«Сітуацыя нашмат горшая, чым падчас першай хвалі». Лекар – пра COVID-19 у Бабруйску


У Бабруйску – раённым цэнтры з 212 тысячамі насельніцтва, штодня рэгіструюцца па 90-105 выпадкаў каронавіруснай інфекцыі. Менш чым за два месяцы колькасць смерцяў амаль такая ж, як за паўгады падчас першай хвалі. Улады хаваюць інфармацыю ад гараджанаў.

Хворых больш, чым на пачатку лета

Бабруйскі лекар, які пакуль не гатовы раскрываць сябе (але нам вядомыя ягонае імя і пасада) перадаў belsat.eu інфармацыю пра COVID-19 у горадзе. Раней мы атрымлівалі ад яго звесткі на пачатку верасня. Цяпер, паводле медыка, сітуацыя стала нашмат горшай, таму ён палічыў сябе абавязаным распавесці тое, пра што гарадскія ўлады і чыноўнікі ад медыцыны маўчаць.

Станцыя хуткай дапамогі, Бабруйск.
Фота: Belsat.eu

Дадзеныя ўключаюць у сябе спіс усіх выпадкаў COVID-19, зарэгістраваных у Бабруйску з сакавіка бягучага году. Паводле іх, на 29 кастрычніка, пачынаючы ад першага факту заражэння 30 сакавіка, у Бабруйску былі зарэгістраваныя 6377 выпадкі каронавірусу. Гэтая лічба ахоплівае таксама Бабруйскі раён і некаторых жыхароў суседніх гарадоў (Кіраўск, Асіповічы), якія прыехалі ў Бабруйск для дыягностыкі і лячэння.

З атрыманых намі дакументаў вынікае, што цягам кастрычніка штодзённая колькасць новых хворых расце. Калі яшчэ некалькі дзён таму прырост быў + 70-80 выпадкаў, то ўжо 29 кастрычніка Бабруйскім занальным цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі зафіксавана 105 новых станоўчых вынікаў тэстаў, з іх – сем выпадкаў інфекцыі ў дзяцей.

Каронавірус у Бабруйску
Каронавірус у Бабруйску
Каронавірус у Бабруйску

У справаздачы «для вобласці», якую нам таксама пераслала наша крыніца, гаворыцца: «Ад 11.08.2020 па 27.10.2020 назіраецца ўмераная тэндэнцыя да росту захворвальнасці з тэмпам прыросту 2 %. Пачынаючы з 1 кастрычніка, зарэгістравана перавышэнне пікавых значэнняў у адносінах да першага перыяду пад’ёма захворвальнасці (травень – чэрвень 2020)».

Штодня паміраюць 1-3 чалавекі

На штучнай вентыляцыі лёгкіх 29 кастрычніка ў Бабруйску знаходзіліся тры чалавекі. Ад пачатку эпідэміі памёр 161 пацыент, з іх 5 – за апошнія два дні.

Паміраюць у асноўным пенсіянеры 1930-40 гадоў нараджэння, але ёсць і маладыя людзі 1980-х гадоў нараджэння. Пры гэтым, цягам шасці месяцаў – з сакавіка да 6 верасня (дата, на якую мы атрымалі інфармацыю ад бабруйскага лекара ў першы раз) было 85 смяротных выпадкаў, а з 6 верасня па 29 кастрычніка памерлі 76 чалавек. Менш, чым за два восеньскіх месяцы колькасць смерцяў амаль такая ж, як за паўгады падчас першай хвалі. Сёння ў Бабруйску, паводле нашай крыніцы з медычнага асяроддзя, ад каронавірусу амаль штодня паміраюць 1-3 чалавекі.

Людзі стаяць у чарзе, каб здаць тэст на каронавірус другі раз, першы раз ён у іх быў адмоўны.
Фота: Belsat.eu

Звяртае на сябе ўвагу колькасць хворых медыкаў – на 29 кастрычніка 89 чалавек лечацца ад каронавірусу дома ці ў лякарнях. З іх – 24 дактары, 51 медсястра, 14 санітарак. Акрамя, у атрыманай намі табліцы 439 медыкаў пазначаныя як «выпісаныя». Колькі з іх вылечыліся, колькі – памерлі, не ўдакладняецца.

