Сістэма аховы здароўя не спраўляецца. Як беларусы на Захадзе ваююць з каронавірусам?


Пакуль улады Беларусі не ўводзяць каранціну, мы даведаліся, як эпідэмію каронавірусу пераносяць беларусы на Захадзе. У сюжэце гісторыі турыстычнага гіда Паўла Кірылёнка, які страціў працу ў сталіцы Каталунні Барселоны. Выкладчык з Лондану Алесь Герасіменка ізаляваны ў кватэры, а Ірына Хадарэнка і Андрэй Бандарчук распавядаюць, як сутыкнуліся з заразай у Злучаных Штатах.

Каронавірус працягвае сваё жніво па свеце. Лідарам паводле смяротнасці і выпадкаў заражэння ў Еўропе застаецца Іспанія, дзе ў першы дзень красавіка заразіліся 8 тысяч чалавек, а агульная лічба памерлых перакрочыла 10 тысячаў. Нягледзячы на тое, што каранцін там ужо дзее тры тыдні.

Распавядае Павел Кірылёнак з Барсэлоны, турыстычны гід па Каталунні:

«На працу могуць хадзіць толькі тыя, хто займаецца жыццёва неабходнымі рэчамі. У прыватнасці, хто займаецца гандлем прадуктамі харчавання, аптэкі, медыцына, муніцыпальная служба, паліцыя. Усе астатнія павінны сядзець у хаце, я сам выйшаў за гэты час толькі адзін раз, у бліжэйшую краму».

Людзі ставяцца да абмежаванняў з разуменнем, бо Каталуння паводле колькасці інфікаваных пачынае даганяць Мадрыд.

Павел распавядае, што па вуліцы Барсэлоны, дзе ён жыве, звычайна ідзе вялікі натоўп турыстаў, цяпер абсалютна нікога няма. Вуліцы пустыя, але пуста будзе неўзабаве і ў бюджэце краіны.

Працягвае Павел Кірылёнак:

«Эканамічная сітуацыя ў Іспаніі зараз вельмі цяжкая, у першую чаргу зачыненыя ўсе бары, кавярні, рэстарацыі, а гэта вялікі сектар у іспанскай эканоміцы. Па-другое, поўнасцю знік турызм як з’ява, ад якога іспанская эканоміка даволі моцна залежыць. Я, напрыклад, працую турыстычным гідам, але я не маю працы і не ведаю, калі яна ў мяне з’явіцца».

Не нашмат лепш сітуацыя выглядае ў Злучаным Каралеўстве, дзе каронавірус падхапіў і прадстаўнік каралеўскай сям’і, і прэм’ер-міністр. Колькасць смерцяў і заражэнняў сярод грамадзянаў Брытанскіх выспаў расце, а дактарам далІ права вырашаць, каго з пацыентаў ратаваць у першую чаргу.

ВІДЭА
Лукашэнка будзе трымацца да апошняга беларуса. Суседзі нас адправяць на каранцін?
2020.04.04 12:11

Каментуе беларус з Лондану Алесь Герасіменка, даследнік Ўэстмінстэрскага ўніверсітэту:

«Як толькі з’явіліся ў мяне сімптомы, я зрабіў тое, што патрабуе ўрад. Я пайшоў на сайт Міністэрства аховы здароўя, там адказаў на пытанні ў анкеце, і алгарытм мне сказаў, што мне трэба сябе ізаляваць».

Да дактароў раяць звяртацца толькі тады, калі зусім дрэнна і няма чым дыхаць. Алесь пакуль такіх сімптомаў не адчувае, таму займаецца самалячэннем у ізаляцыі.

Алесь Герасіменка:

«Гэта паказвае, што сітуацыя ў сістэме аховы здароўя не самая лепшая, але якая ёсць. Некаторыя людзі не даязджаюць да гэтых шпіталяў, паміраюць у хаце ці ў месцах для сталых людзей. Сістэма аховы здароўя не спраўляецца з наплывам».

Як тлумачыць урад, прыйшоў час ваенна-палявой медыцыны, дзе іншыя правілы.

«Таксама ўрад будуе вялізны шпіталь каля аэрапорту ў Лондане. Больш нам аэрапорты не патрэбныя, патрэбныя шпіталі на тысячы людзей, а побач будуюць крэматорый новы, памерам двух футбольных палёў», – працягвае Алесь.

І калі ўлады Нямеччыны спрабуюць справіцца з сітуацыяй і маюць першыя станоўчыя сігналы, а ў Італіі спадзяюцца, што пік, магчыма, пераадолены, у ЗША хвароба ставіць на калені Нью-Ёрк. Як і ў Еўропе, праз недахоп месцаў у больніцах пад палявыя шпітАлі там прыстасоўваюць лайнер і нават тэнісныя корты ў Цэнтральным парку.

Распавядае беларуска з Нью-Ёрку Ірына Хадарэнка, працаўніца юрыдычнага бюро:

«У нас тут таксама не хапае неабходных сродкаў у шпіталях. У мяне ёсць знаёмая медсястра, і яна працуе акурат з хворымі на каронавірус, і яна пісала, што ім выдаюць у шпіталі адну маску на дзень, і прасіла, у каго ёсць магчымасць, перадаваць і маскі, і пальчаткі».

ВІДЭА
Лукашэнка хоча праскочыць каронавірус на чырвонае
2020.03.21 16:13

Але пытанне не толькі ў тым, што шпіталі перапоўненыя. Праблемы ўзнікнуць у тых, у каго няма медычнай страхоўкі, а гэта ў першую чаргу нелегальныя мігранты.

Дзеліцца гематолаг-анколаг Андрэй Бандарчук, Бостан, ЗША:

«Нават калі тэст абяцаюць зрабіць бясплатным. Існуе рызыка, што чалавек атрымае рахунак за нейкія медычныя паслугі, які будзе немалы, а будзе сапраўды вялікім стрэсам».

Каб паскорыць магчымасць праверыцца на каронавірус і мінімізаваць кантакты паміж людзьмі, у ЗША ўвялі магчымасць зрабіць тэст, не выходзячы з машыны.

Працягвае Андрэй Бандарчук:

«Чалавек прыязджае на машыне, проста не выходзячы з машыны праз фортку яму робяць гэты тэст, і ён едзе далей дахаты, на каранцін, і праз 1–2 дні прыходзіць вынік гэтага тэсту».

Як кажа спецыяліст, для кожнага штату пік захворвання прыпадзе на нейкі асобны час. Наступным горадам паводле колькасці хворых у ЗША можа стаць Чыкага, губернатар штату Іліной ужо падоўжыў каранцін да 30 красавіка, бо пік хваробы там чакаецца толькі ў сярэдзіне месяца.

Наста Ільіна, belsat.eu

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 03.04.2020

Іншыя тэмы выдання:

Стужка навінаў