Шуневіч пра напад у Бабруйску: Асноўныя моманты злачынства ў паводзінах ахвяры


У справе падвойнага забойства ў Бабруйску вядзецца папярэдняе расследаванне. Праз гэта кіраўнік МУСу не змог каментаваць акалічнасцяў злачынства, аднак усё ж заявіў, што «прычынаю здарэння быў чалавечы фактар».

«Па сваёй сутнасці гэта бытавое злачынства, на жаль, з цяжкімі наступствамі. Прычынай здарэння быў чалавечы фактар. Ёсць такая навука віктымалогія – пра паводзіны ахвяры. Вось у гэтай частцы якраз і асноўныя моманты злачынства».

Шуневіч дадаў, што мае пытанні і да міліцыянтаў. Правядуць службовае расследаванне, як кантралявалі асобаў, якія раней учынялі злачынствы.

У ноч на 20 ліпеня меркаваны нападнік пазнаёміўся з дзвюма дзеўчынамі ў кавярні і запрасіў да сябе. А 7 раніцы адна з іх патэлефанавала ў міліцыю і паведаміла, што разам з сяброўкаю хаваецца ў ванным пакоі кватэры і да іх спрабуе трапіць невядомы.

Праваахоўнікі, хоць і адразу пачалі пошукі, выратаваць жанчын не паспелі – дзяўчына назвала няправільны адрас. Адную ахвяру мужчына зарэзаў, другую – забіў малатком.

Суседзі з дому насупраць чулі крыкі і нецэнзурную лаянку ды бачылі праз вакно з уключаным святлом, як мужчына ганяў па пакоі дзяўчыну. Яны думалі, што гэта звычайны канфлікт і не сталі выклікаць міліцыю.

Падазраванаму можа пагражаць смяротнае пакаранне.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў