларусь пачаў прыходзіць аўстрыйскі бізнес – у тым ліку і Raiffeisenbank. Хаця ўласна бізнес Вальнэра – ягоная сетка казіно – ў Беларусі не з’явіўся.

Крыніца – rbinternational.com

У 2012 годзе суд у Вене пакараў 5 гадамі пазбаўлення волі былога генеральнага сакратара алімпійскага камітэту Аўстрыі Гайнца Юнгвірта як раз па справе аб махінацыях з «чорнай касай» ў банку Raiffeisen. На судзе ў тым ліку фігуравала і аплата адпачынку Лукашэнкі і ягонай світы. Юнгвірт лічыўся лабістам Лукашэнкі, ён жа прымаў дэлегацыю на чале з кіраўніком Беларусі. Што тычацца Вальнэра, то ён праходзіў па справе як сведка.

Вена дапамагла Лукашэнку скасаваць санкцыі

Лукашэнка, 2018 год. Фота – president.gov.by

Лічыцца, што Аўстрыя згуляла ледзь не вырашальную ролю ў скасаванні санкцыяў супраць уладаў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2015 года.

«Яны (Аўстрыя – заўв. belsat.eu) занялі прынцыповую пазіцыю, выказаліся за тое, каб спыніць гэты несправядлівы, неэфектыўны працэс, у якім Еўразвяз сам заграз. Я думаю, што пазіцыя Аўстрыі ў гэтым сэнсе стварыла новую якасць стасункаў. За пазіцыяй Аўстрыі стаяла меркаванне бізнес-супольнасці», – сцвярджаў у 2016 годзе тагачасны амбасадар Беларусі ў Аўстрыі Валер Варанецкі.

Пазней Лукашэнка таксама казаў пра «вялізарную ролю» Аўстрыі ў нармалізацыі стасункаў Беларусі і ЕЗ.

Аўстрыйскі бізнес не баіцца Беларусі

Аўстрыя ўваходзіць у лік самых буйных еўрапейскіх інвестараў у Беларусі. У Беларусі зарэгістравана 83 прадпрыемства з аўстрыйскім капіталам, а таксама 20 прадстаўніцтваў аўстрыйскіх кампаніяў. Напрыклад, Raiffeisen Bank International валодае «Прыорбанкам», Telekom Austria AG – аператарам Velcom. Беларуская сістэма платных дарог BelToll была распрацавана аўстрыйскай кампаніяй Kapsch TrafficCom AG. Аўстрыйскія інвестыцыі ў Беларусь у 2018 годзе склалі $ 296,7 млн., з іх наўпроставыя – $ 75 млн. Праўда, дынаміка тут не найлепшая – яшчэ ў 2014-м гэтыя лічбы былі $ 526,2 і $ 194,3 мільёна адпаведна.

Таваразварот двух краінаў таксама застаецца невялікім. Паводле Белстату, у 2018 годзе таваразварот Беларусі і Аўстрыі склаў амаль $ 171,5 млн, што на 3,4% менш за паказнік 2017 года. Адмоўнае сальда для Беларусі склала больш за $ 114,5 млн. І гэта пры тым, што яшчэ ў 2013-м таваразварот Беларусі і Аўстрыі быў амаль у два разы вышэйшы за цяперашні – $ 375,5 млн. Беларусь экспартуе ў Аўстрыю ў асноўным нафтапрадукты, калійныя ўгнаенні і прадукцыю дрэваапрацоўцы. Аўстрыя ў Беларусь – высокатэхналагічнае абсталяванне, фармацэўтычная прадукцыя і апаратура сувязі.

Курц прыездзе ў Менск трэці раз за 4 гады

Лукашэнка і Курц, 2015 год. Фота – president.gov.by

Трэба прызнаць, што палітычныя кантакты афіцыйнага Менску з Аўстрыяй адбываюцца больш інтэнсіўна, чым з большасцю краінаў Еўразвязу. Цяперашні канцлер Курц не ўпершыню наведае Менск. Ён ужо двойчы асабіста сустракаўся з Лукашэнкам у 2015-м і 2017-м – у якасці старшыні АБСЕ і міністра замежных справаў Аўстрыі. Летась у чэрвені Беларусь наведваў і аўстрыйскі прэзідэнт ван дэр Бэленам (рэальная ўлада ў Аўстрыі, праўда, належыць ураду, а не прэзідэнту). У 2015 годзе Лукашэнка таксама сустракаўся з з прэзідэнтам Палаты эканомікі і першым намеснікам старшыні Нацыянальнай рады Аўстрыі Карлхайнцам Копфам. Першыя асобы МЗС Беларусі ў сваю чаргу неаднаразова праводзілі перамовы з калегамі з аўстрыйскага МЗС.

Лукашэнка і прэзідэнт Аўстрыі ван дэр Бэлен, 2018 год. Фота – president.gov.by

Сам Лукашэнка, дарэчы, наведваў Аўстрыю не толькі, каб пакатацца на лыжах – у красавіку 1996 года ў Вене ён прымаў удзел у міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай Чарнобыльскай катастрофе. Тады ўсё было афіцыйна – Лукашэнка яшчэ не лічыўся «апошнім дыктатарам Еўропы» і не знаходзіўся пад санкцыямі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў