«Сіла ў тым, каб пражываць сістэмны прыгнёт разам». У галерэі «Арт-Беларусь» прайшоў перформанс «Достояние»


1 ліпеня з 18:00 да 20:00 у галерэі «Арт-Беларусь» праходзіў перформанс «Достояние», у якім прынялі ўдзел каля 20 аўтараў: мастакі і мастачкі, дзеячы сучаснага тэатру, мастацтвазнаўцы, куратары і куратаркі, арт-менеджаркі ды іншыя прадстаўнікі і прадстаўніцы культуры.

Ідэя «Достояния» належыць мастачцы Надзі Саяпінай:

Надзя Саяпіна.
Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

– Дадзены перформанс, як і любы мастацкі твор, можа мець розныя чытання. І я вельмі рада той шматслойнасці сэнсаў, якую выяўляюць удзельнікі і гледачы. Для мяне ён кажа аб жывым мастацтве і медыятарах, якія робяць яго жывым, нясуць яго праз сябе і літаральна «на сваіх спінах», якія гатовыя «адстаяць» яго каштоўнасць. Аб тым, што любое мастацтва можа быць адначасова здабыткам, мішэнню, сімвалам, мэсэджам, рэчавым і не матэрыяльным, прысутным і адсутным. Мастацтва – гэта людзі, якія за ім стаяць.

І стаяць там, паверце, было вельмі складана фізічна і эмацыйна. І гэта «складана» было важнай часткай перформансу, тым самым пражываннем кожнай і кожнага.

Было шмат перажыванняў за сябе і іншых, шмат любові і падзякі, пачуцці яднання вакол таго, што нам сапраўды важна, і шмат сілы ў гэтым, нягледзячы на фізічную слабасць і нават боль.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»
Фота: Таня Капітонава / «Белсат»
Фота: Таня Капітонава / «Белсат»
Фота: Таня Капітонава / «Белсат»
Фота: Таня Капітонава / «Белсат»
Фота: Таня Капітонава / «Белсат»
Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Як мастачка я была прыемна здзіўленая і бязмерна ўдзячная такой кансалідацыі, бо людзі былі з розных абласцей культуры і мастацтваў, адгукаліся, клікалі адзін аднаго, станавіліся жывымі карцінамі, атрымлівалі новы няпросты вопыт. І ўсё на чыстым альтруізм і ўласных жаданнях. Гэта сапраўды ўсяляе веру ў тое, што мастацтва Беларусі жывое і не заўсёды раздробненае, што мы можам аб’ядноўвацца вакол важных нам ідэі і пры гэтым захоўваць абсалютную індывідуальнасць і свабоду выбіраць.

Артур Камароўскі

Артур Камароўскі.
Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

– Для мяне гэты перформанс – пра падумаць, а што для мяне ёсць «достояние», пра аднаўленне памяці і вяртанне. Датычна гэтых карцін – другое вяртанне. Заўсёды знаходзіліся тыя, хто наша «достояние» заўсёды імкнуўся прыбраць, знішчыць – каб засталася белая пляма: зацерці мінулае, сучаснае, будучыню. Мастацтва часцей за ўсё робіцца сродкам маніпуляцый, бо мастацтва – адлюстраванне жыцця і не заўсёды тым, што яно паказвае, а яшчэ і тым, у якім кантэксце яно знаходзіцца. Асабіста мне было важна вярнуць імя Царфіна ў прастору галерэі. І выстаяць, дастаяць. Достояние – гэта не толькі творы мастацтва, гэта яшчэ і людзі, якія за ім стаяць, найперш.

Яня Зайчанка

Яня Зайчанка.
Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

– У мяне не было думак пра тое, каб не прымаць удзел. У гэтай сітуацыі цяжка застацца абыякавай – у мяне не атрымалася. Мабыць, гэта быў спосаб выказаць маю неабыякавасць.

Яшчэ адну канатацыю дадаваў той факт, што ўсе ўдзельнікі і ўдзельніцы прыйшлі сюды са сферы мастацтва. Для мяне ў гэтым быў моцны пасыл: мы не самі па сабе, мы разам і мы не забываемся на тых, хто былі тут да нас, і мы салідарныя з тымі, хто тут працуе цяпер.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»
Фота: Таня Капітонава / «Белсат»
Фота: Таня Капітонава / «Белсат»
Фота: Таня Капітонава / «Белсат»
Фота: Таня Капітонава / «Белсат»
Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Стаяць было цяжка. То каленкі адымаліся, то плячэй не адчувала, то перад вачыма ўсё плыло. Але нешта нібы трымала мяне на месцы. Было адчуванне, што гэта мой абавязак – быць тут і цяпер.

Багдан Хмяльніцкі

Багдан Хмяльніцкі.
Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

– Для мяне перформанс стаў прасторай для разваг пра посткаланіяльны досвед Беларусі. Стагоддзямі культурныя здабыткі беларусаў_к рабаваліся і вывазіліся ў іншыя дзяржавы, дзе яны дасюль знаходзяцца без належных спробаў дасягнуць іх справядлівага пераразмеркавання. І вось, калі асобныя інстытуцыі незалежнай Беларусі дапамагаюць вярнуць істотную частку спадчыны, спрабуючы перайначыць сітуацыю адвечнага «нічога няма» на карысць уключанасці нашай краіны ў глабальныя культурныя плыні і выбудоўвання адпаведнай самарэпрэзентацыі, у чарговы раз уключаецца гвалтоўны механізм унутранай імперыі. Вернутае ізноў адбіраецца і становіцца закладнікам сумнеўных палітычных інтрыг. Сітуацыя вакол галерэйнай калекцыі працягвае ланцуг прымусовага і безапеляцыйнага адчужэння беларускай спадчыны ўнутранай імперыяй, сярод звенняў якога руйнаванне будынка першай менскай электрастанцыі і шклянога палаца ВДНГ, цыбулізацыя старажытных беларускіх храмаў, знішчэнне дома Гарэцкага, закрыццё Сталоўкі XYZ.

Сваім творам я абраў «Зялёны краявід» Марка Шагала – успамін пра родны горад, які каля стагоддзя таму мастак быў вымушаны пакінуць назаўсёды. Ці застаўся хоць адзін з гэтых будынкаў на мапе Віцебска? Калі не, дык чаму? Як мы ўвогуле можам уплываць на культурныя, палітычныя, сацыяльныя краявіды вакол сябе? Якім чынам не дапусціць знішчэнне ўласных улюбёных «зялёных краявідаў» і пераадолець унутраную імперыю?

Ганна Радзько

Ганна Радзько.
Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

– Надзя добра нас праінструктавала: «Стаяць так складана, і гэта «складана» – важная частка перформансу, бо вы яго не граеце, а жывяце. Але будзьце ўважлівыя да сабе і самаадчуванню».

І я сапраўды вырашыла пражыць гэтае «стаянне». Ты рэдка апыняешся сам з сабой без гаджэтаў і іншага шуму. А тут было так ціха, хоць больш за 20 удзельнікаў стаялі каля сцен, што ў нейкі момант з заплюшчанымі вачыма я адчувала сябе абсалютна адна ў зале.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»
Фота: Таня Капітонава / «Белсат»
Фота: Таня Капітонава / «Белсат»
Фота: Таня Капітонава / «Белсат»
Фота: Таня Капітонава / «Белсат»
Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Спачатку кружылася галава і здавалася, што не хапае паветра, кропелькі поту адна за адной цяклі па спіне. Разглядала свой QR-код і разумела, што адрозню яго сярод тысячы такіх.

Я абрала адну з сваіх любімых карцін у калекцыі Белгазпрамбанка – Леон Бакст «Купальшчыкі». Яна неверагодна сонечная, французская, марская і пляжная.

Кірыл Калбаснікаў

Кірыл Калбаснікаў.
Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

– Удзельнічаць было прыемна і цяжка адначасова. Цяжка фізічна: я не чакаў, што стаяць дзве гадзіны нерухома, будзе настолькі складана. Некалькі разоў пачынала балець спіна, чамусьці нямелі пальцы на левай руцэ. Двойчы, калі чуліся сірэны ці то «хуткай», ці то міліцыі, думалася, ці не па нас гэта едуць. Было крышачку боязна, але не моцна: абіраў рацыю, а не эмоцыю. Хаця дзеянні сілавікоў апошнім часам назваць лагічнымі немагчыма. Калі стаяць рабілася зусім цяжка – стома прыходзіла і сыходзіла хвалямі, – узгадваў пра незаконна затрыманых людзей, якія стаялі і стаяць у будынках міліцыі і КДБ, якіх трымалі да раніцы на вуліцы, і якім не было дзе сесці. І рабілася лягчэй. Адчуваў еднасць з імі, пачынаў лепей разумець, чаму людзей так катуюць. І таксама адчуваў гонар за нашых людзей, якіх гэта не спыняе, якім проста пашанцавала крыху меней, і якіх хапалі, але не зламалі.

І канешне, было прыемна, што мы стаім у галерэі перад QR-кодамі з прымацаванымі на спіны раздрукоўкамі мастацкіх прац, каб прыцягнуць увагу да гэтых варварскіх падзей, каб выказаць салідарнасць, каб паказаць, што нас шмат не толькі ў крытычныя моманты, але заўжды, і мы гатовыя стаяць да канца.

Ірына Лукашэнка

Ірына Лукашэнка.
Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

– Можна нешта забараніць, зняць карціны са сцен, абясцэньваць і ігнараваць. А можна вучыцца, разумець і любіць, захапляцца і ствараць.

Можна «зачыніць пад замок» мастацтва, літаратуру, гісторыю і яе герояў. Але ёсць мы – жывыя людзі – носьбіты ведаў і культыватары каштоўнасцяў. Ёсць культурны код – ён у нас закладзены, ён не знікае па ўказе або капрызе, але перадаецца ад чалавека да чалавека, ад пакалення да пакалення, і пры гэтым ствараецца свядома тут і цяпер. Ёсць ролі, кожны выбірае сам – хто ён ці яна сёння і як гэта адабʼецца на яго заўтра. Свядома ці не вельмі мы гуляем у спажыўцоў або стваральнікаў, якія вядуць або кіруюцца – і ўсё роўна, гаворка пра культуру ці нешта іншае.

У кропцы перасячэння часу, гістарычных наратываў і культурных – людзі.

І калекцыя работ сусветна вядомых мастакоў родам з Беларусі, якую мы маглі на свае вочы бачыць яшчэ нядаўна ў галерэі «Арт-Беларусь» – гэта, па сутнасці, ініцыятыва людзей, а не міністэрстваў, сістэм, аддзелаў ідэалогіі і ім падобных.

Даша Чурко

Даша Чурко.
Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

– Спачатку я адчувала злосць. Злосць і сілу. Я пачала разглядаць QR-код і як быццам бы адчула тую карціну, якая вісела ў мяне на спіне. А затым гучалі словы аб канфіскаваных карцінах і скрыпка. Я адчула спакой і ўпэўненасць у тым, што можна адабраць усё, акрамя ўспамінаў, пачуццяў і думак – нешта накшталт гэтага. Бесперапынныя гукі «хуткай» і скрыпка – як трывога і спакой. А далей была цішыня, якая дазваляе адпусціць усе эмоцыі і адчуваць толькі цела. Як быццам бы не было вакол людзей, толькі я і маё велізарнае жаданне «адстаяць карціну»!

Пагасла святло. Я накіравалася да выхаду і апошняе, што да гэтага часу засела ў галаве – «Дзякуй!» – сказанае адміністратаркай са слязамі і ўсмешкай. І ўсё быццам бы стала нездарма. І надзея як быццам бы павялічылася ў абʼёмах. Дзякуй Надзе за гэты выдатны перформанс

Яніс Саар

Яніс Саар.
Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

– Я квір-мастач_ка, арт-актывіст_ка, удзельні_ца ВІА «Красный Борщевик».

Мне цікава, як улада і цялеснасць працуюць на стыку сваіх умоў і праяў праз інструменты мастацтва і гісторыя з гэтымі працамі на сценах. Я магу прамаўчаць пра гэта, але сіла ў тым, каб абʼяднаюцца і пражываць сістэмны прыгнёт разам.

Аўтарка ідэі: Надзея Саяпіна. Удзельнікі(-цы): Яніс Саар, Маша Таніна, Ганна Радзько, Аксана Жгіроўская, Валянціна Мароз, Крысціна Брукштын, Ульяна Няўзорава, Ірына Лукашэнка, Дзмітрый Ой, Лена Агарэлышава, Кірыл Калбаснікаў, Яня Зайчанка, Марыя Бяльковіч, Надзея Саяпіна, Багдан Хмяльніцкі, Артур Камароўскі, Саша Бабкова, Генадзь Архіпаў, Наташа Брык, Крысціна Іванцова, Даша Чурко, Ганна Смалякова, Святлана Смульская, Аляксандр Гануліч.

Таня Капітонава belsat.eu

Стужка навінаў