Шыльда памяці ахвяраў сталінізму пад Воршай паўстане на чатырох мовах


Сваякі рэпрэсаваных у Воршы ў чарговы раз наведалі мясцовы райвыканкам. Падчас абмеркавання з кіраўніцтвам гораду атрымалася зацвердзіць тэкст на шыльдзе памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Памятны знак будзе на чатырох мовах.

25 ліпеня пяцёра сваякоў рэпрэсаваных пад Воршай схадзілі на прыём да кіраўніка гораду Аляксандра Пазняка. Галоўнаю мэтай візіту было абмеркаванне тэксту на шыльдзе, што мае зʼявіцца на памятным камяні ва ўрочышчы Кабылякі.

Выбіралі з некалькіх варыянтаў, якія прапанавалі самі сваякі рэпрэсаваных. У выніку абмеркавання зацвердзілі надпіс «Памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў», які будзе выкананы на чатырох мовах: беларускай, расейскай, польскай і іўрыце. Аляксандр Пазняк паабяцаў, што фінансавымі справамі зоймецца райвыканкам.

Абмеркавалі і добраўпарадкаванне памятнага месца. Вырашылі, што гэтай справай будуць займацца сумесна сваякі рэпрэсаваных ды гарадскія ўлады. У сваю чаргу Аляксандр Пазняк заўважыў, што нядаўна сам пабываў на Кабыляцкай гары і быў непрыемна здзіўлены тым, што там убачыў: станам магілаў і крыжоў ды шыльдамі на дрэвах. Кіраўнік гораду выказаў меркаванне, што ўсё гэта варта будзе прыбраць, бо гэта няправільна і парушае закон.

«Вынікамі візіту я засталася задаволеная. Прыемна, што ён (Аляксандр Пазняк) аднёсся да нас пазітыўна. Я не ведаю, як гэта ўсё сапраўды будзе, але мне здаецца, што ён чалавек слова. Я думаю, што ўсё будзе добра. Я рада, што яны заняліся пытаннем добраўпарадкавання – гэта вельмі важна. Людзі павінны мець мажлівасць дабрацца да гэтага месца», – кажа Дзіна Кацар, унучка расстралянага.

Памятны валун на Кабыляцкай гары

Кабыляцкая гара – адно з месцаў сталінскіх рэпрэсіяў пад Воршай і другое афіцыйна прызнанае ў Беларусі (пасля Курапатаў). Яшчэ ў 1982 годзе падчас будаўніцтва чыгункі ва ўрочышчы знайшлі рэшткі 50 расстраляных. На пачатку 90-х мясцовыя ўлады ўсталявалі на месцы расстрэлаў памятны знак у выглядзе вялізнага гранітнага валуна з шыльдай. Памятную шыльду неаднаразова кралі, і цяпер ад яе засталіся толькі сляды на валуне. Адначасова з гэтым мясцовыя чыноўнікі паступова пачалі адмаўляцца ад месца расстрэлаў, у выніку чаго Кабыляцкая гара цяпер мае невыразны статус.
Згодна з ацэнкамі даследчыкаў, тут расстраляныя ад 300 да 5000 чалавек.

Віктар Старавойтаў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары