Сірыя збіла ізраільскі самалёт


Ізраільская авіяцыя нанесла ўдар па «іранскіх» цэлях у Сірыі, пасля чаго па самалётах быў адкрыты агонь з сірыйскіх сістэмаў супрацьпаветранай абароны (СПА).

Адзін знішчальнік (F-16) быў збіты і ўпаў на поўначы Ізраіля, лётчыкі жывыя, заявілі ізраільскія вайскоўцы.

10 лютага 2018 г. Ізраільскі F-16, збіты сірыйскімі вайскоўцамі. Фота з сацсетак

Як паведаміў прадстаўнік арміі Ізраіля падпалкоўнік Ёнатан Канрыкус, над тэрыторыяй краіны быў перахоплены іранскі беспілотнік, запушчаны з тэрыторыі Сірыі. Пасля чаго ізраільцяне атакавалі «іранскія цэлі» у Сірыі.

Іншыя дэталі здарэння не разгалошваюцца. Сірыйскія ўлады пакуль афіцыйна не пракаментавалі інцыдэнт. Раней у падобных выпадках яны абвінавачвалі Ізраіль у агрэсіі і выкарыстоўвалі СПА.

Сірыйскае дзяржаўнае тэлебачанне паведамляе, што вайскоўцы адказалі на спробу Ізраіля здзейсніць «акт агрэсіі» на вайсковую базу ў цэнтральнай Сірыі.

ЮВ, belsat.eu, паводле bbc.com, press.tv, haaretz.com

Стужка навінаў