Скандальна вядомы «Бульбаш-хол» у Курапатах адкрыецца ўжо праз месяц, – крыніца


Комплекс адпачынку ля ўрочышча Курапаты, вядомы пад назвай «Бульбаш-хол», рыхтуюць да адкрыцця. Як паведаміла крыніца belsat.eu, «здача аб’екта» адбудзецца ў студзені 2018 году.

Здымаючы сюжэт ля месца сталінскіх расстрэлаў у Курапатах, нашыя карэспандэнты заўважылі, што на тэрыторыі калісьці закінутага комплексу вядуцца актыўныя працы: рабочыя абкладаюць цэглай трубы печаў на доміках для гасцей, наводзяць парадак на ўчастку. Ахоўнік, які адразу ж падышоў да здымачнай групы «Белсата», распавёў: аб’ект будзе канчаткова здадзены ўжо ў студзені.

Так званы “Бульбаш-хол” сёння. Фота – Ірына Арахоўская
Рабочыя абкладаюць цэглай трубы печаў так званага “Бульбаш-холу”. Фота – Ірына Арахоўская

Каб даведацца, ці сапраўды комплекс адкрыецца ў наступным месяцы, мы паспрабавалі звязацца з яго ўласнікам.

Восенню 2012 года ў пашпарце аб’екту ў якасці заказчыка будоўлі фігуравала кампанія «БелРестИнвест», а інтэрнэт-старонка будучага «Бульбаш-холла» з’явілася на сайце холдынгу «Наша рэстаранная група» (ТАА «Белновотекс груп»).

«Наша рэстаранная група» валодае шэрагам фешэнебельных рэстаранаў у Менску – «Гранд Кушавель», The View, барам AnyTime. Аднак пра ўласнікаў гэтага бізнесу амаль нічога не вядома. Адзіная згадка пра дырэктара «Белновотекс груп» Алега Вараб’ёва ў адкрытых крыніцах – гэта ягоны кароткі каментар спецыялізаванаму сайту a1development.by наконт асаблівасцяў рэстаратарскай справы.

Так званы “Бульбаш-хол” сёння. Фота – Ірына Арахоўская

Журналісты belsat.eu патэлефанавалі ў «Белновотекс груп», але атрымалі там супярэчлівыя адказы на свае пытанні. Спачатку прадстаўнік кампаніі пацвердзіла, што комплекс на 51-м кіламетры МКАД каля Курапатаў належыць «Белновотекс груп».

«Але назва там іншая. «Бульбаш-хол» – гэта СМІ прыдумалі», – адзначыла жанчына і папрасіла патэлефанаваць пазней, калі прыйдзе менеджар па маркетынгу.

Калі ж belsat.eu патэлефануе ў наступны раз, то ўжо іншая прадстаўніца адназначна заявіць, што «Белновотекс груп» не мае ніякага дачынення да гэтак званага «Бульбаш-холу». Яна таксама адмовілася спалучыць нас з кіраўніцтвам кампаніі.

Цікава, што «БелРестИнвест» і «Белновотекс груп» зарэгістраваныя па аднолькавым юрыдычным адрасе – Менск, завулак Казлова 5А (адрозніваюцца толькі кабінеты). Абедзве кампаніі таксама фігуруюць у адным з дакументаў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ў якасці арганізатараў рэкламнай гульні. Можна дапусціць, што гэтыя кампаніі шчыльна звязаныя паміж сабой, аднак дакладны фармат іх сувязяў застаецца незразумелым.

Так званы “Бульбаш-хол” сёння. Фота – Ірына Арахоўская

Мы патэлефанавалі і ў «БелРестИнвест», каб удакладніць, ці правільная інфармацыя пра адкрыццё комплексу ў студзені. Набраўшы прыватны нумар генеральнага дырэктара кампаніі Андрэя Ярмоленкава, мы запыталі ў яго пра акалічнасці. Адзначым, што Ярмоленкаў – фігура непублічная, як і дырэктар «Белновотекса».

«Так, я ўласнік гэтага аб’екта на 51-м кіламетры. Але я здаю яго ў арэнду прадпрыемству ТАА «Анісбел». Я цяпер увогуле займаюся толькі тым, што свае аб’екты здаю ў арэнду. А ці плануюць яны адкрыцца ў студзені – не ведаю, гэта ўжо не мая справа», – заявіў Ярмоленкаў.

Ён дадаў, што «прадстаўляе замежнага інвестара», які ўклаў грошы ў «Бульбаш-хол», але краіну паходжання інвестыцый не назваў. Паводле слоў Ярмоленкава, пасля скандалу вакол будаўніцтва комплексу, замежныя бізнесоўцы «больш свае грошы ў гэтае месца ўкладваць не хочуць».

«Змарнавалі 5 гадоў… Гарантам у перамовах выступала дзяржава, я прадстаўляў інтарэсы замежнікаў. Ну калі яны прыехалі і ўклалі грошы ў бізнес, то не будуць жа яны калупацца ў гэтай зямлі! Ведаеце, там нічога не было ўвогуле да вайны, звычайная багна! Ёсць гістарычныя дакументы», – расхваляваўся гендырэктар.

Каментуючы нядаўнюю абарону Курапатаў – лагер актывістаў, якія ў лютым супрацьстаялі будаўніцтву іншага комплексу праз дарогу – Ярмоленкаў сказаў:

«Нейкія ідыёты каталіся па зямлі… Крыжы побач з комплексам стаяць? Дык іх жа незаконна там паставілі».

Кіраўнік ТАА «Анісбел» заявіла журналістам belsat.eu, што нічога не чула пра нейкі аб’ект на 51-м км МКАД і яны ўвогуле нічога не арандуюць. «Анісбел» валодае маленькім барам на станцыі метро «Усход» у Менску і крамай садавіны непадалёк – маштабы, непараўнальныя з «Бульбаш-холам».

Так званы “Бульбаш-хол” сёння. Фота – Ірына Арахоўская

***

Скандал вакол будаўніцтва «Бульбаш-холу» распачаўся восенню 2012 года, калі грамадскія актывісты даведаліся пра тое, што рэстаранны комплекс з’явіцца наўпрост побач з курапацкімі крыжамі. Прадстаўнікі грамадскасці сцвярджалі, што забудоўшчык парушыў заканадаўства – будынкі былі ўзведзены на тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў. З гэтым пагадзілася Генеральная пракуратура Беларусі: напрыканцы 2012 года ў Менаблвыканкам было накіраванае прадстаўленне аб «ліквідацыі парушэнняў заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчына» – гаворка ішла аб зносе будынкаў. Але будынкі так і не знеслі – будоўлю проста закансервавалі.

А ў 2013-2014 гг. камісія Міністэрства культуры прынялі шэраг рашэнняў аб скарачэнні межаў ахоўнай зоны Курапатаў – фактычна межы былі скарэктаваны як раз пад «Бульбаш-хол» (забудова была выведзена з ахоўнай зоны). У СМІ некалькі разоў з’яўлялася інфармацыя, што «Бульбаш-хол» (няхай і пад іншай назвай) хутка распачне сваю працу, але ні ў 2015-м, ні ў 2016-м гэтага не адбылося.

Belsat.eu працягне сачыць за сітуацыяй вакол адкрыцця комплексу ля ўрочышча Курапаты.

Кацярына Андрэева, Ігар Ільяш, belsat.eu. Фота і відэа – Ірына Арахоўская

Стужка навінаў