Швейцарца аштрафавалі на $ 4000 за лайк


Суд у Цюрыху вынес прысуд 45-гадоваму мужчыне і абавязаў яго выплаціць штраф у памеры 4000 франкаў ($ 4100).

Паводле «The Local Switzerland», у 2015 годзе асуджаны швейцарац, імя якога не называецца, паставіў «лайк» пад каментаром актывістаў, якія абвінавачвалі кіраўніка асацыяцыі па абароне жывёлін Эрвіна Кеслера ў расізме і антысемітызме.

Кеслер падаў у суд не толькі на аўтараў каментароў, аое і тых, хто іх «залайкаў», патлумачыўшы гэта тым, што «лайк» прасоўвае публікацыю і робіць яе бачнай для большай колькасці карыстальнікаў.

Суддзя адзначыў, што «лайк» азначае адабрэнне, і адказчык такім чынам прадэманстраваў, што ён згодны са зместам абразлівых каментароў.

У 1998 годзе Кеслер атрымаў невялікі тэрмін зняволення пасля таго, як публічна параўнаў рытуальны забой жывёлін паводле габрэйскіх традыцыяў са злачынствамі нямецкіх нацыстаў.

ЮВ, belsat.eu, паводле bbc.com

Стужка навінаў