Сігналы з космасу, жаўнеры NATO і 15 тысяч для Ціханоўскай. Топ-12 недарэчных заяваў Лукашэнкі пра падзеі ў Беларусі


Belsat.eu сабраў самыя фантастычныя гісторыі, якія распавядаў Аляксандр Лукашэнка пра падзеі ў Беларусі ў апошнія два месяцы.

Выратаваў жыццё Ціханоўскай

Лукашэнка 9 кастрычніка распавёў, што ён выратаваў жыццё Святлане Ціханоўскай, бо яе нібыта хацела забіць апазіцыя ў якасці «сакральнай ахвяры». Быццам бы Ціханоўская сама папрасіла Лукашэнка вывезці яе за мяжу.

«Мы разумелі, што можа быць бяда. І я аддаў распараджэнне: мы пад аховай, па яе жаданні, з людзьмі, пра якіх яна папрасіла, каб яе суправаджалі, вывезлі ў Літву да дзяцей. І калі яна сказала, што ў яе няма грошай, каб там пражыць, я распарадзіўся, і з дзяржпрадпрыемства ўзялі 15 тысяч долараў і аддалі ёй. «Вялікі дзякуй вам», – плакала на шыі. Вывезлі», – заявіў ён.

Распавядаў пра напады на АМАПаўцаў

Ля Палаца Незалежнасці ў Менску, Беларусь. 23 жніўня 2020 г.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

15 жніўня на паседжанні Савету Бяспекі Лукашэнка распавядаў пра тое, што арганізатарамі пратэстаў у Беларусі з’яўляюцца вонкавыя сілы, а ў першых шэрагах ідуць крымінальнікі, якія нападаюць на АМАП са спіны:

«Гэта што, амапаўцам гэта трэба ці міліцыі? Ды яны трэнаваліся спакойна, у гэтай казарме жылі. Але яны выйшлі, каб абараніць іх, а яны іх у спіну. З нажамі, заточкамі, на ДАІ… Гэта ж адмыслова!»

Аднак дагэтуль ніводнага факту нападу на сілавікоў з нажамі і заточкамі ўлады не прывялі.

Палохаў жаўнерамі NATO

Адразу пасля таго як у Беларусі пачаліся масавыя пратэсты, Лукашэнка стаў гаварыць пра пагрозу NATO. Падчас выступу на праўладным мітынгу 16 жніўня ён нават заявіў, што менавіта ягоныя апаненты хочуць увесці ў Беларусі жаўнераў NATO – прычым чамусьці менавіта прадстаўнікоў іншых рас.

«Нам прапануюць новую ўладу. Нам прапануюць жаўнераў NATO – чарнаскурых, жаўтаротых і белабрысых».

Фотарэпартаж
Месяц пратэстаў у фотаздымках
2020.09.09 10:16

Казаў пра польскія сцягі ў Горадні

У жніўні Лукашэнка сцвярджаў, што на Гарадзеншчыне паўсюдна вывешваюць польскія сцягі, а ў Варшаве ўжо заяўляюць пра намер захапіць заходнія вобласці Беларусі. Праўда, ніхто акрамя Лукашэнкі не чуў такіх заяваў і не бачыў гэтых сцягоў.

Аляксандр Лукашэнка ў Горадні, 22 жніўня 2020 г.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Вядома, мы ніколі не будзем мірыцца з тым, што ў Горадні вывешваюць польскія сцягі на балконах і ўжо ў адкрытую заяўляюць: пры распадзе Беларусі Гарадзенская вобласць адыдзе Польшчы», – казаў Лукашэнка.

Заўважыў толькі 20 незадаволеных рабочых

Ля МТЗ натоўп сустракае работнікаў завода крыкамі «Малайцы!», «Дзякуй!», «Забастоўка». Менск, Беларусь. 18 жніўня 2020 г.
Фота: Belsat.eu

У першы тыдзень пасля выбараў, калі на буйных заводах пачаліся хваляванні рабочых, Лукашэнка заявіў, што незадаволеных там толькі 20 чалавек:

«Як мне далажылі, на МАЗе ці МТЗ быў прыклад адзін: там 20 чалавек вырашылі выказаць сваё меркаванне, пакінулі працу і пайшлі. Загадчык вытворчасцю кажа: добра, ідзіце хлопцы, у мяне людзей хапае, уся гэтая зарплата вось гэтых людзей. Абгарнуліся, пайшлі назад на працу».

Словы Лукашэнкі вельмі пакрыўдзілі і раззлавалі людзей. У той жа дзень рабочыя МТЗ спынілі працу і зладзілі шэсце да Дому ўраду з расцяжкай «Не авечкі, не быдла, не народзец. Мы работнікі МТЗ. Нас не 20 чалавек, а 16 000».

Рэпартаж
«Ціханоўскую патрабуем вярнуць». Як пратэставалі рабочыя МТЗ і МАЗа
2020.08.15 03:13

Скардзіўся, што за ім сочаць з космасу

У інтэрв’ю расейскім журналістам Лукашэнка тлумачыў, што падчас акцыі пратэсту 23 жніўня сваім палётам на верталёце ён разагнаў усіх дэманстрантаў пад Палацам незалежнасці. А амерыканцы пры гэтым сачылі за ім з космасу і перадавалі сігналы:

«Я саджуся ў верталёт, але яны ж, сволачы, амерыканцы жа кіруюць, яны ж з космасу бачаць усе, і яны ў свой цэнтр пад Варшавай далі сігнал, што прэзідэнцкі верталёт падняўся. І вось як толькі прэзідэнцкі верталёт падняўся, а гэта літаральна, ну вось калі наўпрост, паўтара кіламетра, так было, па-мойму, – яны пабеглі. Яны пачалі разыходзіцца».

Казаў, што адмыслова вызваляе частку Менску па нядзелях, каб людзі маглі прайсціся

https://www.facebook.com/132311930129239/videos/1796715213801585

На сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Сочы 14 верасня Лукашэнка спрабаваў зрабіць выгляд, што пратэставыя акцыі ў Беларусі яго зусім не хвалююць:

«З усмешкай гляджу на тое. У нас у суботу марш жанчын і дзяўчат, а ў нядзелю агульны марш. У звычайныя дні краіна жыве звычайным жыццём. Ды і ў суботу і нядзелю. Частку Менску мы вызваляем для таго, каб людзі маглі, калі ў іх ёсць жаданне, прайсціся».

Называў Каардынацыйную раду «чорнай сотняй»

Прэсавая канферэнцыя Каардынацыйнага савету. Менск, Беларусь. 24 жніўня 2020 г.
Фота: Света Фар / belsat.eu

Лукашэнка вельмі нервова адрэагаваў на стварэнне Каардынацыйнай рады апазіцыі, заявіўшы, што яна складаецца з «адвязаных нацыстаў» і «былых прыкарытнікаў». Саму раду Лукашэнка чамусьці параўнаў з «чорнай сотняй» – праварадыкальнымі антысеміцкімі арганізацыямі ў дарэвалюцыйнай Расеі, якія выступалі пад лозунгамі абароны самадзяржаўя і праваслаўя. Якія агульныя рысы ён пабачыў паміж чарнасоценцамі і КР – Лукашэнка не патлумачыў.

«Я ўжо пра гэта казаў: створана так званая чорная сотня для прыёму, перадачы ўлады. Так званы штаб апазіцыі. Што дзіўна, там ужо сталі ў чэргі і дзеляць партфелі. Я хачу сказаць: паважаныя чарнасоценцы, у краіне няма такой колькасці партфеляў, колькі вас стаіць у чарзе. Мятла і рыдлёўкі ў нас ёсць. Мы забяспечым».

Супярэчліва тлумачыў знікнення Калеснікавай

Марыя Калеснікава
Удзельніца прэзідыума Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава размаўляе з журналістамі па дарозе на допыт у Следчы камітэт. 27 жніўня 2020 года.
Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu

Пасля выкрадання Марыі Калеснікавай і няўдалай спробы яе дэпартаваць Лукашэнка сам заблытаўся ў тлумачэннях таго, што здарылася. Нібыта Калеснікава па ўласнай ініцыятыве легальна хацела выехаць ва Украіну да сястры і нават прайшла памежны кантроль, але потым яе чамусьці спынілі і выкінулі з машыны.

«Яна і двое – не тое сябры, не тое кіроўцы, не тое блізкія, не тое далёкія – яны сёння беглі ва Украіну. І ў іх дакументы – усё было аформлена загадзя. Яны прад’явілі пашпарт на нашым участку. Мытнікі, памежнікі прапусцілі іх. Далей – участак дзяржаўнай мяжы і пост украінцаў. Але паміж гэтымі пастамі – нездарма, напэўна, туды паехалі – 8-9 км паміж імі. І там, у сілу ўзмацнення на сваёй палове за гэтай пасадай асноўным, мы выставілі ўзмацненне. Мяжа ўзмоцнена ахоўваецца, таму мы выставілі пост. Натуральна, іх спынілі. Яны на сваім аўтамабілі – па газах. Яе ці то выкінулі з машыны – ну, на хаду».

Чаму на наступны дзень Калеснікава аказалася ў менскім СІЗА ў якасці фігуранткі крымінальнай справы паводле арт. 361 («закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы») – Лукашэнка не патлумачыў.

Абяцаў разабрацца з пратэстамі ў бліжэйшыя дні

«Марш вызвалення» ў Менску. 4 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

У другой палове жніўня Лукашэнка некалькі разоў абяцаў вельмі хутка задушыць пратэсты. Напрыклад, 21 жніўня падчас наведвання агракамбінату «Дзяржынскі» Лукашэнка заявіў наконт пратэстаў:

«Гэта не павінна вас хваляваць, гэта мая праблема, якую я павінен вырашаць, і мы яе вырашаем. І, паверце, у бліжэйшыя дні вырашым».

Аднак вырашыць гэтую праблему не атрымалася, пратэсты не спыняюцца дагэтуль. Кожную нядзелю ў Менску на дэманстрацыі выходзяць ад 100 да 200 тысяч чалавек.

Заявіў, што план па знішчэнню Беларусі ЗША рыхтавалі 10 гадоў

Жаночы марш у Менску, 19 верасня.
Фота: Belsat.eu

У верасні, паколькі пратэсты працягваліся, Лукашэнка высунуў новую канцэпцыю: нібыта гаворка ідзе пра сем этапаў па знішчэнню Беларусі. А пратэсты ў жніўні былі толькі 5-6-м этапам. Паводле Лукашэнкі, вонкавыя агрэсары рыхтавалі гэты план аж 10 гадоў.

«Каб адразу зняць усе маскі, назавем гэтых гульцоў пайменна. На ўзроўні глабальных цэнтраў гэта перш за ўсё Злучаныя Штаты Амерыкі, больш канкрэтна – іх сетка фондаў па падтрымцы так званай дэмакратыі. На еўрапейскім кантыненце актыўна дзейнічалі амерыканскія сатэліты: Польшча, Літва, Чэхія і, да жаль, наша Украіна».

Апублікаваў перамовы Ніка і Майка пра «крэпкага арэшка»

У верасні Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са прэм’ер-міністрам Расеі Міхаілам Мішусціным заявіў, што беларуская выведка нібыта перахапілі перамовы Варшавы і Берліна, з якіх вынікае, што Аляксей Навальны не быў атручаны.

«Учора ці пазаўчора, я дакладна не памятаю, да выступу Мэркель мы перахапілі размову. Мы так разумеем, Варшава размаўляе з Берлінам. Два абанента на сувязі. Перахапіла наша радыёэлектронная вайсковая разведка. Паколькі там разгорнутыя часткі, і мы, вядома, вядзем і ў радыёсферы проціборства з натаўцамі. І мы перахапілі цікавую размову, якая (я вам дам пачытаць яе, мы падрыхтуем і накіруем у ФСБ) выразна кажа пра тое, што гэта фальсіфікацыя. Ніякага атручвання Навальнага не было».

На апублікаваным 4 верасня запісу двое невядомых (Нік і Майк) размаўляюць на ангельскай мове. Не тлумачыцца, хто гэтыя людзі. Нібыта мэта гісторыі з атручваннем Навальнага – адбіць «ахвоту Пуціну сунуць нос у справы Беларусі». Што тычацца Лукашэнкі, то невядомыя галасы называюць яго «крэпкім арэшкам» і заяўляюць, што «чыноўнікі і вайскоўцы верныя прэзідэнту».

Hавiны
Апублікаваная гутарка невядомых, якую Лукашэнка выдае за «перамовы Варшавы і Берліну»
2020.09.04 22:12

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў