Шуневіч адсправаздачыўся Лукашэнку пра рэкордную колькасць хабараў у 2018-ым


28 лютага Аляксандр Лукашэнка прыняў са справаздачаю міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча.

«Нам удалося захаваць узровень бяспекі і выканаць абяцанні, ды задаволіць патрабаванні нашага народа адносна ўзроўню бяспекі, да якога ён ужо прызвычаіўся», – заявіў міністр.

Паводле МУС, летась агульная колькасць зарэгістраваных злачынстваў у Беларусі знізілася амаль на 3 % да 83,8 тыс. Менш стала цяжкіх (на 3,7 %) і асабліва цяжкіх (на 5,4 %) злачынстваў. Значна знізілася колькасць згвалтаванняў (на 17,4 %) і разбояў (на 22,4 %). Разам з тым вырасла колькасць наўмысных цяжкіх цялесных пашкоджанняў (рост на 3,9 %), махлярстваў (рост на 3,2 %) і хуліганстваў (стала больш на 0,9 %).

У сферы барацьбы з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі зарэгістравана 6,3 тыс. выпадкаў. Прычым крымінальных дзеянняў стала на 5,7 % менш, чымся ў 2017 годзе. Іх колькасць скарацілася за кошт памяншэння выяўленых фактаў фальшываманецтва, крадзяжоў шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, службовага падлогу і дачы хабару.

У той жа час у мінулым годзе павялічылася колькасць узбуджаных крымінальных спраў па фактах атрымання хабараў – на 6 % (з 1 118 у 2017 годзе да 1 186 у 2018 годзе). Гэтая лічба з’яўляецца максімальнай за апошняе дзесяцігоддзе.

ЮВ, belsat.eu, паводле belta.by

Стужка навінаў