Шуневіч абяцае стварэнне новых прадпрыемстваў, дзе будуць працаваць былыя зняволеныя


Кіраўнік МУС Ігар Шуневіч задаволены вынікамі працы «Хутар-Агра» – першага сельскагаспадарчага прадпрыемства, дзе працуюць былыя зняволеныя.

Прадпрыемства «Хутар-Агра» (Гомельшчына) было перададзенае ў ведамства Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС у 2017 годзе. На думку міністра, эксперымент з новым падраздзяленнем апынуўся ўдалым. Па-першае, з самага пачатку ідэя была добра пралічана эканамічна. Па-другое, значэнне і месца гэтага прадпрыемства ў сістэме МУС абгрунтавана патрэбай у сельгаспрадукцыі і ўнутраных войскаў, і Дэпартамента выканання пакаранняў.

«І, натуральна, другая частка задачы – гэта рэсацыялізацыя былых зняволеных, якія жадаюць атрымаць працу, сацыяльны пакет, пачаць новае жыццё. Яна сёння ажыццяўляецца досыць эфектыўна», – падкрэсліў Ігар Шуневіч.

«Думаю, рана ці позна мы прымножым досвед эксперыменту. Дзе і як, пакуль казаць рана – трэба яшчэ некалькі сезонаў прайсці, каб выйсці на нейкі рытм і разумець патрэбу ведамства ў такіх прадпрыемствах», – растлумачыў міністр.

Раней Шуневіч ужо абяцаў распачаць «цэлую кампанію па стварэнні прадпрыемстваў», дзе будуць працаваць былыя зняволеныя. «Хутар-Агра» міністр называе «Першым міліцэйскім падраздзяленнем з сельскагаспадарчым ухілам».

КА, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў