СК зноў расследуе «кветкавую справу» у Віцебску


Супраць жанчыны і яе дачкі, якія сарвалі кветкі з клумбы ў Віцебску, аднавілі крымінальную справу.

У снежні крымінальная справа ў дачыненні да жанчыны і яе дачкі была прыпыненая, ім пагражала толькі адміністратыўная. Аднак у студзені галоўнай фігурантцы паведамілі, што папярэдняе следства па справе аднавілі.

У лісце, які жанчына атрымала са Следчага камітэта, паведамляецца, што 4 студзеня намеснік пракурора горада Віцебска адмяніў у дачыненні да яе і дачкі пастанову аб спыненні крымінальнага пераследу.

«Папярэдняе следства адноўлена», – гаворыцца ў паведамленні.

Нагадаем, 26 кастрычніка 2017 года каля дома № 8 на вуліцы Медыцынскай ў Віцебску мама з 15-гадовай дачкой сарвалі з клумбы 25 кветак ачытку. Гэта заўважыла жыхарка першага паверха, пад вокнамі якой усё адбывалася. Жанчына зняла «акт вандалізму» на камеру і напісала заяву ў міліцыю. Калі міліцыя правяла праверку, матэрыял паступіў з пракуратуры Віцебска ў следства. Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па факце рабавання, здзейсненага групай асобаў.

Пасля рэзанансу ў СМІ вакол гэтай гісторыі следства спынілася – як вырашылі ў СК, з-за «малазначнасці» справы. Пры гэтым матэрыялы перадалі ў міліцыю, каб прыцягнуць Аксану і яе дачку да адказнасці за адміністратыўнае правапарушэнне.

Раней жанчына казала, што кампенсуе кошт кветак (не больш за 4 рублі), але пасля ад сваіх словаў адмовілася.

КА, belsat.eu, паводле TUT.BY

 

Глядзі таксама
Каментары