Шушкевіч: Калі ёсць пагроза, еўрапейцы паводзяць сябе нелагічна. Пуцін гэта разумее


Першы кіраўнік незалежнай Беларусь разважае, ці пакінуў бы ў краіне ядравую зброю зараз і навошта ёй брацае Крэмль.

«Белсат»: У фільме «Крым. Шлях на Радзіму» Пуцін распавёў пра тое, што фактычна пагражаў сваім партнёрам прывесці ў стан баевой гатовасці ядравую зброю. Як пракаментуеце гэта?

Станіслаў Шушкевіч: Ведаеце, мяне апошнім часам нічога не здзіўляе. Расеі няма чым самазацвердзіцца. І таму яна будзе брацаць зброяй. І тое, што робіць Пуцін, абсалютна недапушчальна. Але я з гэтай нагоды прагледзеў усю гісторыю існавання Савецкага Саюза. Самай магутнай зброяй таксама бразгалі, калі далучалі Прыбалтыйскія рэспублікі. Відавочна, нічым іншым праславіцца Пуцін не можа, як гэтым брацаннем. І я скажу, што гэта страшнейшая праблема для Еўропы. Таму што самае таннае ўзбраенне, якое ёсць у Расеі – гэта чалавечыя жыцці. Кінуць там, загубіць тысячу расейцаў – гэта што раз плюнуць Пуціну. А калі жыццю заходніх людзей нешта пагражае, тым больш ядравая зброя, баюся, што яны стануць падатлівымі і будуць дзейнічаць не вельмі лагічна. Гэта разумее Пуцін. Ён такім чынам шантажуе заходнюю дыпламатыю і заходнія краіны.

«Белсат»: Вось гэтае брацанне зброі, каму гэта сінгал найперш – Украіне, Еўропе ці ЗША?

Станіслаў Шушкевіч: Усім. Ён кажа: «У нас новая вайсковая дактрына, мы можам ужываць зброю першымі». Цяпер ёсць шмат тактычнай ядравай зброі. І пагражаць ёй стала модна. Яна нічым не зацверджваецца больш, Расея! Яна не прадукуе чагосьці, што б здзівіла свет. Яна толькі развівае абаронку і гандлявала нафтай і газам, але нафту цяпер крыху прыціснулі.

«Белсат»: Як неядравыя краіны-суседзі, напрыклад Беларусь, мусяць рэагаваць на падобныя пагрозы?

Станіслаў Шушкевіч: Пра паводзіны Беларусі няма чаго гаварыць. Яна паводзіць сябе так, як скажа Лукашэнку Пуцін. Няма іншага захаду. Едзе ў Маскву, атрымоўвае ордэн замест крэдыту – агульны смех. Як рэагаваць астатнім краінам? Сур’ёзна. Таму што тое, што было ў свой час перад пачаткам Другой сусветнай вайны, калі далучалі Судэты да Нямеччыны, тады Чэрчыль добра сказаў: «У Брытаніі ёсць выбар: прыніжэнне альбо вайна». Брытанія выбрала прыніжэнне, атрымала вайну.

І тут калі Захад не будзе стойкім, а Захад ужо дзякуючы гэтаму брацанню забыўся пра Будапешцкім мемарандум 1994-га года.

«Белсат»: Што азначае парушэнне гэтага мемарандуму?

Станіслаў Шушкевіч: Заўважце, Захад прымае цудоўныя дэкларацыі. Калі даходзіць да ўзгаднення нейкай пазіцыі, то амаль 30-ці краінам ЕЗ гэтыя пазіцыі цяжка ўзгадніць. Знаходзіцца дзірка ў Грэцыі, альбо дзірка ў Венгрыі. Ім зручна нешта атрымаць ад Расеі – яны здраджваюць агульнаеўрапейскім нормам. Захад не прытрымліваецца адзінства, якое патрэбна ў змаганні з агрэсарам. Хачу сказаць, што і гэты набор камісараў, што сядзяць у Бруселі, як і папярэдні, забыўся пра тыя ўмовы, якія фармулявалі Лукашэнку. Яны фактычна стукнулі кулаком у твар беларускай апазіцыі. Тут захоўвае годную пазіцыю толькі Польшча, бо пагроза для яе найбольшая.

«Белсат»: Давайце вернемся крыху назад, у часы, калі разваліўся Савецкі Саюз. Ці сёння ў такіх умовах вырашыліся б вы на вывад ядравай зброі з Беларусі?

Станіслаў Шушкевіч: Давайце не блытаць розныя рэчы. Я быў за тое, каб неадкладна, без перадумоваў і кампенсацый, вывезці ядравую зброю з тэрыторыі Беларусі. Я растлумачыў Вярхоўнаму Савету, ён з гэтым пагадзіўся і прыняў рашэнне. Справа ў тым, што гэта была пагроза для беларускай нацыі, як і для беларускай дзяржавы. Мець такую колькасць узбраення, гэта значыцца так: пачынаецца нейкі канфлікт, тады трэба знішчаць гэты плацдарм, знішчаць Беларусь. Цяпер другая пазіцыя: давайце будзем бадлівай каровай, якой хоча быць Лукашэнка. Мы пакінулі ядравую зброю. Яна ў адрозненне, ад, напрыклад, золата, губляе сваю вартасць. Яе трэба абслугоўваць, мяняць ёй пэўныя часткі і г.д. Без мацярынскай сістэмы гэтай зброі, без Расеі, захоўваць яе ў належным стане немагчыма. Здзрадзіць Расеі, перайсці на забеспячэнне з амерыкансага боку, альбо з французскага, брытанскага – таксама немагчыма, гэта вельмі дорага. Гэта вельмі вялікія выдаткі, і няма той мэты дзеля якой гэта трэба рабіць. Беларусь -краіна сумленных людзей, не будзе пагражаць іншым ядравай зброяй, у адрозненне ад Крамля.

«Белсат»: Уявім сабе сітуацыі, калі ва Украіне засталіся б ядравыя боегалоўкі. Ці вырашыўся б Пуцін на агрэсію, на анексію Крыму? Дзе існуе мяжа, калі пагроза ўжывання ядравай зброі ператвараецца ў рэальнае яе ўжыванне?

Станіслаў Шушкевіч: Я не магу сабе ўявіць сітуацыю, у якой бы любы з украінскіх прэзідэнтаў, нават Януковіч, захацелі б ужыць ядравую зброю, калі б яна была на іх тэрыторыі. Гэта ж самазабойства. І па-другое, у Украіны была шахтная ядравая зброя, стратэгічная. Гэта ў Беларусі было шмат стратэгічнай і тактычнай ядравай зброі. Нельга гэта рабіць, нельга ёй брацаць, гэта шантаж, а не дыпламатыя і міжнародная палітыка! Трэба знаходзіць вырашэнне гэтых пытанняў без ядравай зброі. І ёсць жа міжнародныя пагадненні па нераспаўсюдзе ядравай зброі. І ўсе імкнуцца, каб яна была сканцэнтраваная ў малых руках.

Стужка навінаў