Што звязвае капітана хакейнай каманды Лукашэнкі і комплекс «Поедем поедим»?


Дзяніс Івашын. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Гарадзенскі журналіст Дзяніс Івашын высветліў новыя факты ў справе ўладальнікаў гэтак званага «Бульбаш-хола».

Праз даследванне шматлікіх фірмаў-«пракладак», звязаных з «рэстаранам на костках», удалося выявіць сувязі, якія тлумачаць, чаму ў 2012 годзе пасля адназначнай забароны Генеральнай пракуратуры і Міністэрства культуры далей будаваць забаўляльны цэнтр ніякія захады не былі прынятыя, а ахоўную зону незаконна паменшылі і правялі па перыметры комплексу.

Сляды ўласнікаў «Поедем поедим» на Кіпры

Як вядома, галоўны заказчык «Бульбаш-хола» – СТАА «БелРэстІнвест», з’яўляецца творам трох іншых буйных кампаніяў. 16,7% ад яе мае «Bealcy investments Ltd». Таксама да гэтай кампаніі належаць і 14,5% фірмы «Белнаватэкс груп», якая ў сваю чаргу валодае ТАА «Амізбел»: сёння гэта галоўная юрыдычная фірма, якая рэалізуе дзейнасць рэстарана «Поедем поедим».

«Bealcy investments Ltd». зарэгістравалі ў 2008 годзе на цэлую групу чалавек, якіх удалося знайсці ў дзяржаўным рэгістры юрыдычных асобаў Кіпра. Упісаныя ўладальнікі аказаліся падстаўнымі, бо, як высветлілася, на кожнага з іх зарэгістравана яшчэ па некалькі сотняў падобных фірмаў.

Схема выўленых фірмаў-“пракладак”, якія паказваюць сувязі дзесятка бізнэсоўцаў у пабудове “Паедзем, Паядзім”. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Падчас расследавання я вырашыў высветліць, якія меркаваныя кампаніі могуць быць звязаны з «Bealcy investments Ltd». Я выявіў дзве: СТАА «Білсі» і ТАА «Білсі-Рыэлт». Абедзве належаць Кацярыне Бекбулатавай. Таксама ўдалося высветліць, што Кацярына з’яўляецца непасрэдным бізнес-партнёрам Вячаслава Азаранкі, яшчэ аднаго фігуранта справы «Бульбаш-хола». Удалося таксама знайсці іх агульную кампанію «Iliotropion Trade & Servis Ltd»., таксама зарэгістраваную на Кіпры», – тлумачыць Дзяніс Івашын.

Як распавёў журналіст, Вячаслаў Азаранка нарадзіўся ў 1964 годзе ў Магілёве, аднак на сённяшні момант мае грамадства Расейскай Федэрацыі. Бізнесовец займаецца аптовым гандлем зерня і насенняў. Мае таксама асобную будаўнічую кампанію, якая забудоўвае элітныя раёны ў Падмаскоўі. Аднак таксама супольныя бізнес праекты ён мае і з Лявонам Сагальчыкам, уласнікам яшчэ адной буйной кампаніі Lenthon Reality LLC, якая на 33% валодае вышэй узгаданымі СТАА «БелРэстІнвест» і 29% ТАА «Белнаватэксгруп». Лявон Сагальчык жыве ў ЗША, аднак не ўпершыню ў Беларусі інвестуе ў розныя праекты.

Сямейныя повязі

Што да Кацярыны Бекбулатавай, Дзянісу Івашыну ўдалося выявіць ейную сувязь з Вадзімам Бекбулатавым. На пачатку не было вядома, кім прыходзіцца жанчына заслужанаму беларускаму хакеісту. След прывёў да сына Мікіты, пра якога Вадзім Бекбулатаў узгадваў у адным з інтэрв’ю. А ўзгадваў хакеіст тое, што юнак Мікіта вучыцца ў ЗША.

Бекбулатава Кацярына Леанідаўна, выява са слайду Дзяніса Івашына. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Праз сацыяльныя сеткі мне ўдалося знайсці Мікіту Бекбулатава, які сапраўды вучыўся ў ЗША. Апроч таго фота з ім выкінула на сваёй старонцы ў Аднакласніках спадарыея Кацярына, што пацвердзіла сувязь хлопца з маці. Далей яшчэ цікавей. У часе вучобы ў ЗША, Мікіта Бекбулатаў спрабаваў адчыніць супольную бізнес-кампанію. І як вы думаеце з кім? З сынам Вячаслава Азаранкі, Дэні!», – распавядае журналіст.

На думку Івашына, гэты факт указвае на сувязь сем’яў Азаранкі і Бекбулатава. У 2016 годзе пасля вучобы Мікіта вярнуўся ў Расейскую Федэрацыю, дзе стаў працаваць у кампаніі свайго бацькі.

Акрамя таго журналіст прыводзіць яшчэ адзін цікавы факт. Удалося выявіць старыя менскія адрасы Вячаслава Азаранкі і Вадзіма Бекбулатава, якія, як аказалася, розняцца толькі нумарам кватэр. Бізнесоўцы былі суседзямі і жылі ў адным пад’ездзе. Цалкам магчыма, што юнацкае сяброўства перарасло таксама і ў супольны бізнес.

Бекбулатаў і Лукашэнка

Вадзім Бекбулатаў нарадзіўся ў 1970 годзе, у свой час быў знакамітым спартоўцам: прадстаўляў Беларусь на Алімпійскіх гульнях 1998 і 2002 гадах. Пасля заканчэння кар’еры ў 2005 годзе яму прапанавалі пост капітана хакейнай каманды прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Выява Вадзіма Бекбулатава са слайду Дзяніса Івашына. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Толькі ўявіце сабе, пачынаючы з 2005 году Вадзім Бекбулатаў гуляе ў адной камандзе з першай асобай у краіне. Увесь час яны знаходзяцца ў нефармальнай абстаноўцы. І вядома, што прасунуць інтарэсы, звязаныя з яго бізнесам, бізнесам яго сына, яго жонкі, яго сяброў, вельмі лёгка. А ўсе яны ў той ці іншай ступені звязаныя з забаўляльным комплексам у Курапатах«, – кажа Івашын.

На меркаванне журналіста менавіта праз Вадзіма Бекбулатава здзяйсняецца прасоўванне ўсіх пытанняў, звязаных з дзейнасцю гэтага комплексу і таксама з замоўчваннем, адсутнасцю рэакцыі на загад дзяржаўных органаў, перадусім Генеральнай пракуратуры і Міністэрства культуры, выдадзены ў 2012 годзе, спыніць будаўніцтва і пакараць вінаватых.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў