Штурм Капітолію. У ЗША распачалі 25 справаў аб унутраным тэрарызме


У Злучаных Штатах распачалі справы супраць прыхільнікаў Трампа, якія 6 студзеня зладзілі беспарадкі ў Капітоліі.

Пра гэта ў Twitter паведаміў кангрэсмен-дэмакрат Джэйсан Кроў, які абмеркаваў гэтае пытанне з міністрам арміі Раянам МакКарці.

Паводле Кроў, пратэстоўцы мелі даўгарульную агнявую зброю, выбуховыя прылады, кактэйлі Молатава і пластыкавыя кайданкі.

Кангрэсмен выказаў занепакоенасць тым, што ў штурме нібыта ўдзельнічалі дзейныя вайскоўцы і рэзервісты.

Паводле МакКарці, у Пентагоне ведаюць пра патэнцыйныя тэрарыстычныя пагрозы перад інаўгурацыяй Байдэна і ў дзень цырымоніі, прызначанай на 20 студзеня.

6 студзеня Кангрэс ЗША меўся зацвердзіць вынікі галасавання электараў, якія пацвердзілі перамогу Джо Байдэна на прэзідэнцкіх выбарах. Аднак пасяджэнне давялося перапыніць на некалькі гадзінаў праз пратэсты прыхільнікаў Доналда Трампа, якія ўварваліся ў будынак. Падчас сутыкненняў каля Кангрэсу загінулі пяць чалавек. Паліцыя затрымала 52 чалавекі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў