Сілуанаў прапанаваў Менску «астудзіцца» і актуалізаваць Саюзную дамову


Сілуанаў прапануе актуалізаваць Саюзную дамову з Беларуссю на аснове «глыбокай інтэграцыі».

Расея гатовая абмяркоўваць актуалізацыю дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы з Беларуссю, заявіў першы віцэ-прэм’ер – міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў, перадае «Интерфакс».

«Цяпер створана працоўная група, мы павінны паглядзець на тэкст Саюзнай дамовы (падпісаны ў 1999 годзе. – ІФ) дзесьці, магчыма, прапанаваць яго актуалізаваць», – сказаў Сілуанаў у інтэрвʼю РБК ТВ, адказваючы на ​​пытанне аб тым, як развіваецца сітуацыя вакол спрэчкі Менска і Масквы аб кампенсацыі за падатковы манеўр у нафтавай сферы.

Паводле яго, у апошнія гады «рух па шляху стварэння Саюзнай дзяржавы запаволіўся і практычна не рэалізоўваўся».

Сілуанаў і Шойгу. Фота – Аляксандр Астаф’еў/ТАСС

Сілуанаў падкрэсліў, што Расея «дапамагае і будзе дапамагаць» Беларусі. Сілуанаў сцвярджае, што, меркаванне пра тое, што Расея ў гэтай спрэчцы хоча «паўплываць на рашэнне інтэграцыйных пытанняў, нейкіх палітычных праблем» – не дакладнае.

«Даваць субсідыі прадпрыемствам чужой краіны дзіўна было б. Гэта можна было б рабіць, калі б была ў нас больш глыбокая ступень інтэграцыі. Калі хочаце такі ж рэжым, давайце вернемся да нашай Саюзнай дамовы», – сказаў расейскі чыноўнік.

Ён дадаў, што Расея па-ранейшаму захоўвае падтрымку беларускай эканоміцы ў выглядзе крэдытаў, бязмытных паставак нафты і ільготнага кошту на газ. «Гэта мільярды долараў штогод», – адзначыў ён.

На яго думку, беларускім партнёрам «трэба трошкі астудзіцца, паглядзець больш шырока на сітуацыю, якая склалася, сесці і выпрацаваць сумесныя рашэнні».

***

Менавіта гэтая тэма ў апошні час выйшла на першае месца ў парадку двухбаковых адносін. У пачатку лістапада Менск і Масква ўступілі ў актыўную фазу перамоваў пра механізм кампенсацыі беларускаму боку выпадаючых даходаў бюджэту праз пачатак рэалізацыі ў РФ так званага падатковага манеўру ў нафтавай сферы. Механізм прадугледжвае паэтапнае памяншэнне экспартных мытаў на нафту і нафтапрадукты.

Падатковы манеўр прывядзе да падаражэння нафты для Беларусі і зніжэння экспартных мытаў на нафтапрадукты. Паводле ацэнкі беларускага боку, страты бюджэту ад рэалізацыі падатковага манеўру ў РФ у 2019 годзе складуць каля $ 400 млн, зыходзячы з цаны за нафту на ўзроўні $ 70 за барэль. За перыяд 2019-2024 гадоў Менск ацэньвае выдаткі на ўзроўні $ 10,5 млрд.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары