Сістэмная неадэкватнасць. Новы скок на граблі дэкрэта пра «дармаедаў»

Аляксандр
Гелагаеў
гісторык, вайсковы аглядальнік

«Трэба неадкладна заняцца працаўладкаваннем беспрацоўных. З органамі міліцыі, падключыце таго, каго вы лічыце патрэбным. Неадкладна паставіць на ўлік усіх дармаедаў, якія швэндаюцца і прымусіць іх працаваць», – гэта было сказана ў панядзелак на ўрадавай нарадзе па эканамічнай палітыцы.

Скажам шчыра, пасля ўсяго таго, што адбывалася апошнія месяцы, цяжка было прыдумаць новыя спосабы заклікаць змагацца за змену ўлады. Але кожны раз групоўка, якая яшчэ пакуль кіруе Беларуссю, даказвае, што пратэст супраць яе не знікне ніколі.

Марш недармаедаў 2017 года

Здаецца, ужо ў 2017 годзе спрабавалі ўвесці прымусовыя працы ў «сацыяльнай дзяржаве». У выніку адбыліся масавыя пратэсты, у тым ліку ў рэгіёнах, дзе «дармаедамі» сталі людзі, што працуюць за мяжой. І ўладам тады прыйшлося адступаць.

Аднак цяпер быццам бы ў людзей, якія захапілі дзяржаву, куды большыя праблемы – навошта ім яшчэ новыя, створаныя ўласнымі рукамі праціўнікі ў краіне, якая паўстала?

Магчыма, справа ў скажонай карціне сусвету, у няздольнасці ўспрымаць і аналізаваць інфармацыю.

«Сёння непрацуючы чалавек – гэта не проста пратэстовец на вуліцы», – вось як думае чалавек з мянушкай «Усход». Такім чынам, загнаць гэтых пратэстоўцаў на працу – можа, перастануць пратэставаць?

Аднак досвед паказвае, што падаўляючая большасць пратэстоўцаў – людзі працуючыя, прычым у значнай ступені прафесіяналы высокага ўзроўню з такіх галінаў як інфармацыйныя тэхналогіі, прамысловасць, медыцына, бізнес, адукацыя.

Самы «бел-чырвона-белы» раён – Копішча (Новая Баравая), а гэта ў значнай ступені раён айцішнікаў і іншай працоўнай моладзі з добрымі заробкамі. Тое ж самае новыя кварталы, такія як «Каскад».

Атрымліваецца, улады спрабуюць атруціць сваёй прапагандай «пратэстоўцы – лайдакі, наркаманы, за 30 рублёў» частку грамадства, аднак у выніку і самі сваёй жа прапагандай атручваюцца. Бо хочацца верыць у сваю прапаганду.

Магчыма, уплывае і тое, што «шэфу» не хочуць паведамляць непрыемныя навіны, якія супярэчаць ягонай карціне сусвету. У выніку градус неадэкватных паводзінаў кіроўнай групоўкі толькі расце.

Казус з «дармаедамі» паказвае, што Святлана Ціханоўская, Каардынацыйная рада, і любыя іншыя «лялькаводы» могуць увогуле нічога не рабіць – людзі з Драздоў самі супраць сябе нават на пустым месцы цудоўна арганізуюць пратэсты.

Гэта прытым, што і старыя прычыны для пратэстаў – гвалт, беззаконне, хамства, хлусня, скрадзеныя выбары – нікуды не падзеліся.

100 дзён беларускага пратэсту. Памятаць усё

«Я даўно лічу, што ён нашмат лепш за Каца ўмее матываваць людзей на пратэсты», – сказаў адзін мой сябра ўчора, калі мы абмяркоўвалі гэтую нова-старую «шматабяцальную» ініцыятыву.

Асабліва ўражвае выраз «прымусіць іх працаваць» у кантэксце выкарыстання міліцыі, то бок гвалту.

Нагадаем, што ў пачатку нямецка-савецкай вайны ў 1941 годзе беларусы паводзілі сябе адносна нейтральна, а часта нават па-антысавецку. Першы масавы рух беларусаў у савецкія партызанскія атрады пачаўся толькі ў 1942 годзе, калі людзей сталі заганяць прымусова на працу ў Нямеччыну. Добраахвотнікаў ехаць знайшлося няшмат, большасць неяк ухілялася, а многія вырашылі, што лепш тады ўжо сысці ў лясы і змагацца з новай акупацыяй.

«У стаўцы Гітлера ўсё малахольныя», – казаў адзін герой фільма «У бой ідуць толькі старыя». Здаецца, гэта абсалютна дакладны дыягназ у нашай сітуацыі.

Аляксандр Гелагаеў

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў