Скандал у берасцейскім «Дынама»: клуб развітваецца з трыма вядучымі футбалістамі


Пра берасцейскае «Дынама» зноў загаварылі. Калі на пачатку тыдня клуб прыцягнуў увагу прыездам Дыега Марадоны, то зараз здарыўся гучны скандал. Тры гульцы каманды парушылі спартовы рэжым і цяпер вымушаныя шукаць новую працу.

Гаворка ідзе пра скандальна вядомага Арцёма Мілеўскага , капітана каманды Аляксея Гаўрыловіча і лепшага бамбардзіра чэмпіянату краіны Паўла Савіцкага. Што менавіта зрабілі гульцы, у «Дынама» сказаць адмовіліся, але імаверна штосьці вельмі сурʼёзнае, што не дае магчымасць працягнуць працаваць з трыма вядучымі гульцамі клубу.

«Мы ўсе ў шоку, вельмі шкада, што так адбылося, але вымушаныя развітацца з хлопцамі, – заявіла ў размове з belsat.eu прэс-сакратар «Дынама» Вольга Хіжанковай. – Шкада і крыўдна, што так здарылася, але абставінах якія склаліся, мы не можам працягнуць супрацу».

Нагадаем, што Мілеўскі прыйшоў у клуб з Берасця роўна год таму, за гэты час 33-гадовы футбаліст выйграў Кубак і Суперкубак Беларусі. На гэты момант Арцём з’яўляецца лепшым асістэнтам чэмпіянату Беларусі – ён зрабіў сем галявых перадач.

24-гадовы нападаючы Павел Савіцкі – найлепшы гулец чэмпіянату Беларусі, з дзевяццю забітымі мячамі ён найлепшы бамбардзір чэмпіянату краіны. Малады форвард стаў першым набыццём «Дынама» у гэтым сезоне. Гульца хацеў бачыць у сваіх шэрагах БАТЭ, але Павел абраў Берасце. Былы клуб Савіцкага гарадзенскі «Нёман» атрымаў 200 тысяч долараў кампенсацыі. Шмат для «Дынама» значыў і яго капітан – 28-гадовы цэнтральны абаронца Аляксей Гаўрыловіч.

Але цяпер клубу давядзецца кардынальна абнавіць склад і навучыцца жыць і гуляць без гэтых хлопцаў. Думаецца, Гаўрыловіч, Мілеўскі і Савіцкі без праблем знойдуць новыя клубы, вось толькі ці будуць яны настолькі перспектыўныя ў плане развіцця карʼеры як берасцейскае «Дынама» – гэта вялікае пытанне.

АС, belsat.eu

Стужка навінаў