«Сістэмнае хамства» і хамская сістэма

Міністэрства інфармацыі цалкам справядліва звінаваціла чарговы нумар «Белгазеты» ў «пошласці ды хамстве». Ну а што? Карыкатура з абгаджанымі мужчынамі ў касцюмах, падобнымі на чыноўнікаў, інтэрв’ю з каровай, нейкія «Рогі і капыты»… Хлопцы, што вы сабе дазваляеце?!

А хлопцы з газеты наўпрост робяць сваю працу – працу журналістаў. То бок адлюстроўваюць фактуру і атмасферу ў краіне на старонках выдання. З такім жа поспехам можна забараніць і адклікаць з продажу ва ўнівермагах і дзяржаўных крамах люстэркі. Ну а што? Раптам чалавек з гузаком да яго падыдзе або, крый Божа, распранецца – люстэрка ж усё пакажа!

Зрэшты, рэдактар ці аператар СТВ у параўнанні з камандай «Белгазеты» выглядаюць нашмат большымі тролямі: гэта ж яны паказалі разнос, які ўчыніў кіраўнік дзяржавы ў калгасе на Шклоўшчыне. «Гадзяць адно на адну», «Асвенцім», «Кайданкі надзену», «На лобе сабе лічбы запішы…» – гэта цытаты лідара, пададзеныя ў матэрыяле без усялякіх купюраў. Менавіта пасля сюжэтаў на афіцыйных каналах панеслася хваля і ў незалежных медыях, праўда ж?

Hавiны
«Яна ж уся абасраная!» Лукашэнка абараніў кароў ад чыноўнікаў
2019.03.26 17:01

Але вінаватай у сітуацыі аказалася чамусьці незалежная газета, бо інтэрпрэтавала «няправільна». Сюжэт з «публічным лупцаваннем чыноўнікаў», відаць, задумваўся як удалы PR-ход напярэдадні выбараў: абнаўленне вобразу вечна бадзёрага, «жэстачайшэга», «суворага, але справядлівага». Атрымалася не зусім так – перагнулі палку, карацей, накідалі г…на на вентылятар.

Паводле Карлюкевіча, міністра інфармацыі, «пошласць і хамства сталі сістэмнымі з’явамі» для «Белгазеты». А што наконт «сістэмнага хамства» ад дзяржаўных каналаў і афіцыйных спікераў? Памятаеце трылеры са шпрыцамі ў намётах пратэстоўцаў і пацукамі ў 2006-м? Памятаеце баявік пра аўтаматы ў багажніках і японскіх тэрарыстаў у 2017-м?.. «Справа патрыётаў» развалілася, «пацукалова-2006» гэтак ніхто больш і не бачыў – суцэльныя фантазіі, хамства і паклёп.

Каровы і кароўнік.
Фота: Таццяна Уласенка belsat.eu

Памятаеце прэс-сакратара Мінабароны Макарава, які ў тэлефоннай размове з журналістам чамусьці вырашыў падзяліцца сваймі пошлымі фантазіямі наконт сексуальнай арыентацыі хлопца. Раней той жа Макараў кляйміў усіх крытыкаў танкавага параду ў цэнтры Менску, называючы прыхільнікамі Кубэ… Ці не хамства гэта?

Міністр унутраных справаў падчас інтэрв’ю разважае пра «дзіравых». Не тое, каб за гэтых самых «дзіравых» хацелася заступацца (ёсць каму), але навошта міністр кажа гэта ў эфіры, а афіцыйны канал – транслюе? І гэта пасля таго, як кіраўнік аднаго з рэгіянальных аддзелаў Следчага камітэту сам пару гадоў таму аказаўся, пардон, «дзіравым», быў са скандалам звольнены разам са сваім кіроўцам…

Аб’ектыў
Падчас падрыхтоўкі да прыезду Лукашэнкі памёр чыноўнік Шклоўскага райвыканкаму
2019.03.29 21:42

Калі «Белгазета» сапраўды часам ходзіць па мяжы інтэлігентнасці ды хамства, то дзяржаўныя медыі даўно гэтую мяжу перайшлі: ходзяць туды-сюды, нібыта ў грыбы, не зважаючы на памежныя слупы. Атрымліваецца нават не «сістэмнае хамства», а хамская сістэма, дзе хамства зусім не выпадковасць, а элемент стылю кіравання і падачы інфармацыі.

Што выходзіць? Разам з манаполіяй на гвалт, дзяржава мае і манаполію на хамства. «Што дазволена Юпітэру, не дазволена быку» – пішуць пра сітуацыю з газетай у сацсетках. Ані быку, ані закарэлай карове, ані «Белгазеце» – не дазволена. А Юпітэру – дазволена. Імя гэтага Юпітэра, здаецца, усе мы ведаем.

Алесь Кіркевіч belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў