Шуневіч раскрытыкаваў амбасаду Вялікай Брытаніі і працытаваў расейскі серыял


Міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч зноў пракаментаваў скандал з гамафобскай заяваю МУС.

Нагадаем, тая заява была зроблена ў сувязі з тым, што 17 траўня над амбасадай Вялікай Брытаніі ў Менску быў вывешаны вясёлкавы сцяг – сімвал ЛГБТ-супольнасці.

«Міністэрства ўнутраных справаў ахоўвае грамадскі парадак і маральнасць у нашай краіне. Залішнія каментары даваць тут не лічу магчымым і неабходным. Усе разумеюць, пра што ідзе гаворка. Гэта не лазня: няма ні голых, ні дурных, як Гоцман казаў (міністр цытуе галоўнага героя расейскага серыялу «Ліквідацыя». – заўв.). Таму я нічога не дадам да таго, што сказаў. Хоць магу сказаць у прынцыпе. Скажу так: меркаванне прыватнае, не міністра ўнутраных справаў, а грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Гэта была пэўная праверка нашай грамадзянскай супольнасці на сталасць. Наша грамадзянская супольнасць не зусім прайшло гэтую праверку. Ні адна з грамадскіх арганізацыяў, аб’яднанняў груп асобаў не абурылася гэтым фактам і не запатрабавала зняць гэты прадмет, які, дарэчы кажучы, быў вывешаны ў парушэнне Венскай канвенцыі аб дыпламатычных зносінах. На жаль, ні рэлігійныя арганізацыі, ні грамадскія не адрэагавалі на гэта. Можа быць, мы сапраўды вельмі сурʼёзна талерантны народ у гэтым сэнсе. Пазіцыя Міністэрства ўнутраных справаў прапісаная выразна, там напісана літаральна гэта і не больш, і не менш. Вельмі дыпламатычна, карэктна, без грубіянстваў, але ў той жа час адказна, па-дзяржаўнаму», – заявіў сёння Ігар Шуневіч.

Таксама міністр заявіў, што ў Беларусі няма дыскрымінацыі ЛГБТ-супольнасці і прывёў паралель са злачынцамі.

«Ведаеце, як дыскрымінацыя? Мы ж дыскрымінуем злачынцаў у нейкай ступені, правільна? Ёсць пэўныя групы грамадзянаў, якія ў той ці іншай ступені падвяргаліся і будуць падвяргацца, як яны самі лічаць, нейкай дыскрымінацыі. Я так не лічу. Я лічу, што ніякай дыскрымінацыі ў нас няма, ёсць правілы суіснавання акрамя законаў, якія павінны паважаць усе, у тым ліку і прадстаўнікі замежных дзяржаваў. У гэтым ёсць таксама дыпламатыя. У гэтым ёсць і плюралізм: ёсць адно меркаванне, павінна існаваць і іншае меркаванне».

Нагадаем, 20 траўня на сайце МУС была апублікаваная заява з крытыкай людзей нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі.

«Як ні круці, але аднаполыя адносіны – гэта падробка. А сутнасць падробкі заўсёды аднолькавая – абясцэньванне ісціны. ЛГБТ-супольнасць, і ўся гэтая барацьба за «свае правы», і сам дзень супольнасці – усяго толькі падробка! Беларусь абапіраецца на падмурак традыцыйных інстытутаў сям’і і шлюбу. Але пры гэтым мы ў роўнай ступені адкрытыя для ўсяго карыснага, патрэбнага, прагрэсіўнага: для ўсяго таго, што палепшыць жыццё беларуса і будзе спрыяць развіццю грамадства ў цэлым. Мы – за сапраўднае, яны не пройдуць!» – адзначалася ў заяве.

Заява выклікала вялікі рэзананс. У інтэрнэце распачаўся збор подпісаў пад зваротам у Генпракуратуру з патрабаваннем праверыць законнасць скандальных выказванняў на сайце МУС. Увагу на неадназначную пазіцыю беларускага МУС, якую шмат хто палічылі адкрыта гамафобскай, звярнулі таксама міжнародныя СМІ.

ІІ, belsat.eu, паводле TUT.by

Стужка навінаў