Летась у Беларусі зарэгістравалі 3,6 млн адміністратыўных правапарушэнняў


Стварыць сістэму кантролю за законнасцю выканання прававых спрэчак паміж дзяржаваю і грамадзянамі, а таксама лібералізаваць адміністратыўнае заканадаўства – з такой пастановай выступілі юрысты і праваабаронцы Беларусі. Прапановы зменаў юрыдычная супольнасць плануе перадаць на разгляд уладам.

Прычынаю ж іх зʼяўлення стала высокая колькасць адміністратыўных правапарушэнняў. Толькі летась паводле афіцыйнай статыстыкі ў Беларусі зарэгістраваныя 3,6 млн адміністратыўных правапарушэнняў.

«Вельмі вялікая колькасць адміністратыўных судоў, вельмі шмат парушэнняў правоў і свабодаў грамадзянаў. Гэта і вялікія штрафы, і арышты, і людзі не могуць абараніць свае правы, бо вялікія ганарары адвакатаў, таму мы вымушаныя пачаць творчую працу з дзяржаўнымі органамі, каб былі ўнесеныя змены», – кажа Алег Волчак з ПЦ «Прававая дапамога насельніцтву».

Юрысты і праваабаронцы распрацавалі дакумент, у якім прапанавалі 10 зменаў у адміністратыўнае заканадаўства. Сярод іх – адмена арыштаў, памяншэнне коштаў абскарджання судовых рашэнняў, а таксама допуск да абароны на такія працэсы не толькі знаўцаў права з ліцэнзіяй адваката.

Праца дзеля паляпшэння адміністратыўнага заканадаўства ў дзяржаве вядзецца ўжо пяць гадоў. Тым не менш кардынальна на агульную сітуацыю гэта не паўплывала.

belsat.eu

Стужка навінаў