Скальпель з нябёсаў: калі і як нарадзіліся ПДВ у свеце і ў Беларусі


Кожны год 2 жніўня ў вялікіх беларускіх гарадах у цэнтры збіраюцца маладыя хлопцы і ўжо даволі пажылыя мужчыны ў блакітных берэтах і цяльняшках, адбываюцца імпрэзы з удзелам вайскоўцаў і тэхнікі Паветрана-дэсантных войск Рэспублікі Беларусь.

Як жа ўзніклі гэтыя войскі, і ў які дзень лепш святкаваць свята «лятучай пяхоты»?

У бой – з аблокаў?

Ідэя паветрана-дэсантных войскаў – то бок падраздзяленні, якія перавозяцца на самалётах і «скідваюцца» перад уступленнем у бой з паветра (звычайна, на парашутах) – узнікла яшчэ ў XVIII стагоддзі. Тады слынны дзеяч амерыканскай Вайны за незалежнасць Бэнджамін Франклін напісаў:

«Пяць тысячаў паветраных шароў, у кожным з якіх можа быць 2 чалавекі, будуць каштаваць не больш за пяць лінейных баявых караблёў. І дзе знойдзецца кароль, каторы зможа знайсці дастаткова войскаў, каб абараніць усю сваю краіну ад 10 тысячаў чалавек, якія могуць спусціцца з аблокаў у любым месцы?»

Вучэнні сучасных беларускіх Сіл спецыяльных аперацый. Фота Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь

Аднак да рэалістычных планаў выкарыстання авіяцыі ў такіх мэтах дайшло толькі тады, калі распрацавалі дастаткова надзейныя самалёты і парашуты – падчас Першай сусветнай вайны. Планавалася скінуць некаторыя падраздзяленні амерыканскіх войскаў у нямецкі тыл на парашутах у лютым 1919 году. Але вайна скончылася ў лістападзе 1918-га.

Першыя лідары

Лідарамі ў развіцці ПДВ сталі фашыстоўская Італія, сталінскі СССР і нацысцкая Нямеччына – краіны, якія разлічвалі на хуткі перадзел свету. У 1927 годзе італьянцы правялі першы масавы паветраны дэсант. У 1929 годзе ў Таджыкістане з паветра высадзілі групу чырвонаармейцаў, якія ўдзельнічалі ў баі з мясцовымі паўстанцамі. У 1938 годзе была створана першая савецкая паветрана-дэсантная брыгада.

Аднак Дзень савецкіх ПДВ не быў звязаны з баямі – ён прызначаны на 2 жніўня ў гонар масавай высадкі дэсантнікаў на вучэннях 1930 года пад Варонежам.

Кадр з хронікі 1930-ых. Савецкія парашутысты на самалёце ТБ-3

Немцы ж прадэманстравалі сваё лідарства ў аперацыях першых гадоў Другой сусветнай вайны – дэсантнікі захоплівалі ключавыя масты, цэлыя крэпасці і нават стратэгічна важную выспу Крыт. Аднак чым далей, тым болей, савецкія, нямецкія і італьянскія парашутысты выкарыстоўваліся ў баях проста як вельмі добра ўзброеная і падрыхтаваная пяхота. У выніку, напрыклад, у 1944 годзе ўсе савецкія дывізіі і амаль усе брыгады ПДВ былі пераведзеныя ў гвардзейскую, але звычайную армейскую пяхоту.

Халодная вайна і незалежнасць Беларусі

Выбух войнаў і лакальных канфліктаў у Афрыцы, Азіі, Паўднёвай Амерыцы, атамнае супрацьстаянне NATO і СССР прывялі да ўзлёту інтарэсу вайскоўцаў і палітыкаў, мабільных войскаў і сіл спецыяльнага прызначэння.

СССР зноў, як і ў міжваенны перыяд, займеў самыя вялікія па колькасці жаўнераў дэсантныя войскі ў свеце – аж да 9 дывізіяў з уласнай бранятэхнікай, авіяцыяй і артылерыяй. У ЗША ў той жа час іх было не больш за 2-3.

На свяце ПДВ у Горадні ў 2016 годзе.
Фота: «Белсат»

У Беларусі былі сфармаваныя брыгады, аб’яднаныя ў Сілы спецыяльных аперацый Рэспублікі Беларусі. Зараз гэта 38-я асобная гвардзейская дэсантна-штурмавая брыгада (г. Берасце), 103-я асобная гвардзейская паветрана-дэсантная брыгада (г. Віцебск) і 5-я асобная брыгада спецыяльнага прызначэння (г. Марʼіна Горка).

Яны дагэтуль святкуюць 2 жніўня як сваё свята, і ў гэтым ёсць свая логіка – бо вядуць радавод ад ПДВ СССР. Аднак ці ёсць менавіта беларускія альтэрнатывы?

Фота + Відэа
Дзень ПДВ у Горадні: без фантанаў, затое з Пагоняю
2016.08.02 15:28

Ёсць!

Менавіта асобныя беларускія ўзброеныя дэсантныя фармаванні ўзніклі падчас Другой сусветнай вайны – і ваявалі яны супраць бальшавікоў. 8 чэрвеня 1941 году беларускія дыверсанты прынялі прысягу на вернасць Беларусі і літаральна праз два тыдні ўжо высадзіліся з неба ў тыле савецкіх войскаў. Гэта можа камусьці падабацца ці не, але гэта гістарычны факт стварэння і баявога выкарыстання першага беларускага паветрана-дэсантнага фармавання.

Вучэнні сучасных Сіл спецыяльных аперацый Рэспублікі Беларусь.
Фота: Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь

А камандаванне Сіл спецыяльных аперацый Рэспублікі Беларусь было створанае 1 жніўня, а не 2-га. Таксама – варыянт для святкавання дарэчы.

belsat.eu

Hавiны
Фатографы «загналі дэсантуру» у фантан. Сталічны міліцыянт прыгразіў пратаколам
2018.08.02 18:04
Стужка навінаў