Людзі «здавалі ў арэнду» частку жорсткага дыску, але бізнес аказаўся банальнай «пірамідаю»


Следчыя ўпраўлення Следчага камітэта па Менску абвесцілі аб завяршэнні расследавання дзейнасці фінансавай піраміды на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Дзейнасць структуры яшчэ ўвосень 2016 года спынілі супрацоўнікі КДК.

У СК адзначаюць, што 25-гадовы ўраджэнец Пінска ў перыяд са студзеня 2015 па верасень 2016 года кіраваў беларускай сеткай кампаніі «KairosTechnologiesLTD», якая займалася «нелегальным прыцягненнем грашовых сродкаў насельніцтва».

«Грамадзяне падавалі частку жорсткага дыска ў арэнду і аплачвалі ўступны ўзнос – ад 125 да 2777 долараў ЗША. Пасля гэтага ўкладчыкі атрымлівалі штомесячны даход у памеры 20 працэнтаў ад унесенай сумы нібыта за захоўванне зашыфраванай інфармацыі буйных карпаратыўных кліентаў. Пры гэтым выплаты ажыццяўляліся за кошт новых «інвестараў» кампаніі», – сцвярджаюць у СК.

Офіс арганізацыі зарэгістраваны ў Вялікай Брытаніі, а непасрэдныя куратары беларускага лідара працавалі ва Украіне, адзначаюць у СК. Мяркуючы па ўсім, куратарам у СК лічаць Аляксея Кеда – паводле інфармацыі ў інтэрнэце, менавіта ён кіруе бізнэсам «KairosTechnologiesLTD» ва Украіне.

Праваахоўнікі адзначаюць, што сетка структуры падследнага налічвала 108 ўкладчыкаў, сумарны даход склаў звыш 320 000 рублёў.

«Падчас праверкі дачыненне іншых асоб, якія займалі ніжэйстаячыя прыступкі ў іерархіі, да заведама супрацьпраўнай дзейнасці не знайшла свайго пацверджання», – адзначаюць у СК.

25-гадоваму беларусу прад’яўленае абвінавачванне па ч. 3 арт. 233 (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Ён знаходзіцца пад вартай, на ягоную маёмасць накладзены арышт.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары