СК распачаў крымінальную справу супраць «Пятага элементу»


Следчае ўпраўленне УСК па Менску расследуе крымінальную справу, узбуджаную па факце ўхілення ад выплаты сум падаткаў ЗАТ «Паціа» па арт. 243 Крымінальнага кодэкса, паведамляе прэс-служба ведамства ў Telegram.

«У рамках расследавання праводзяцца неабходныя следчыя дзеянні, у тым ліку ўчора па даручэнні следчага органам дазнання праведзены ператрус у памяшканні арганізацыі і канфіскацыя першаснай бухгалтарскай дакументацыі. У рамках расследавання прадстаўнікі арганізацыі не затрымліваліся», – адзначана ў паведамленні.

У ведамстве не раскрываюць іншыя дэталі справы. У аўторак, 11 чэрвеня, у галаўны офіс групы кампаніяў «Паціа», якая кіруе сеткай магазінаў бытавой тэхнікі і электронікі «5 элемент», прыйшлі сілавікі.

Артыкул 243 Крымінальнага кодэкса Беларусі («Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў») прадугледжвае пакаранне ад штрафу да пазбаўлення волі на тэрмін да 7 гадоў – у залежнасці ад памеру нанесенай шкоды.

Сёння рытэйлер налічвае больш за 50 крамаў. Кіраўніцтва кампаніі для каментароў пакуль недасяжнае.

КА belsat.eu, паводле tut.by

Глядзі таксама
Каментары