СК распачаў крымінальную справу супраць удзельнікаў страйку на БМЗ


Следчым упраўленнем УСК па Гомельскай вобласці 2 лістапада была распачата крымінальная справа па ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса ў дачыненні чацвярых работнікаў ААТ «БМЗ – кіроўная кампанія холдынгу «БМК».

Пра гэта паведамляецца ў прэс-рэлізе Следчага камітэту.

Падставай для крымінальнага пераследу стаў жнівеньскі страйк на заводзе.

«Паводле следства, 17 жніўня гэтага года на тэрыторыі прадпрыемства група агрэсіўна настроеных грамадзянаў з ліку работнікаў прадпрыемства і іншых асобаў спыніла рух тэхналагічнага транспарту, які ажыццяўляў дастаўку сыравіны ў сталеплавільныя цэха, што прывяло да парушэння працы заводу і прычыненні шкоды», – кажуць у СК.

Для расследавання страйку на БМЗ створана следчая група. Як адзначаюць у СК, у ходзе даследчай праверкі былі апытаныя звыш за 100 грамадзянаў, агледжаны запісы відэакамер на тэрыторыі прадпрыемства, а таксама відэазапісы, размешчаныя ў сетцы Інтэрнэт.

Паводле СК, следства ўжо знайшло «арганізатараў і актыўных удзельнікаў несанкцыянаванага мерапрыемства, у дзеяннях якіх маюцца прыкметы складу злачынства».

СК таксама апублікавала відэа, дзе адзін з фігурантаў справы кажа, што шкадуе, што ўдзельнічаў у пратэстах.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў