Скандалаў на «Лістападзе-2019» пакуль не чакаецца

Звычайна фэсты хваляцца колькасцю сусветных кінапрэмʼераў, а таксама велічынёй кінарынку. Арганізатары 26-га Менскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» Анжаліка Крашэўская і Ігар Сукманаў распавялі пра прэм’еры, якія ўжо неўзабаве адбудуцца ў Менску, а таксама падзяліліся звесткамі пра бюджэт імпрэзы.

Сяргей Філімонаў. Колькі сусветных прэмʼераў на «Лістападзе-2019»?

Ігар Сукманаў. На такія прэмʼеры мы не робім акцэнту. Так, ёсць шмат свежых замежных карцінаў, але ўласна «сусветныя прэмʼеры» ёсць толькі ў спісе Нацыянальнага конкурсу… Адзін з фільмаў гэтага конкурсу з назвай «1986» выклікаў спрэчкі ў назіральнікаў, бо яго знялі нямецкія кінематаграфісты. Праўда, з удзелам беларусаў.

Прэс-канферэнцыя напярэдадні старту імпрэзы. Фота belsat.eu

СФ. Ці існуе на Менскім фестывалі кінарынак?

Анжаліка Крашэўская. Яшчэ не, гэта для арганізатараў толькі мара. Бо беларусам пакуль няма чым гандляваць. Хоць разнастайныя сумесныя з кінематаграфістамі з розных краін праекты выклікаюць надзею на лепшую будучыню.

СФ. Якія выдаткі нясуць арганізатары, бо запланавана паказаць каля 150 фільмаў з паўсотні краін свету?

Агульная валавая сума выдаткаў, практычна ўсё, нават тое, што зрабілі бясплатна, каля 450 тысяч долараў, – падкрэсліла Анжаліка Крашэўская, дырэктарка фестывалю. – Напрыклад, на фестывалі ў Карлавых Варах бюджэт перавышае 2,5 мільёна еўраў. У «Лістапада» вельмі сціплая сума, таму даводзіцца эканоміць на кожным кроку.

Праграмны дырэктар «Лістападу» Ігар Сукманаў. Фота belsat.eu

Праграмны дырэктар «Лістападу» Ігар Сукманаў слушна дадаў: «У нас была магчымасць запрасіць, напрыклад, Жульет Бінош, але за гэтыя грошы мы маглі прывезці 20 невялікіх творчых груп з розных краін з іх экзатычнымі або незвычайнымі фільмамі. Натуральна, мы абралі другое. Бо калі хочаш стварыць фестывальную атмасферу за невялікі бюджэт варта адмовіцца ад яскравых зорак».

У параўнанні са старымі часамі «Лістапад» моцна вырас. Акрамя конкурсных праграм ігравога, нацыянальнага і дакументальнага кіно, абяцаюць «спецпаказы» і розныя пазаконкурсныя праграмы «па інтарэсах». Тут можна будзе ўбачыць вялікую колькасць фільмаў з еўрапейскіх краін. Такіх, якія наўрад ці калі-небудзь патрапяць у кінапракат, і не будуць запампаваныя ў інтэрнэт.

Ірына Дрыга, былая намесніца міністра культуры. Фота – Ірына Арахоўская

Па чутках, у 2018 годзе экс-намесніца міністра культуры Ірына Дрыга, ультыматыўна загадала прыбраць з фестывалю некалькі фільмаў. У тым ліку карціну Андрэя Куцілы «Стрыптыз і вайна» аб рэальным стрыптызёры, які палемізуе пра жыццё і пра самавыяўленне са сваяком ветэранам вайны. Або фільм «Мая бабуля з Марса» Аляксандра Міхалковіча, трагікамедыю пра жыццё ў сучасным акупаваным Расеяй Крыме. Разгарэўся скандал. Некалькі ўдзельнікаў у знак пратэсту знялі свае фільмы з паказаў.

У гэтым годзе падобных спрэчак паміж Міністэрствам культуры і Арганізатарамі фестывалю няма. Ці мы пра іх не ведаем нічога. Склад міністэрскіх чыноўнікаў, якія адказваюць за кіно, практычна цалкам змяніўся. Больш за тое, забароненыя ў мінулым годзе фільмы цяпер пакажуць гледачам! А Андрэяй Куціла ў конкурснай праграме дакументальных фільмаў прэзентуе сваю новую стужку «Summa» (фільм зроблены пры падтрыманні тэлеканалу «Белсат») аб сяброўстве старога польскага мастака і юнай беларускай мастачкі.

Першы Менскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» прайшоў у 1994 годзе. Сёлета фестываль стартуе 1-га і завершыцца 8-га лістапада.

Сяргей Філімонаў belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў