Сілавікі распачалі перадследчую праверку адносна Валера Цапкалы


МУС Беларусі ладзіць правяранне па заяве грамадзяніна Турэччыны наконт супрацьпраўнай дзейнасці патэнцыйнага кандыдата на прэзідэнцтва Валера Цапкалы. Раней тэлеграм-каналы апублікавалі заяву турка Сэдата Ігдэджы, якую ён напісаў на былога кіраўніка Парку высокіх тэхналогіяў у Генеральную пракуратуру.

«Для правядзення перадследчай праверкі ў Міністэрства ўнутраных справаў з Генеральнай пракуратуры паступілі матэрыялы па заяве грамадзяніна Турэччыны пра факты супрацьпраўнай дзейнасці Цапкалы В.В. Цяпер праводзіцца праверка», – распавяла TUT.BY прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава.

Прэс-сакратар Цапкалы Аляксей Урбан заявіў belsat.eu, што пакуль ніякіх следчых дзеянняў з удзелам патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты не праводзіліся і прадстаўнікі праваахоўных органаў да экс-кіраўніка ПВТ не звярталіся.

Валер і Вераніка Цапкалы.
Фота: Аляксандр Любянчук / Belsat.eu

Раней у блізкім да сілавікоў тэлеграм-канале «Папаратар» было апублікаванае фота заявы турэцкага бізнесоўца Сэдата Ігдэджы ў Генеральную пракуратуру. Сэдат сцвярджае, што пазнаёміўся з Цапкалам у 2006 годзе, калі той узначальваў Парк высокіх тэхналогіяў. Цапкала нібыта вымагаў у яго хабары і бізнесовец пагадзіўся на гэта. Як гаворыцца ў заяве, турэцкі грамадзянін быццам бы перадаў Цапкалу больш за $ 1 млн у перыяд з 2011-2015 гадоў – грошы ў тым ліку праводзіліся праз афшорныя фірмы на Кіпры. У заяве Сэдата таксама пераказваюцца чуткі, якія тычацца прыватнага (у тым ліку сексуальнага) жыцця патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты. Акрамя таго, Сэдата скардзіцца, што Цапкала і ягоныя людзі ў чэрвені нібыта пачалі шантажаваць бізнесоўца і той нават напісаў заяву ў міліцыю наконт гэтага.

У сеціве з’явілася фота лісту генпракурора Аляксандра Канюка міністру ўнутраных справаў Юрыю Караеву, якому перанакіравалі заяву Сэдата наконт Цапкалы.

Фота: Тэлеграм-канал «Папаратар»

Аляксандр Лукашэнка яшчэ 29 траўня заявіў, што мае кампрамат на Валерыя Цапкалу. «Ён, праўда, хітруе. Не гаворыць, чаму яго прэзідэнт звольніў. Але гэта вы ў яго спытаеце – чаму я яго звольніў. Хай праўдзіва распавядзе. І яму потым не захочацца ісці на выбары. Але ён шчыра не скажа. Трэба – скажам, але мы не хочам займацца гэтым кампраматам», – заявіў ён падчас наведвання МТЗ.

Дом Валерыя Цапкалы.
Фота: «Белсат»

Пазней, 4 чэрвеня, Лукашэнка намякнуў на нейкія махінацыі з продажам дома Цапкалы. «Гэта ж да хлусні дайсці… Пытаюцца: на чые грошы вядзеш гэтую кампанію? – Я дом прадаў і на гэтыя грошы вяду кампанію. Нават калі прадаў, то гэтых грошай хопіць на адзін тыдзень, каб тысячу чалавек штаб утрымліваць ці нават 500 і весці гэтую кампанію», – заявіў ён.

«Але вы паглядзіце, як прадаў? Ён жа жыве ў гэтым доме. Ён прадаў дом свой нейкай кампаніі, яна яму заплаціла грошы, але ён там жыве. Што гэта такое? Гэта фінансаванне перадвыбарнай кампаніі», – падкрэсліў Лукашэнка.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў