Шуневіч распавёў пра «ўцечку інфармацыі» з міліцэйскіх зводак і паабяцаў знайсці яе крыніцу


Ігар Шуневіч. Фота: Васіль Малчанаў/Belsat.eu

Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч пракаментаваў факты ўцечкі інфармацыі з міліцэйскіх зводак у інтэрнэт. Прызначаная службовая праверка, перадае словы міністра БелТА.

«Хаваць не буду. Была ўцечка некаторай інфармацыі з міліцэйскіх зводак. Гэтая інфармацыя не закрытая, не сакрэтная. Зводкі падаюцца ва ўсе дзяржорганы, у тым ліку ў Адміністрацыю прэзідэнта. І з некаторых зводак была апублікаваная інфармацыя аб надзвычайных здарэннях з асабістым складам, якая (мы таксама не хаваем) у гэтых зводках фігуруе ў выглядзе спецданясенняў», – сказаў міністр.

Паводле яго слоў, здарылася «два ці тры» выпадкі ўцечкі звестак, якія потым з’явіліся на адным з інтэрнэт-рэсурсаў. Шуневіч паабяцаў у бліжэйшы час выявіць крыніцу гэтых уцечак.

Пры гэтым кіраўнік МУС не патлумачыў, пра які сайт і якія канкрэтна выпадкі ідзе гаворка. Ён таксама не назваў час, калі адбыліся меркаваныя «злівы».

«Думаю, што гэта будзе нехта з працаўнікоў органаў унутраных спраў. У мяне ёсць такое падазрэнне. Таму што ў большай ступені працаўнікі міліцыі датычныя да падрыхтоўкі зводак, іх распаўсюду дзяржорганам», – дадаў Шуневіч.

Паводле рэйтынгу адкрытасці дзяржаўных ведамстваў для СМІ, які сёлета склала Беларуская асацыяцыя журналістаў, МУС займае перадапошняе месца і з’яўляецца адной з самых закрытых для прэсы ўстановаў разам з Аператыўна-аналітычным цэнтрам і КДБ.

КА/belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары