Сілавікі затрымалі спадарыню, якую яны лічаць кіраўніцай некалькіх тэлеграм-каналаў


Здымак тг-каналу "Мая Краіна Беларусь

ГУБАЗіК зняволіў 33-гадовую жыхарку Менску, якая названая адміністратарам телеграм-каналаў «Мая Краiна Беларусь», «Беларусь 24», «Баста», «Беларусь Головного Мозга», «Элехтарат» і «Еўрапейская Беларусь».

МУС падкрэсліў, што ўдзельнікі названых рэсурсаў вылучаюць палітычныя патрабаванні, заклікаюць да забастовак і прыпынку вытворчасці на дзяржпрадпрыемствах, пратэставаць і аказваць супраціў міліцыянтам. У чатах таксама публікуюцца абразы і пагрозы ў адрас праваахоўнікаў, а таксама распаўсюджваецца інфармацыя, накіраваная на дэстабілізацыю абстаноўкі ў грамадстве.

Міліцыя зладзіла ў затрыманай дома ператрус, праз што ў спадарыні канфіскавалі шэсць мабільных тэлефонаў, ноўтбук, вінчэстар, флэшку, 700 еўра, банкаўскую аплатную картку і пратэстную атрыбутыку.

Жанчына прызнаная падазраванай паводле крымінальнай справы аб арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках.

«Праца па выкрыцці мадэратараў і адміністратараў радыкальных телеграм-каналаў працягваецца», – паведамляе МУС.

Тым часам паблік «Мая Краіна Беларусь» пацвердзіў затрыманне адной з аўтарак каналу – Ірыны Счаснай. Яе акаўнт выведзены з ліку адмінаў у момант затрымання, небяспекі дэананімізацыі няма. У канале таксама нагадалі, што ўсе адміністратары і ўладальнік канала Сяргей Бяспалаў знаходзяцца ў месцах, недасяжных беларускім сілавікам.

Стужка навінаў