«Сілавікі праз гукаўзмацняльнікі казалі нам ісці працаваць». Работнікі гарадзенскага «Азоту» аспрэчваюць звальненне праз суд


11 студзеня ў Кастрычніцкім судзе Горадні пачаліся слуханні справы аб аднаўленні на працы звольненых работнікаў буйнога хімічнага прадпрыемства «Горадня Азот». У спісе заяўнікаў – 13 асобаў, сярод якіх стачкамаўцы, тыя, хто хацеў далучыцца да страйку 26 кастрычніка. Некаторых з іх не маглі звольніць без згоды прафсаюзу, аднак наймальнік звольніў усіх за прагулы, нават калі працаўнік афіцыйна быў на бальнічным ці ў адпачынку.

Азотаўцы каля суда Горадні перад пачаткам слуханняў.
Фота: Белсат

26 кастрычніка, калі Святлана Ціханоўская заклікала да агульнанацыянальнай забастоўкі, частка азотаўцаў вырашыла адгукнуцца. У гэты дзень каля 150 працаўнікоў сабраліся на прахадной заводу, каб падтрымаць страйк. Але прыехалі сілавікі: затрымалі 32 чалавекі, частку працаўнікоў дубінкамі загналі на працу. Пасля гэтага некаторыя азотаўцы напісалі заявы на страйк, але іх звольнілі.

Справу разглядае суддзя Сяргей Слашчоў. Ён уважліва выслухаў кожнага выступоўца, даў парады, як дапрацаваць пазовы.

«Законнасць звальнення мусіць даказваць наймальнік», – адзначыў суддзя.

Абараняе азотаўцаў юрыст з незалежнага прафзвязу, у які масава пачалі пераходзіць азотаўцы пасля жнівеньскіх падзеяў.

Асноўная прэтэнзія ў большасці пазоваў – парушэнне працэдуры звальнення. Кожны з азотаўцаў распавёў сваю гісторыю.

«Мяне звольнілі за адсутнасць на працы больш чым тры гадзіны. Калі 26 кастрычніка сілавікі са зброяй заганялі нас на працу, на прахадной пагражалі людзям, я запатрабаваў тлумачэнняў ад кіраўніцтва, у тым ліку – запэўнівання нашай бяспекі. Хадзіць пад руляй на працу – гэта непавага да самога сябе, я не магу як дарослы чалавек сябе так зневажаць», – патлумачыў Юрый Борыс сваё рашэнне не хадзіць на працу.

Азотаўцы ў зале паседжання. На першай лаве – прадстаўнікі заводу.
Фота: Белсат

Вадзім Венскі таксама распавёў пра падзеі 26 кастрычніка:

«У гэты дзень я баяўся ісці пасля працы дахаты, бо ранкам сілавікі жорстка затрымлівалі калегаў, а пасля побач з прадпрыемствам дзяжурыла вайсковая машына. Я так і не зразумеў, за што мяне звольнілі. Нібыта за парушэнне працоўнай дысцыпліны, але не тлумачыцца, што такое я парушыў. Хацеў бы даведацца, каб пасля было што дзецям расказаць».

Аляксей Сідар прыйшоў на працу 27 кастрычніка і ўбачыў, што працоўнае месца не адпавядае правілам бяспекі: яно загазаванае.

«Я папрасіў начальства забяспечыць нармальныя ўмовы працы. Я не адмаўляўся працаваць, але адмаўляўся распачынаць працу ў такіх умовах. Начальнік адмовіўся нават уключыць прыбор, каб замерыць узровень загазаванасці на працоўным месцы. Аднак знайшлі чалавека, які быў гатовы працаваць і так. На мяне выклікалі ахову і вывелі з прадпрыемства. Звольнілі за прагул 28 кастрычніка, хоць я афіцыйна пайшоў на бальнічны», – распавядае Аляксей.

Сярод звольненых азотаўцаў вылучаецца жанчына, апаратчыца 5-га разраду Яўгенія Кузікевіч. Падчас слуханняў яна замалёўвае ў нататніку ўсіх удзельнікаў працэсу.

Яўгенія Кузікевіч малюе ў зале суда.
Фота: Белсат

28 кастрычніка яна напісала заяву на страйк і сышла з працы. 30 кастрычніка атрымала заказны ліст, што яе звольнілі за прагул, і яна мусіць забраць сваю працоўную кніжку. Аднак Яўгенія не лічыць, што гэта быў прагул.

– На працы я не адчувала сябе ў бяспецы. 26 кастрычніка я прыехала на завод і хацела трапіць у паліклініку, бо вывіхнула нагу. Але замест гэтага мяне затрымаў АМАП, завезлі ў РАУС і склалі на мяне пратакол аб удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Пасля гэтага я напісала заяву, што не буду працаваць пад прымусам і лічу такую сітуацыю непрымальнай.

– Чаму вы кажаце пра прымус да працы? – запытаў суддзя.

– Сілавікі праз гукаўзмацняльнікі казалі нам усім ісці працаваць. Гэта жах, які цяжка апісаць. Пасля таго, што адбылося 26-га на прахадной заводу, трэба да псіхолага звяртацца, – адказала жанчына.

Андрэй Пагерыла і Сяргей Шэлест былі звольненыя 28 кастрычніка за адсутнасць на працы 1–7 кастрычніка, хоць у гэты час яны адбывалі адміністратыўны арышт. Працоўныя атрымалі па 10 содняў за тое, што ў верасні залезлі на тэлевізійную вышку і вывесілі на ёй бел-чырвона-белы сцяг.

– Што, на самы верх залезлі? – здзіўлена запытаў суддзя.

– Не, дзесьці да сярэдзіны, – адказаў Андрэй Пагерыла.

У мужчынаў была даведка, што яны былі ўвесь гэты час у ізалятары. Адміністрацыя заводу пра сітуацыю ведала і прымала за важкую прычыну. Але пасля падзеяў 26 кастрычніка час у ізалятары прыраўнялі да прагулаў – працоўных звольнілі.

– Пры гэтым мне налічылі 7 прагулаў, але з гэтых сямі дзён палова былі выходнымі, – тлумачыць Сяргей Шэлест.

На малюнку – абаронца з незалежнага прафзвязу.
Фота: Белсат

Азотаўца Артура Богуша звольнілі, калі ён быў у адпачынку. Прычына: адмова ад працы.

Ягонага калегу Аляксея Дарагога звольнілі, калі ён быў на выходным. Прычына – нанясенне шкоды прадпрыемству. Што за шкода, не ўдакладняецца.

Такія фармулёўкі выклікалі лёгкі смех у судовай зале.

У заяве значацца імёны і іншых звольненых азотаўцаў: гэта Дзмітрый Барабан, Уладзімер Жураўка, Дзмітрый Клыкаў, Міхаіл Рачынскі, Яўген Хмялеўскі.

Судовае паседжанне ў гэтай справе адбудзецца 18 студзеня.

Саша Праўдзіна, belsat.eu

Стужка навінаў