СК затрымаў трох пратэстоўцаў за блакаванне дарогі ў Менску. Двум з іх – 17 гадоў


Інцыядэнт на Ангарскай.
Фота: sk.gov.by

Следчы камітэт заявіў пра выяўленне падазроных у блакаванні дарогі на вуліцы Пляханава ў Менску.

Паводле СК, 13 кастрычніка каля 22:00 група людзей заблакавала рух транспарту на скрыжаванні праспекта Ракасоўскага і вуліцы Пляханава. 27-гадовы і 22-гадовы менчукі, якія ехалі па праспекце на аўтамабілі, спыніліся, каб папрасіць усіх разысціся і спыніць блакаванне. На заўвагу асобы, блакавалі рух, адрэагавалі агрэсіўна, але прапусцілі аўтамабіль.

Як распавёў адзін з людзей у машыне, вярнуліся ў аўтамабіль і пачалі рух, але пачулі ўдар па кузаве. З-за гэтага яны пачалі спрачацца з пратэстоўцамі, а пасля пачалася бойка.

Міліцыянты затрымалі 38-гадовую ўдзельніцу блакавання руху па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) КК. Паводле СК, яна стала ўдзельнічала ў пратэстах, прыцягвалася да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці.

Таксама выяўленыя яшчэ двое ўдзельнікаў бойкі: 17-гадовыя навучэнцы менскіх каледжаў. Усім падазраваным выставілі абвінавачванні за ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак. Падлеткі таксама падазраваныя паводле ч. 3 арт. 339 КК (асабліва злоснае хуліганства).

Іх заключылі пад варту. Сілавікі шукаюць іншых удзельнікаў блакавання дарогі і бойкі.

Пра аднаго з падазраваных паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». 17-гадовага Максіма Бабіча затрымалі 19 кастрычніка каля 7.30 раніцы, калі ён выходзіў з пад’езда і накіроўваўся на вучобу ў Менскім дзяржаўным аўтамеханічным каледжы. Хлопца павезлі ў Ленінскае РУУС Менску. Допыт над ім адбыўся толькі ў 16:00, што адбывалася з ім да гэтага – невядома.

Максім Бабіч.
Фота: sping96.org

Зараз ён пад арыштам, знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна. Блізкія Максіма падавалі хадайніцтва аб абранні іншай меры стрымання, але яго адхілілі. У хлопца парок сэрца.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў