«Сітуацыя супярэчлівая». За каго будзе галасаваць на выбарах беларуская інтэлігенцыя?


Belsat.eu высвятляў, што будуць рабіць 9 жніўня вядомыя беларусы – дзеячы культуры, мастацтва і навукі.

Філосаф Валянцін Акудовіч кажа, што спачатку збіраўся галасаваць за Віктара Бабарыку. Пасля таго як Бабарыку не зарэгістравалі кандыдатам у прэзідэнты, Акудовіч падтрымаў жаночы трыумвірат на чале са Святланай Ціханоўскай.

Валянцін Акудовіч.
Фота: Facebook

«Гэта сапраўдны беларускі цуд! Гэта прадукт беларусаў і беларускасці, тут няма налёту нічога іншага Я проста ў захапленні ад іх і таму абавязкова пайду галасаваць за Святлану Ціханоўскую», – патлумачыў ён.

Што тычацца саміх выбараў, то ў Валянціна Акудовіча «сумнае і нават трагічнае бачанне іх завяршэння».

«Спадар Лукашэнка, пакуль ён жывы, нікому ўладу не аддасць. Вынікі нашага галасавання не будуць мець ніякага значэння, бо ў яго пад рукой свой лічыльнік – спадарыня Ярмошына. Яна напіша тую лічбу, якая патрэбная Лукашэнку», – упэўнены ён.

Акудовіч пры гэтым не хоча, каб паўтарыліся падзеі Плошчы 2010 года, якія зламалі многія чалавечыя лёсы.

Пісьменнік Уладзімір Арлоў.
Фота: Ірына Арахоўская

Пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў пакуль не вызначыўся наконт сваіх планаў на 9 жніўня. У каментары belsat.eu ён сказаў:

«Я разглядаю 9 жніўня 2020 года як падзею, якая, безумоўна, увойдзе ў беларускую гісторыю. Як літаратар і гісторык паводле адукацыі, я, безумоўна, вельмі ўважліва сачу і буду сачыць за падзеямі. Разам з тым я лічу, што 9 жніўня стане толькі этапам на нашым шляху да еўрапейскай дэмакратычнай Беларусі. Мне згадваюцца словы Вацлава Гавэла, з якім мне пашчасціла сустракацца. Ён сказаў, што толькі з дэмакратычнай Беларуссю канфігурацыя дэмакратычнай Еўропы набудзе сваю завершанасць. Таму ў нашым змаганні за незалежную дэмакратычную будучыню сённяшняя пазіцыя Еўропы надзвычай важная. Хацелася б, каб сучасныя еўрапейскія палітыкі думалі так, як Вацлаў Гавэл.

Што да самога галасавання, то сітуацыя змяняецца неверагодна імкліва. Я не выключаю, што ў бюлетэнях мы гэтымі днямі кагосьці недалічымся. Найперш я маю на ўвазе Святлану Ціханоўскую. Не выключаю і надзвычайнага становішча, якое ўлада можа ўвесці, афіцыйна яго і не абвяшчаючы. Карацей кажучы, выглядае так, што рашэнне пра свае дзеянні нам давядзецца прымаць толькі напярэдадні 9 жніўня ці нават у сам гэты дзень».

Кінарэжысёр і педагог Уладзімір Колас схіляецца да таго, каб наагул не ісці на гэтыя выбары, бо не бачыць годных кандыдатаў.

Уладзімір Колас.
Фота: Цэнтр гарадскога жыцця @uCentry

«Сітуацыя вельмі супярэчлівая. Упершыню няма таго, за каго хацелася б галасаваць. А хацелася б галасаваць за нашага беларускага кандыдата, які разумее нацыянальныя культурныя каштоўнасці і ў якім можна быць упэўненым», – кажа Уладзімір Колас.

На думку Коласа, такіх людзей сярод кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2020 года няма.

«Адбыўся вельмі небяспечны і непрыемны эксперымент: мы паказалі ўсяму свету, што для беларусаў мова (а значыць і тоеснасць) не мае значэння і яны гатовыя галасаваць за кандыдата, які падкрэслена не карыстаецца беларускай мовай», – дадаў ён.

У спадара Коласа няма сумневаў, што выбары будуць сфальсіфікаваныя. «Безумоўна, будуць фальсіфікаванні выбараў. Цяпер няма той ступені кансалідацыі народа, каб зрабіць тое, да чаго заклікае жаночы трыумвірат. Таму проста адбудуцца непрыемныя падзеі і вынік прадказальны ўжо цяпер», – кажа ён.

Уладзімір Дунаеў.
Фота: Belsat.eu

Экс-прарэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту, сябар грамадскага Балонскага камітэту Уладзімір Дунаеў будзе галасаваць 9 жніўня за Святлану Ціханоўскую.

«Гэта адзіная рэальная альтэрнатыва, таму яе варта падтрымаць. Нам сапраўды патрэбныя перамены», – падкрэсліў ён.

Археолаг, гісторык, ганаровы старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў пакуль не вызначыўся з планамі на 9 жніўня. Ён мяркуе, што падзеі ў бліжэйшыя дні могуць развівацца непрадказальна: у тым ліку не выключае, што Лукашэнка здымецца з выбараў або 9-10 жніўня распачнецца расейская інтэрвенцыя.

Алег Трусаў.
Фота: Васіль Малчанаў / Belsat.eu

«Калі, напрыклад, нічога экстраардынарнага не здарыцца, то я наўрад ці пайду на выбары. Бо я ўжо даўно не хаджу на выбары, не бяру ўдзелу ў гэтым лахатроне. Але канчаткова рашэнне я буду прымаць увечары 8 жніўня», – кажа ён.

Трусаў не выключае, што пры пэўных абставінах будзе галасаваць «супраць усіх»: у любым выпадку сярод кандыдатаў няма таго чалавека, каго б ён хацеў падтрымаць.

Алесь Марачкін.
Фота: Belsat.eu

Мастак Алесь Марачкін кажа, што абавязкова пойдзе на выбары, бо варта падтрымаць «пратэстную акцыю» альтэрнатыўных кандыдатаў. «Варта ісці, каб абазначыць сябе», – дадаў ён. На думку мастака, сёння байкот не мае перспектываў.

Алесь Марачкін пры гэтым не сумняецца, што Лукашэнка зможа захаваць уладу, «калі не здарыцца чагосьці неардынарнага». Таму найлепшым рашэннем для альтэрнатыўных кандыдатаў было б зняцца з выбараў у апошні момант. Аднак мастак разумее, што такі варыянт фантастычны. Таму, хутчэй за ўсё, будзе галасаваць за Ціханоўскую.

«Яе кампанія – пратэстная кампанія. Пратэстную кампанію я падтрымліваю, бо трэба ж нешта рабіць і ісці наперад – інакш зменаў не будзе», – дадаў ён.

Пісьменнік Віктар Марціновіч.
Фота: Belsat.eu

Пісьменнік Віктар Марціновіч распавёў Belsat.eu, што ён асабіста лічыць няправільным публічна агучваць сваю пазіцыю наконт галасавання 9 жніўня.

«Я проста не лічу, што я магу складаць нейкі прыклад для іншых. Я не гатовы кагосьці кудысьці заахвочваць. Тым больш, што галоўнае цяпер не выбары, а тое, што будзе пасля. Кожны мусіць зрабіць свой свядомы выбар, не абапіраючыся на аўтарытэтнае меркаванне дзеячаў культуры ці кагосьці яшчэ. Хай чалавек сам падумае галавой, зробіць свой выбар і будзе несці адказнасць за гэта. Гэта вельмі індывідуальная рэч», – перакананы ён.

Hавiны
Святлана Алексіевіч распавяла, за каго будзе галасаваць на прэзідэнцкіх выбарах
2020.07.23 08:57

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў