Шуневіч запатрабаваў «вельмі жорстка караць бытавых п'яніц і ўсіх алкаголікаў»


Міністр МУС папярэдзіў, што ў бліжэйшы час ведамства будзе экстранна выпрацоўваць новыя метады мінімізацыі шкодных наступстваў пʼянства. Паводле яго на ўзровень злачыннасці ў краіне сурʼёзны ўплыў аказваюць «тыя асобы, якія злоўжываюць спіртным, тыя, у якіх спіртное стала прадуктам харчавання, прадуктам штодзённага спажывання».

«Нам трэба вельмі жорстка караць бытавых пʼяніц і ўвогуле ўсіх алкаголікаў. У іх усё гіпертрафіраванае: свядомасць, паводзіны», – паведаміў кіраўнік МУС у эфіры АНТ.

У Беларусі кожнае чацвёртае злачынства здзяйсняюць у стане алкагольнага апʼянення. Доля забойстваў, наўмысных цяжкіх цялесных пашкоджанняў, рабаванняў, разбояў і хуліганства у пʼяным стане дасягае 70-80%.

Цяпер МУС прапаноўвае абмежаваць рознічны гандаль алкаголем. Колькасць гандлёвых абʼектаў, у якіх прадаецца алкаголь, у Беларусі ў разы перавышае іх колькасць у іншых еўрапейскіх краінах. На 10 тысяч чалавек, у тым ліку дзяцей і старых, у нас прыходзіцца 17 крамаў з алкаголем, піша tut.by. Гэта адна крама на 600 чалавек. У Швецыі ды Нарвегіі адна крама, дзе прадаюць напоі мацней 4,75%, прыпадае на 4,5 тысячы чалавек, у Фінляндыі – на 6,3 тысячы, Ісландыі – на 15,9 тысячы.

На дыспансерным уліку па статыстыцы на 1 жніўня 2017 года былі каля 164 500 хворых алкагалізмам беларусаў. Пры гэтым у Менску – каля 35 тысяч чалавек. У 2017 годзе Беларусь заняла другое месца ў свеце па спажыванню алкаголю на душу насельніцтва. Усяго адзін з васьмі беларусаў – непітушчы.

Летась дэпутаты прыдумалі, як змагацца з алкаголем. У парламенце планавалі стварыць «антыалкагольную» дэпутацкую групу. Ініцыятары зменаў адзначалі, што не ставяць перад сабой мэту ўшчамляць правы людзей, але распавядалі пра магчымыя абмежаванні ў гандлі алкаголем.

Глядзі таксама:

ДР belsat.eu

Стужка навінаў