СК падазрае буйнога рытэйлера ў нясплаце падаткаў, - TUT.BY


Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па падазрэнні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у дачыненні да кампаніі «НП-Сэрвіс», якая належыць бізнесоўцу Івану Беразоўскаму.

Гэтую інфармацыю TUT.BY паведамілі крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй у кампаніі, а ў СК пацвердзілі, што адпаведная справа была распачатая.

«Крымінальная справа ўзбуджаная па ч.2 арт. 243 (Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Сёння, 10 студзеня па даручэнні следчых супрацоўнікамі ГУБАЗіК МУС у межах гэтай крымінальнай справы, у офісных памяшканнях кампаніі былі праведзены працэсуальныя дзеянні – гэта значыць ператрусы », – паведаміў афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэту Беларусі Сяргей Кабаковіч.

«НП-сэрвіс» займаецца дыстрыбуцыяй тавараў харчовай групы, валодае сеткай з больш чым 50 харчовых магазінаў «Хатні» і ўніверсамам «Цэнтральны» ў Менску.

«У пятніцу ў кампаніі, дзе працуе 2,5 тысячы чалавек, арыштавалі рахункі. Сума прэтэнзіяў, наколькі вядома, менш за 1 млн долараў. Гэта мізер для кампаніі, якая столькі падаткаў плаціць менш чым за месяц. Зразумела, што могуць быць падатковыя прэтэнзіі да кампаніі, але не зразумела, навошта паралізоўвалі яе працу, ладзілі маскі-шоў. Тым больш, калі ў мінулым годзе так гучна заявілі пра лібералізацыю і дэкрыміналізацыю ў дачыненні да бізнесу », – пракаментаваў суразмоўца, знаёмы з сітуацыяй.

Беразоўскі займае 61-ю пазіцыю ў топ-200 самых уплывовых бізнесоўцаў Беларусі па версіі выдання «Ежедневник». Паводле інфармацыі СМІ, цяпер ён знаходзіцца ў Лондане.

«НП-Сэрвісу» належыць нерухомасць агульнай плошчай больш за 100 тыс. кв. м. Гадавы абарот кампаніі – больш за 125 млн долараў.

Адной з самых рэзанансных здзелак кампаніі стала атрыманне ўвосень 2014 года кантролю над універсамам «Цэнтральны» у Менску.

КА, belsat.eu

 

 

Стужка навінаў