У тым, што літоўскія ўлады перадаваць прах каго-небудзь з паўстанцаў не будуць, у мяне асабіста сумневаў няма.
Гэта значыць, надпіс на магільнай пліце на беларускай мове яны, напэўна, пагодзяцца зрабіць, як, зрэшты, і на польскай. Паўстанне 1863–1864 гг. было паўстаннем, у якім удзельнічалі прадстаўнікі трох народаў, і падкрэсліць гэта – значыць, падкрэсліць і гістарычную ролю Вільні і Літвы, стварыць новы цэнтр прыцягнення для нацыянальна арыентаваных паломнікаў, разгарнуць новы віток антыімперскай кампаніі. Нашыя літоўскія сябры ўмеюць і любяць рабіць такія рэчы. Хай робяць.
Калі трэба – дапаможам. А нам навошта аддаваць? І – каму?
Мне ў «Фэйсбуку» напісалі: у Вільні ёсць розныя пункты гледжання. Вядома, розныя. Там дэмакратычная краіна. Там могуць і відавочна няўдалую думку суседзяў падтрымаць. Але вы наагул уяўляеце сабе, што будзе, калі Літва неадкладна задаволіць вашую просьбу?
Сярод падпісантаў – ніводнага дзяржаўнага службоўца. Хто будзе прымаць прах нацыянальнага героя? Дзе будуць яго хаваць? З якімі ўшанаваннямі? Не, як казала нябожчыца Святлана Навумава, быў бы труп, а шэсце мы арганізуем. Шэсце – куды? Гістарычныя могілкі ў нашай краіне застаюцца ўласнасцю дзяржавы. І Усходнія могілкі, і Вайсковыя – тыя месцы, дзе спачываюць класікі беларускай літаратуры, выдатныя дзеячы дзяржавы і культуры. Вы сапраўды думаеце, сябры мае, што дзяржава дазволіць вам правесці там цырымонію? Ці вас цікавіць не вынік, а канфлікт, на які вы старанна нарываецеся?
А ў тым, што канфлікт будзе, я не сумняваюся. Не астылі ямы пасля выкарчаваных курапацкіх крыжоў. Быў народны мемарыял – знеслі яго. Гістарычнай памяццю ў нашай краіне загадвае спадар Марзалюк. Падыдзіце, папрасіце яго паставіць подпіс. Калі паставіць – можа быць, усё гэта будзе мець сэнс. Не паставіць – вы толькі выклічаце чарговую антыпаўстанцкую істэрыю ў дзяржаўных медыяў. І скончыцца яна цынічным, але цалкам прагназаваным выказваннем першай асобы дзяржавы:
«Бач, танцы на касцях зладзілі! Хто іх прасіў?»
Не ў тым сэнсе, што хто літоўцаў прасіў, а ў тым, што ніхто не прасіў ініцыятараў ладзіць усё гэта.
Што – «гэта»? Збор подпісаў з сімвалічнымі мэтамі. Паколькі беларуская дзяржава прах не прыме, то і хаджэнне за подпісамі робіцца цалкам сімвалічным і бессэнсоўным, накшталт апазіцыйнага хаджэння на плошчу Бангалор. Магчыма, там калі-небудзь паставяць помнік. Не Каліноўскаму. Добрым марам, якімі выслана дарога «самі ведаеце куды». А цяперашні збор подпісаў, прабачце, пайшоў прахам.
Аляксандр Фядута belsat.eu
Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.