СК выставіў абвінавачанні пратэстоўцам, якія нібыта пашкодзілі аўтамабілі ДАІ


Пратэстоўцы заблакавалі аўтамабіл ДАІ Фота: sk.gov.by

Следчы камітэт скончыў расследаванне крымінальных справаў у дачыненні 33-гадовага і 42-гадовага мужчынаў, паведамляе прэс-служба ўстановы. Абодвух абвінавачваюць ва ўдзеле ў беспарадках і пашкоджанні службовых аўтамабіляў.

Як сцвярджае СК, увечары 9 жніўня 2020 года аўтамабіль ДАІ з уключанай сірэнай на скрыжаванні менскіх праспектаў Машэрава і Пераможцаў быў заблакаваны пратэстоўцамі, якія выйшлі на праезную частку. Гэтыя дзеянні нібыта «суправаджаліся ўдарамі па машыне рукамі, нагамі ды разнастайнымі прадметамі». Пазней 33-гадовага менчука затрымалі за ўдзел у гэтай сутычцы.

Уначы з 9 на 10 жніўня падобная сітуацыя адбылася на скрыжаванні вуліцаў Багдановіча, Купалы і Старажоўскай. Паводле звестак следства, 42-гадовы мянчук разам з іншымі пратэстоўцамі заблакаваў аўтамабіль ДАІ, а таксама некалькі разоў ударыў па кузаве.

У абодвух выпадках шкоду ацанілі больш як на 2000 рублёў. Мужчынаў узялі пад варту. Ім прад’явілі абвінавачанні паводле ч. 1 сумнавядомага арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак), а таксама ч. 1 арт. 218 (наўмыснае пашкоджанне маёмасці, якое пацягнула шкоду ў значным памеры) і арт. 364 (пагроза гвалту ў дачыненні супрацоўнікаў праваахоўных органаў) Крымінальнага кодэксу.

Агулам абвінавачаныя могуць атрымаць да 9 гадоў пазбаўлення волі і 2 гады хіміі.

Колькасць беларускіх палітвязняў дасягнула 187 чалавек. Агулам падчас выбарчай кампаніі ды пасля яе заведзена каля 900 крымінальных справаў, што так інакш датычаць пратэстаў.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў