СК: па справе Коржыча праходзіць 15 чалавек


Следчы камітэт удакладніў колькасць атрыманых і падазраваных па справе аб гібелі жаўнера тэрміновай службы Аляксандра Коржыча. Пра гэта паведаміла афіцыйны прадстаўнік СК Юлія Ганчарова.

«Па стане на 01.11 па крымінальнай справе аб гібелі Коржыча А.А. прад’яўлена абвінавачванне 10 вайскоўцам, яшчэ 5 (сярод іх – адзін афіцэр) знаходзяцца ў статусе падазраваных. Чацвёра падазраваных раней не затрымліваліся, таму пра іх гаворка і не ішоў», – напісала Ганчарова ў Фэйсбуку.

Нагадаем, раней СМІ паведамлялі пра 10 фігурантаў справы Коржыча.

21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча 3 кастрычніка знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Пячах. Труп Коржыча знайшлі са звязанымі шнурком нагамі і надзетай на галаву майкай. Паводле сваякоў і сяброў Аляксандра, хлопец стаў ахвярай дзедаўшчыны: у яго вымагалі грошы, яго білі, над ім здзекваліся і ў выніку забілі, а потым імітавалі самазабойства.

Спачатку ў Мінабароны сцвярджалі, што Коржыч загінуў у выніку суіцыду, а Следчы камітэт адзначыў, што прыкметаў крымінальнага характару смерці жаўнера не назіраецца. Але потым пазіцыя СК змянілася: следчыя распачалі шэраг крымінальных спраў у дачыненні да вайскоўцаў па арт. 443 (дзедаўшчына), 455 (бяздзейнасць улады, што пацягнула цяжкія наступствы), 209 (махлярства) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

У СК сцвярджаюць, што на целе 21-гадовага Коржыча не выяўлена цялесных пашкоджанняў акрамя баразны ад пятлі.

СК разглядае тры версіі здарэння. Першая – гэта самагубства з прычыны псіхалагічнай траўмы (нежаданне працягваць службу ва Узброеных Сілах, адмову ў камісавання). Другая – давядзенне да самагубства з прычыны нестатутных адносінаў з вайскоўцамі, гвалту, здзекаў, вымагальніцтва або адабраньня ў радавога прадметаў асабістага спажывання, грошай і маёмасці. Трэцяя версія – забойства па матывах асабістых непрыязных адносінаў, з карыслівых меркаванняў, з прычыны валодання інфармацыяй, што кампраметуе іншых вайскоўцаў.

ІІ, belsat.eu

 

Стужка навінаў