Шуневіч: Паведамленні пра мініраванні паступалі з-за мяжы


Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў, што паведамленні пра мініраванне шэрагу аб’ектаў дасылаліся не з тэрыторыі Беларусі, піша БелТА.

Міністр канстатаваў, што пакуль міліцыі не ўдалося затрымаць зламыснікаў.

«З вялікай доляй імавернасці магу паведаміць, што яны знаходзяцца за мяжой, – сказаў ён. – Мы ведаем, дзе знаходзяцца серверы».

Праваахоўнікі, паводле яго слоў, валодаюць адпаведнымі доказамі. Шуневіч таксама звярнуў увагу, што ў Беларусі ілжэмінёры практычна заўсёды затрымліваліся.

«Замежнікаў, на жаль, не змаглі ні пралічыць, ні затрымаць. Справа будучыні», – дадаў міністр.

Праваахоўнікі выпрацавалі алгарытм рэагавання на падобныя паведамленні, адзначыў міністр.

«Аб’екты, якія ў тым ліку будуць задзейнічаны на II Еўрапейскіх гульнях, мы бярэм пад кругласутачную ахову. Загадзя правяраем іх з дапамогай піратэхнічных, сапёрных груп, службовых жывёлаў, спецыяльнай апаратуры»,- сказаў ён.

У апошнія месяцы некалькі разоў паведамлялася пра «мініраванне» шэрагу абʼектаў у Мінску: чыгуначнага вакзала, аэрапорта, ГЦ «Галерэя», «Галілеа».

КА belsat.eu

Стужка навінаў