СК пра смерць інспектара ДАІ: «Зразумела, што бацькам цяжка змірыцца, што іхнае дзіця скончыла жыццё самагубствам»


Кіраўнік Следчага камітэту Іван Наскевіч заявіў, што самагубства надалей застаецца прыярытэтнай версіяй у расследаванні прычынаў смерці магілёўскага інспектара ДАІ.

Нагадаем, што бацькі Яўгена Патаповіча не вераць у афіцыйную версію следства і хочуць правесці эксгумацыю цела сына.

«Да нас бацькі з просьбай аб эксгумацыі не звярталіся, – заявіў Іван Наскевіч. – На жаль, у нас ужо былі выпадкі нагнятання абстаноўкі, калі «падбівалі» блізкіх. Зразумела, што бацькам цяжка змірыцца з тым, што іхнае дзіця скончыла жыццё самагубствам».

Аб’ектыў
Яўгеній Патаповіч хацеў помсціць за загінулага сябра
2019.05.28 22:39

Паводле кіраўніка СК, версію аб самагубстве пацвярджаюць экспертызы, праведзеныя ў межах следства.

  • Цела лейтэнанта міліцыі знайшлі 16 траўня каля 20:45 у лясным масіве ў Магілёўскім раёне. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле арт. 362 (забойства супрацоўніка органаў унутраных справаў пры выкананні службовых абавязкаў).
  • Спачатку меркавалася, што да смерці Патаповіча могуць быць датычныя ромы. Перад знікненнем міліцыянт даслаў калегам паведамленне ў Viber.
  • У ноч з 16 на 17 траўня ў пасёлках Чапаеўка і Грабянёва АМАП правёў рэйд і затрымаў некалькі дзясякаў ромаў. Ромы скардзіліся на збіццё і абразы. Міністр Шуневіч вырашыў не прыносіць прабачэнняў за брутальныя дзеянні міліцыі.
  • Раніцай 20 траўня прадстаўнікі Следчага камітэту і Міністэрства ўнутраных справаў правялі брыфінг, на якім заявілі пра тое, што асноўная версія прычыны смерці міліцыянта Яўгена Патаповіча – суіцыд.
  • Пазней у СК патлумачылі, што штаноў на інспектары ДАІ не было, бо загінулы наўмысна спаліў іх з дапамогай вадкасці для распальвання. Таксама Патаповіч нібыта не меў ніякіх раненняў у вобласці пахвіны: кроў на бялізне, паводле СК аказалася там праз позу цела загінулага.
  • Інфармацыя пра выкраданне 22-гадовага інспектара ДАІ Яўгена Патаповіча невядомымі асобамі на чорнай «Волзе» афіцыйна не пацвердзілася, адзначылі ў СК.

ЮВ, belsat.eu, паводле TUT.BY

Стужка навінаў