Сілавікі знайшлі 15-гадовага адміна тг-канала «Каратели Беларуси». Але не змогуць яго пакараць

Супрацоўнікі ГУБАЗіК выйшлі на 15-гадовага падлетка з Любані, які прызнаўся ў тым, што быў адміністратарам тэлеграм-канала «Каратели Беларуси» з амаль 80 тысячамі падпісчыкаў. Падлетак пацвердзіў, што размяшчаў інфармацыю пра супрацоўнікаў органаў унутраных справаў, а ў лістападзе атрымаў $400 у якасці ўзнагароджання ад карыстальнікаў.

Затрыманы 15-гадовы падлетак на відэа МУС

МУС сцвярджае, што хлопец кантраляваў тэлеграм-каналу па адрасе @karatelibelarusi. Аднак гэты канал працягвае працаваць.

Пакуль незразумела, што менавіта інкрымінуецца 15-гадоваму падлетку, бо адказнасць па большасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса наступае з 16 гадоў. У спісе выключэнняў няма ніводнага артыкула, да якіх мог бы быць датычны хлопец, – паведамляе «Наша Ніва».

Падобны выпадак адбыўся паўтары месяца таму. Тады міліцыя справаздачылася аб тым, што затрымала 15-гадовага школьніка з Добруша, стваральніка тэлеграм-канала «Данные карателей Беларусі», які таксама распаўсюджваў інфармацыю пра прадстаўнікоў сілавых ведамстваў.

Падлетка вінавацяць адразу ў чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу: паклёп, махлярства, публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў і незаконны збор альбо распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцці.

Аднак па ўсіх гэтых артыкулах крымінальная адказнасць пачынаецца ў 16 гадоў, таму падлетка пакараць па іх немагчыма.

АД belsat.eu

Hавiны