СК затрымаў двух функцыянераў Ліберальна-дэмакратычнай партыі


Аршанскія следчыя расследуюць справу аб махлярстве. Сярод фігурантаў – кіраўнік Віцебскай абласной арганізацыі Ліберальна-дэмакратычнай партыі і ягоны намеснік.

Учора пра затрыманне ў кіраўніцтве партыі паведаміў TUT.by, сёння гэтую інфармацыю пацвердзілі ў Следчым камітэце.

«Асноўнымі фігурантамі з’яўляюцца мужчына (паводле матэрыялаў справы – старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі) і жанчына (дырэктар ТАА). Акрамя таго, па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства затрыманыя яшчэ двое мужчын (абодва беспрацоўныя, адзін з іх, паводле матэрыялаў справы, – намеснік старшыні Віцебскай абласной арганізацыі Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі)», – адзначаецца ў прэс-рэлізе СК.

Падазраваныя абяцалі вырашыць пытанні па змякчэнні пакарання для былога дырэктара Аршанскага авіярамонтнага заводу Уладзіміра Траецкага, якога сёлета ў лютым прысудзілі да 4 гадоў пазбаўлення волі за «злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі». За гэта яны запатрабавалі ў жонкі асуджанага $ 8 тыс., калекцыю памятных манетаў з золата і срэбра, а таксама ювелірныя вырабы агульным коштам каля 40 тыс. рублёў, паведамляюць у СК. Аднак нават не збіраліся выконваць тое, што абяцалі.

У кватэрах падазраваных праведзеныя ператрусы, накладзены арышт на іх маёмасць.

Паводле TUT.by, галоўны фігурант справы, кіраўнік віцебскай арганізацыі ЛДП – Сяргей Ярмыкін. Ён таксама зʼяўляецца намеснікам старшыні партыі. Цяпер імя Ярмыкіна прыбралі з сайту ЛДП.

У 2015 годзе Ярмыкін быў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Сяргея Гайдукевіча (старшыня ЛДП). Падчас выбарчай кампаніі ён казаў, што Гайдукевіч – гэта адзін, хто можа пазмагацца з Аляксандрам Лукашэнкай, заклікаў не дапусціць Майдану ў Беларусі і крытыкаваў дэмакратычную апазіцыю.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў