Шуневіч сышоў з пасады міністра ўнутраных справаў


Кіраўнік МУС Ігар Шуневіч у форме НКВД, 9 траўня 2018 года

Ігар Шуневіч вызвалены ад пасады міністра ўнутраных справаў Беларусі. Такое рашэнне сёння прыняў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка, паведамляе БелТА.

Міністэрства ўнутраных справаў Ігар Шуневіч узначальваў сем гадоў.

Сёння, падчас працоўнай сустрэчы з міністрам унутраных справаў Ігарам Шуневічам, Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў некаторыя моманты працы міністэрства ў плане падрыхтоўкі да II Еўрапейскіх гульняў.

«Сёння я звярнуўся да кіраўніка краіны з рапартам аб адстаўцы, і ён гэтую адстаўку прыняў», – цытуе Ігара Шуневіча БелТА.

Інфармацыю пра рапарт чыноўнік агучыў журналістам пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнка. Таксама ён падкрэсліў, што гэтае рашэнне лічыць «вывераным, правільным і своечасовым».

– Пройдзены вельмі доўгі і складаны шлях працы ў міністэрстве. Шмат што зроблена. У нейкі момант я пачаў разумець, што трэба забяспечваць пераемнасць, дынаміку, хуткасць і эфектыўнасць прыняцця рашэнняў. І гэта досыць складана – быць актуальным, – патлумачыў Шуневіч сваё рашэнне. – Па-першае, патрэбен свежы погляд на працу міністэрства. Па-другое, думаючы і пра сваю эфектыўнасці, лічу, што прыйшоў час змяніць род дзейнасці. Дастаткова доўга я знаходжуся на пасадзе міністра. Можа, вока замылілася. Можа, трэба паспрабаваць нешта іншае. Гэта адзіная матывацыя, я яе выклаў кіраўніку краіны, ён з гэтым пагадзіўся.

За апошнія месяцы Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў узнімаў пытанне пра працу МУС. У лютым кіраўнік краіны папярэдзіў Шуневіча, што ў бліжэйшы час сур’ёзна прааналізуе працу праваахоўных органаў.

Галоўнае пра адстаўку Шуневіча:

 

СК belsat.eu

Стужка навінаў