Найбольш на каронавірус у Бабруйску хварэюць ва ўстановах адукацыі. На сённяшні дзень у горадзе выяўленыя 67 кропак інфекцыі ў садках, школах і каледжах.

Сярод прадпрыемстваў найбольш хворых на COVID-19 на «Белшыне» (298 выпадкаў за ўвесь час), ААТ «Аграмаш» (89 выпадкаў), швейнай фабрыцы «Славянка» (123 выпадкі), ААТ «Чырвоны харчавік» (34 выпадкі).

Міліцыі не да каронавірусу

Медык, які перадаў нам інфармацыю, падкрэслівае, што другая хваля каронавірусу ў Беларусі відавочна больш сурёзная за першую.

«Я бачу, што цяпер нашмат больш людзей хварэюць, з’яўляюцца кантактамі», – кажа лекар.

Паводле яго, адбілася на сітуацыі эпідэміялагічнай і палітычная. Раней міліцыя дапамагала медыкам, сачыла за тымі, хто на самаізаляцыі.

«А цяпер праз палітычную абстаноўку ім не да таго, і шмат хто з людзей прадстаўлены сам сабе – носьбіты COVID-19 ці кантакты могуць спакойна перасоўвацца па горадзе», – кажа медык.

Фота: ТК / «Белсат»

Але больш за ўсё нашага суразмоўцу хвалюе, што ўлады хаваюць інфармацыю ад людзей. Апошні раз бабруйскі Штаб супрацьдзеяння распаўсюду каронавіруснай інфекцыі агучваў статыстыку па захворваннях 10 красавіка – тады было ўсяго 15 выпадкаў. Пасля – поўная цішыня. Ні звычайныя гараджане, ні журналісты не могуць атрымаць інфармацыю. Галоўны лекар Бабруйскай цэнтральнай больніцы Аксана Крупеніч, галоўны лекар Бабруйскага занальнага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі Дзмітрый Лайтар, намесніца старшыні Бабруйскага гарвыканкаму Вікторыя Амелюсік, якая «курыруе пытанні медыцыны», за ўсімі звесткамі накіроўваюць у Міністэрства аховы здароўя. Якое ў сваю чаргу таксама нідзе не публікуе статыстыку па рэгіёнах.

«Бабруйчане не ведаюць сапраўдных маштабаў распаўсюджвання інфекцыі, – кажа лекар. – Канешне, усе разумеюць, бачаць, як шмат людзей хварэе. Ва ўсіх ужо ёсць родныя, сябры, калегі, якія перанеслі ці пераносяць каронавірус. Рэальнай сітуацыяй валодаюць старшыня гарвыканкаму, галоўныя лекары Бабруйскай цэнтральнай больніцы, санстанцыі, нават начальнік УУС. Хто ім забараняе агучваць адкрыта гэтыя лічбы – незразумела».

Замоўчванне інфармацыі – злачынства, якое мусіць быць пакараным

Замоўчванне рэальнай статыстыкі распаўсюду COVID-19 – гэта халатнасць і злачынства, якія мусяць карацца паводле Крымінальнага кодэксу, перакананы бабруйскі лекар. Асаблівая адказнасць пры гэтым на цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі, падкрэслівае эксперт.

«Тэрапеўты лечаць, а эпідэміёлагі ведаюць рэальную карціну, разумеюць, як будзе развівацца эпідэмія, яны павінныя працаваць на стрыманне, папярэджваць людзей. А яны гэтага не робяць, у той час як у першую чаргу павінныя парупіцца пра своечасовыя меры – дэзынфекцыю, абследаванні, каранцін», – кажа наш суразмоўца.

Лекарка бярэ мазок для тэсту на COVID-19 у Менску.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Медык таксама зазначае, што паліклінікі не хаваюць рэальную колькасць станоўчых мазкоў, і даюць у санстанцыю поўную інфармацыю. У такім жа выглядзе санстанцыя перадае дадзеныя далей, «на вобласць». На якім этапе лічбы пачынаюць змяняцца, медык не ведае.

Бабруйскі лекар упэўнены, што нават лічбы з гэтай «патаемнай» табліцы, якую ніхто, акрамя ўладаў, не бачыць, могуць быць недакладнымі, меншымі за рэальную карціну.

«Бо шмат людзей проста не атрымліваюць неабходнага абследавання – тэсты сёння робяцца далёка не ўсім, каму яны патрэбныя – кажа лекар. – Смерці часта спісваюць на сардэчна-сасудзістыя хваробы, хоць галоўная прычына там – COVID-19. Пра гэта кажуць і тыя пяць тысяч дадатковых смерцяў, што мы сёлета маем».

Сродкаў індывідуальнай абароны зноў не хапае

Паводле нашай крыніцы, у Бабруйскіх медычных установах сёння зноў не хапае сродкаў індывідуальнай абароны, лекары вымушаныя праць аднаразовы халаты, маскі, купляць усё за свае сродкі, каб сябе абараніць. Таксама не хапае персаналу, каб своечасова рабіць дэзынфекцыю, браць мазкі. Шмат лекараў, кіроўцаў на самаізаляцыі з COVID-19. На тых, хто працягвае працаваць – сурёзная нагрузка.

Бабруйскі медык таксама адзначае абыякавасць людзей – беларусы не носяць маскі, не клапоцяцца пра сацыяльную дыстанцыю.

Старэйшая сястра рэанімацыі Лаўсанаўскай больніцы ў Магілёве прымае бахілы ад валанцёраў.
Фота: Belsat.eu

«З іншага боку, іх можна зразумець – калі на самым высокім узроўні ім кажуць, што трэба лячыцца сырам – яшчэ адзін лек, акрамя водкі і трактару вынайшлі, хто будзе сурёзна ставіцца да сітуацыі?» – задаецца пытаннем лекар.

Паводле адмыслоўцы, з сённяшняй карцінай па каронавірусе, у Беларусі трэба ўводзіць каранцін. Абавязкова – у школах і лякарнях. Медык зазначае, што ў Бабруйску вельмі шмат выпадкаў, калі людзі заражаюцца COVID-19 у медычных установах.

«Людзі прыходзяць у лякарню ці паліклініку лячыць нейкія свае захворванні, а потым пераводзяцца ў інфекцыйнае аддзяленне з ковідам. Так не павінна быць», – кажа медык.

Бабруйск «накрыла»

Сурёзнасць сітуацыі з каронавірусам у Бабруйску пацвярджае жыхар гораду Віктар, які амаль тры тыдні знаходзіўся на лячэнні з пнеўманіяй і станоўчым тэстам на COVID-19 у Бабруйскай інфекцыйнай лякарні.

«Трэба падзякаваць медыкам, бо ім вельмі няпроста цяпер працаваць, – кажа бабруйчанін. – Пры гэтым яны ўсімі сіламі імкнуцца падтрымаць хворых. І не хаваюць, што Бабруйск «накрыла», і замест прагнозу па меншай амплітудзе другой хвалі ўсё атрымалася наадварот».

Тэст на каронавірус.
Фота: KHALIL ASHAWI / Reuters / Forum

Інфекцыйная лякарня – профільная ўстанова для лячэння COVID-19 у Бабруйску. Але, паводле медыкаў і пацыентаў, яна ўжо запоўненая. Для лячэння пацыентаў з каронавірусам зноў, як і ў красавіку – чэрвені, перапрафіляваны Бабруйскі міжраённы анкалагічны дыспансер. З лёгкімі формамі хваробы не шпіталізуюць.

Бабруйчанка Алена знаходзіцца дома на самаізаляцыі па COVID-19. Жанчына распавядае, што амаль тыдзень змагалася, каб ёй зрабілі мазок, які ўрэшце аказаўся станоўчым. Потым столькі ж дамагалася КТ.

«Я не разумею нашай сістэмы прафілактыкі і лячэння ковіду. Усе абследаванні трэба «выбіваць» самім пацыентам. На ўзроўні паліклінік шмат бюракратыі і абыякавасці», – кажа бабруйчанка.

На 30 кастрычніка ў Беларусі зафіксавана 97 499 выпадкаў захворвання на COVID-19. Прырост – 970 інфікаваных за дзень. 29 кастрычніка прырост склаў 984 новых выпадкаў, што стала рэкордам за ўвесь час эпідэміі ў Беларусі. Раней найбольш хворых рэгістравалася 29 красавіка – +973. Паводле афіцыйнай статыстыкі памерлі ад COVID-19 цягам пандэміі з канца лютага 977 чалавек.

НА belsat.eu

Стужка навінаў