Шырокіна – усцяж гарачая кропка на мапе Украіны


Цяжка паверыць, што недалёка ад мірнага паўмільённага Марыупалю цягнуцца няспынныя баі. Спецыфічныя навіны ў выглядзе сухіх ваенных зводак – звычайная справа для мясцовых СМІ. У лютым 2019-га спаўняецца 4 гады пасля вызвалення ад расейскай акупацыі прыморскага ўкраінскага пасёлку Шырокіна. У выніку тых падзеяў лінія фронту адсунулася на некалькі кіламетраў на ўсход ад стратэгічна важнага Марыупалю.

Адной з прычынаў вызвалення Шырокіна Узброенымі сіламі Украіны быў абстрэл варожымі войскамі з артылерыйскіх установак ГРАД жылога мікрараёну Усходні. Тады ў Марыупалі загінулі 29 мірных жыхароў, каля сотні былі параненыя. Сярод іх – падлеткі і дзеці.

Стаянка, што згарэла разам з аўтамі, прамыя траплянні. Мікрараён Усходні, Марыупаль 16 студзеня 2015. Фота Юлія Гаркуша/belsat.eu

«Мае дзеці тады былі ўдома на Усходнім, мы ўжо эвакуявалі іх у Марыупаль. А мы з мужам яшчэ жылі ў Шырокіна і слухалі, як снарады лётаюць на горад… Сувязі з Усходнім тады не было, я стаяла ў сваёй краме, і ў мяне з паліцаў пасыпаліся слоікі ад стрэлаў, я налічыла каля 80. Потым дазванілася да сяброўкі, яна сказала – Наташа, там усё ў дыму», – распавядае Наталля Лагозінская, перасяленка з Шырокіна.

Кватэра з відам на «рускі мір» і Шырокіна, разбураная расейскімі «Градамі». Від на мяжу з РФ, мікрараён Усходні, Марыупаль, 16 студзеня, 2015. Фота Юлія Гаркуша/belsat.eu

Дом на моры – з відам на фронт

Цяпер сяло Шырокіна, у якім у Наталлі быў дом, праца і гаспадарка, цалкам разбуранае. Але засталіся яго жыхары. У большасці сваёй яны рассяліліся ў бліжэйшым Марыупалі.

Наталля з мужам Аляксандрам, с. Шырокіна 2012 г. здымак з Facebook

З Наталляй сустракаемся ў яе бістро, тут сёння раздаюць гуманітарную дапамогу. Жыхары Шырокіна атрымліваюць стандартны набор – адну скрынку са сродкамі гігіены і яшчэ адну – харчовую. Памяшканне кавярні – сярод шматпавярховікаў Усходняга, мікрараёну ад цэнтру аддаленага і набліжанага да лініі размежавання.

Лінія размежавання адзначаная чырвоным колерам. Клікніце на малюнак, каб павялічыць

«Ну, а што, там насельніцтва паўтары тысячы ў сяле было. Амаль кожны адзін аднаго ведаў, як у вёсках бывае. Ведаеце? Я ж цяпер і тут з кожным вітаюся. Кожная гэтая бабуля, якая мела агарод, сад, цяпер сядзіць у кватэрах у чатырох сценах. Скардзяцца мне, мы б удома ўжо недзе, ужо неяк варушыліся! А інструмент садовы ўвесь удома застаўся. Ну, вось на першы суботнік нас сабраліся 40 асобаў. Рыдлёўкі з граблямі нам прынеслі мясцовыя жыхары, за гэта мы іх частавалі каваю».

Кава свая, спонсар – адзін з трох сваіх жа фаст-фудаў, якія Наталля адкрыла ў прыфрантавым Марыупалі. Прыняла да сябе на працу яшчэ шасцярых такіх жа перасяленцаў, суседзяў з Шырокіна.

«Быў такі час, што і на хлеб не было. А на вочы трапляліся грантавыя праграмы для перасяленцаў. Я чытала і нічога не разумела. Потым убачыла аб’яву пра бізнес-трэнінг. Схадзіла – і першы дзень увечары плакала і піла лекі ад галаўнога болю. Муж і ўсе блізкія казалі – ды навошта яно табе, кінь!»

У выніку грант Лагозінская атрымала, першы, але не апошні. Першага на паўнавартасны бізнес не хапіла, таму прыйшлося падключаць арганізацыю, што дапамагае грамадзянскаму насельніцтву SIMIC і УСУ. Каб трапіць у разбітае Шырокіна, напісалі заяву, нанялі аўто без кіроўцы. Абследаваўшы руіны, вывезлі пару рабочых рэфрыжэратараў і пабітую вітрыну з шырокінскай крамы, у якой калісьці працавала Наталля.

Вайскоўцы і «выратаваныя» лядоўні, 2016 г.

Няшчасныя супадзенні

4 верасня 2014 году быў першы масіраваны абстрэл Шырокіна, узгадвае Наталля, і сям’я вымушаная была раздзяліцца – спачатку ў горад павезлі дзяцей.

«А мы вярнуліся, у мужа сталярная майстэрня была і рамонт чоўнавых матораў. У мяне там крамка была, да таго, як выехалі, прынамсі хлеб людзям прывозілі».

Акрамя таго трымалі вялікую птушыную гаспадарку на некалькі сотняў галоваў. Птушку паспелі перапрацаваць на тушонку, але сутарэнне з запасамі застаўся пахаваны пад абломкамі дому. 12 лютага 2015 прыйшлося зʼехаць і дарослым. У дом трапіла адразу 6 снарадаў.

«Мы з мужам былі ў сутарэнні. У нас разбурылі ўсё. За адзін «прылёт». З сабою ў сутарэнні ў нас быў ноўтбук і пакет дакументаў. Страшна, у гэты час у Шырокіна ў санаторыях жылі перасяленцы з Луганскай», – кажа Наталля.

Так супала, што ў гэты ж дзень, 12 лютага, жыхар Марыупалю Альберт Хомяк, ваенны капелан, дапамагаў эвакуяваць рэшткі мірнага насельніцтва.

Каплан Альберт Хомяк на фронце. Крыніца Facebook

«Упершыню я трапіў у Шырокіна 12 лютага 2015 г. – гэта быў адзін з дзён аперацыі па вызваленні Шырокіна, тады «азоўцы» (байцы палку «Азоў» – Заўвага. Belsat.eu) пачалі наступ на акупантаў. Мы (з хрысціянскай місіяй – Заўвага. Belsat.eu) вазілі гуманітарную дапамогу, харчаванне, свечкі, там не было электрыкі… Калі мы прабіраліся ў сяло, быў такі страшны абстрэл! Мы мітусіліся, бо ўпершыню патрапілі ў такую ​​сітуацыю. У выніку кінулі аўта, і нас выратаваў вайсковец. Ён адвёў нас у сутарэнне, дзе хаваліся яшчэ з дзясятак мясцовых жыхароў. І вось мы колькі маглі раздалі дапамогу, але ў выніку апынулася, што ехалі мы туды эвакуяваць людзей. І так мы вывозілі людзей цэлы дзень… Нам няма чаго там рабіць цяпер, там засталіся толькі вайскоўцы, а ўмовы праезду сталі больш жорсткімі. Разам са зменамі ў правілах знаходжання на перадавой мы перасталі ездзіць у Шырокіна», – распавядае Альберт Хомяк.

Капланы на прыступках разбітай школы Шырокіна. Крыніца Facebook

Тыя, што бягуць ад вайны

Справка
Марыупаль – лідар сярод усіх гарадоў Украіны па колькасці прынятых іншагародніх жыхароў. Па інфармацыі Данецкай абласной ваенна-грамадзянскай адміністрацыі ад 14 лютага 2019 году, тут асела 97 067 асобаў. Сярод іх больш за 24 тысяч – асобы працаздольнага ўзросту. Усяго ў Украіне 1,5 мільёны ўнутраных перасяленцаў, так афіцыйна называюць украінцаў, што бягуць ад цеснай блізкасці з вайной.

За перыяд актыўных баёў 2015 году частка жыхароў Шырокіна, а гэта каля 1000 асобаў, перабралася ў Марыупаль, паведамляе Таццяна Падобная, кіраўнік грамадскай арганізацыі Шырокіна. Цягам гэтага часу ў прыфрантавым Марыупалі ў сем’ях перасяленцаў нарадзілася 20 малых, яшчэ каля 100 дзяцей – ва ўзросце ад 3 да 14 гадоў. Амаль усе семʼі жывуць у арандаваным жыллі. Пакуль толькі трое атрымалі сацыяльнае жыллё ад дзяржавы.

Украіна – мінны антылідар

Жэнеўскі цэнтр гуманітарнага размініравання Fondation Suisse de Déminage з’яўляецца адной з міжнародных арганізацыяў, якая дапамагае Украіне пазбавіцца ад мін і снарадаў, што не разарваліся. У лютым 2018 году GICHD апублікаваў справаздачу, з якой вынікае, што Украіна – на першым месцы, абагнаўшы нават Афганістан і Сірыю, па колькасці пацярпелага мірнага насельніцтва ад супрацьпяхотных і супрацьтанкавых мінаў.

Размініраванне тэрыторыі Данецкай і Луганскай вобласцяў нават пасля поўнага спынення баявых дзеянняў можа доўжыцца ад 10 да 20 гадоў. Колькі гэта будзе каштаваць краіне, пакуль сказаць складана. Поўны набор аперацыяў па гуманітарным размініраванні каштаваў, напрыклад, Харватыі $ 550 млн.

Интервью
Нищие в гостях у бедных? Как в России живут украинские беженцы
2018.12.28 17:22

Адмыслоўцы таго ж Жэнеўскага і Стакгольмскага цэнтраў падлічылі, што ў 2016 годзе на долю Украіны прыходзілася 20% усіх зарэгістраваных «мінных» інцыдэнтаў і 24% усіх людзей, якія пацярпелі ад разрываў мін на планеце.

У 2016 годзе пачаўся этап не тэхнічнага даследавання тэрыторый. Зводная мапа ад Мінабароны Украіны, дзе каляровымі кропкамі намаляваная інфармацыя ад міжнародных арганізацыяў, што займаюцца размініраваннем на тэрыторыі Украіны, у вольным доступе – Fondation Suisse de Déminage, Danish Demining Group, The Halo Trust. Зводная статыстыка па мапе кажа пра тое, што на дадзены момант яны часткова абследавалі тэрыторыі Данецкай і Луганскай вобласцяў – гэта 242 месцы, забруджаныя мінамі, і агульнай плошчай у 28 тыс. 554 кв.м. І гэта толькі частка вызваленых ад акупацыі тэрыторыяў.

Шырокіна на гэтай мапе не адзначанае. Там усцяж штодня чуваць гукі вайны, і праходзіць лінія фронту – так званы «нуль».

Гэта адзіны населены пункт, куды пасля эвакуацыі не вярнулася ніводная асоба. Тыя хаты і будынкі, што ацалелі ад выбухаў снарадаў, разбурыў час. Уся тэрыторыя пасёлка замініраваная.

«Вайскоўцы пакінулі для сябе нейкія вулачкі для перамяшчэння. А шмат якія дамы замініравалі яшчэ з таго боку, – распавядае каплан Альберт Хомяк, – думаю, цягам бліжэйшых дзесяці гадоў туды людзі не вернуцца. Калі назваць гэта адным словам – я бы сказаў слова «хаос».

*****

Зімою 2018 году, а менавіта 6 снежня, Вярхоўная Рада Украіны прыняла некалькі важных законапраектаў. Першы – пра мінную бяспеку зоны баявых дзеянняў на Усходзе краіны, а дакладней пра супрацьмінную дзейнасць ва Украіне, і другі – пра прылеглую зону Украіны, што дае памежнікам берагавой аховы паўнамоцтвы на адкрыццё агню без папярэджання ў выпадку адбіцця нападу з мора. Ужо 26 лютага 2019 году прэзідэнт Пётр Парашэнка зноў гаворыць пра дадзеныя разведкі і пра пагрозу поўнамаштабнай атакі. На марыупальскім накірунку зноў напружана, РФ разгортвае на мяжы сістэмы «Іскандэр», а зводкі з фронту кажуць пра забітых і параненых амаль штодня. Так, цягам апошніх двух содняў, паводле інфармацыі прэс-цэнтру штабу Аперацыі Аб’яднаных Сілаў, 25-26 лютага загінуў адзін украінскі вайсковец, адзін трапіў у палон, яшчэ чацвёра параненыя.

Чытайце і глядзіце таксама:

История нахимовцев, которые в 2014 год остались верными Украине.

Помните тех смелых парней из Нахимовского училища, которые в 2014 году пели украинский гимн? Посмотрите, что с ними сейчаc.https://naviny.belsat.eu/ru/?p=995861

Opublikowany przez Вот Так TV / «Белсат» по-русски Wtorek, 26 lutego 2019

Юлія Гаркуша-Галко, belsat.eu

Стужка навінаў