Што значылі словы Лукашэнкі пра закрыццё межаў і новыя вайсковыя вучэнні? Тлумачаць эксперты


Ці сапраўды ўлады пойдуць на закрыццё межаў Беларусі і ці магчыма гэта наагул? Пра якія сумесныя з РФ вучэнні казаў Аляксандр Лукашэнка і да чаго гэта можа прывесці? Па просьбе belsat.eu, эксперты каментуюць скандальныя заявы Лукашэнкі на «Менск-Арэне».

17 верасня на праўладным жаночым форуме ў Менску Аляксандр Лукашэнка абвесціў пра пагрозу вайны і пра сваё рашэнне закрыць мяжу з Польшчай і Літвой.

«Мы вымушаны адвесці войскі з вуліц, палову арміі паставіць пад ружжо і закрыць дзяржаўную мяжу з захаду – з Літвой і Польшчай. Мы вымушаны ўзмацніць дзяржаўную мяжу, на вялікі жаль, з нашай брацкай Украінай», – заявіў ён.

Hавiны
«Мы стаім на мяжы страшнай катастрофы». Лукашэнка абвясціў аб закрыцці межаў Беларусі
2020.09.17 22:20

Чорныя спісы і ўзмоцнены кантроль

Вайсковы эксперт Аляксандр Алесін лічыць, што ўлада мае намер не цалкам спыніць памежны рух, а толькі ўзмацніць кантроль. Не выключана, што з’явяцца новыя «чорныя спісы» непажаданых асобаў, якіх не будуць дапускаць на тэрыторыю Беларусі. Туды могуць уваходзіць палітыкі, актывісты, рэлігійныя і грамадскія дзеячы, якія выказваліся ў падтрымку пратэстаў у Беларусі.

«Перш за ўсё будзе ўзмоцнены кантроль за ўвозам зброі, выбухованебяспечных прадметаў, грашовых сродкаў ды нейкіх рэчаў, якія можна выкарыстоўваць для агітацыі і прапаганды. То бок варта чакаць узмоцненага дагляду транспартных сродкаў, узмоцненага пашпартнага кантролю і новых спісаў непажаданых асобаў», – мяркуе вайсковы аналітык.

granica
Беларуская мяжа.
Фота: «Белсат»

Кіраўнік Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў Арсеній Сівіцкі кажа, што словы Лукашэнкі перш за ўсё варта ўспрымаць як працяг антызаходняй рыторыкі. Але ён не лічыць, што за гэтамі заявамі рушыць услед стварэнне «жалезнай заслоны».

«Гаворка ідзе толькі пра тое, што, магчыма, сапраўды будзе ўзмоцнена ахова на мяжы з Польшчай, Літвой і Украінай. Наўрад ці гэта адаб’ецца на аб’емах груза- і пасажырапатоку», – кажа эксперт.

«Не варта сур’ёзна ставіцца да словаў Лукашэнкі»

Стваральнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў мяркуе, што словы Лукашэнкі пра закрыццё межаў наагул няправільна зразумелі. Эксперт лічыць, што Лукашэнка меў на ўвазе дзеянні, якія ўжо адбыліся.

Лукашэнка на палігоне пад Горадняй, 22 жніўня.
Фота: president.gov.by

Нагадаем, у жніўні Лукашэнка загадаў прывесці Узброеныя сілы ў поўную баявую гатоўнасць, зладзіў манеўры на заходніх межах і перакінуў туды дадатковы вайсковы кантынгент. Пры гэтым 12 верасня было абвешчана, што беларускія падраздзяленні вяртаюцца ў месцы пастаяннай дыслакацыі. Як патлумачыў сам Лукашэнка, трымаць на заходніх межах армію ў такой колькасці каштуе «не танна».

«То бок гэта ўжо адбылося. І не бачна, каб рыхтаваліся нейкія новыя, дадатковыя захады», – адзначыў Паротнікаў.

Фота: Васіль Малчанаў / Belsat.eu

Юрыст і праваабаронцы Гары Паганяйла лічыць, што цалкам закрыць дзяржаўную мяжу ў сённяшніх умовах абсалютна немагчыма, тым больш што з юрыдычнага пункту гледжання гэта будзе відавочным парушэннем як унутранага заканадаўства, так і міжнародных дамоваў.

«Што значыць закрыць межы? Спыніць рух людзей, тавараў? То бок цалкам адмовіцца ад памежнай супрацы? Гэта абсалютна не адпавядае ні нормам заканадаўства, ні нормам міжнароднай практыкі. Толькі ўспалены розум Лукашэнкі мог дапусціць такую заяву.

На практыцы выканаць гэта немагчыма. Нават у сталінскія часы «жалезная заслона» закранала толькі пытанні эміграцыі або прыезду сюды замежнікаў. Але грузапаток, рух праз мяжу працягваўся, таму што без гэтага эканамічнае існаванне краіны немагчыма. Таму не варта сур’ёзна ставіцца да словаў Лукашэнкі. Гэта было ўкінута для таго, каб паказаць, што ён такі круты і можа насаліць Захаду. Проста варта разумець, што мы маем справу з хворым чалавекам, які не кантралюе ні свае словы, ні свае дзеянні», – заявіў юрыст.

Нарошчванне расейскай вайсковай прысутнасці

Лукашэнка падчас выступу на жаночым форуме ў Менску, 17 верасня.
Фота: president.gov.by

Таксама на жаночым форуме Лукашэнка заявіў пра актывізацыю вайсковай супрацы з Расеяй:

«Я вымушаны ў апошнія дні разам з прэзідэнтам Расеі, міністрам абароны адбудаваць агульную абарону Саюзнай дзяржавы. І мы актывізавалі даўно запланаванае вайсковае вучэнне, якое праходзіць сёння на захадзе нашай краіны – «Славянскае братэрства – 2020». А таксама намі прынята рашэнне, каб правесці гэтыя вучэнні ў сувязі з вострай сітуацыяй у два этапы. І другі этап будзе прысвечаны вам – нашым жанчынам».

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін.
Фота: kremlin.ru

Аляксандр Алесін кажа, што гэтая заява – вынік новых дамоўленасцяў Пуціна і Лукашэнкі, якія былі дасягнутыя ў Сочы.

«Прынятае рашэнне кожны месяц праводзіць у Беларусі тыя ці іншыя вучэнні, каб практычна няспынна тут знаходзіўся расейскі кантынгент. З юрыдычнага пункту гледжання, замежны вайсковы кантынгент на беларускай тэрыторыі па нашым запрашэнні можа знаходзіцца не больш за 2 месяцы. Але, калі кожны месяц будуць новыя вучэнні, то мы будзем мець не толькі пастаяннае знаходжанне, але і пэўнае назапашванне расейскіх войскаў. То бок фактычна – размяшчэнне на ратацыйнай аснове: нібыта базы няма, але войска заўсёды ёсць і заўсёды рознае»

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Сяргея Шайгу ў Менску, 16 верасня.
Фота: president.gov.by

Пакуль, імаверна, гаворка ідзе пра выкарыстанне ў вучэннях на тэрыторыі Беларусі падраздзяленняў расейскіх паветрана-дэсантных войскаў.

«Але расейскія эксперты перакананыя, што недастаткова вучэнняў з выкарыстаннем сілаў спецназу і дэсантнікаў – патрэбныя таксама мотастралковыя, танкавыя, ракетныя і артылерыйскія падраздзяленні выкарыстоўваць. То бок у перспектыве чакаецца цэлая гама вучэнняў з прыцягненнем усіх сродкаў. Нас чакае нарошчванне расейскай вайсковай прысутнасці і абвастрэнне сітуацыі», – мяркуе Алесін.

Расейскія вайскоўцы на вучэннях.
Фота: mil.ru

На думку эксперта, Масква такім чынам хоча прадэманстраваць, што Беларусь з’яўляецца зонай яе стратэгічных інтарэсаў.

«Раней Лукашэнка нейкім чынам супраціўляўся размяшчэнню войскаў або вялікай колькасці вучэнняў, каб не турбаваць суседзяў і сапсаваць з імі стасункі. Але цяпер у яго няма аргументаў, каб супраціўляцца расейскай прысутнасці», – дадае ён.

Шантаж Захаду

Андрэй Паротнікаў лічыць, што заява Лукашэнкі пра новыя вайсковыя вучэнні – гэта шантаж Захаду. Насамрэч пра кардынальную змену планаў сумесных вайсковых вучэнняў гаворкі не ідзе.

«Ніякіх новых вучэнняў не будзе, планы ўжо звярстаны і расейскі бок даў зразумець, што будзе адпрацоўваць тыя планы, якія ўжо ёсць. Таму заява Лукашэнкі – гэта палітычная дэкларацыя. Мэта – запалохаць Захад, прымусіць да перамоваў на выгодных для Лукашэнкі ўмоваў. Гэта такі шантаж: калі вы будзеце на нас ціснуць, то мы такое выкінем, што вам будзе кепска. Гэта выключна прапагандысцкі захад і ніякага значнага змястоўнага складніку ў ім няма», – упэўнены Паротнікаў.

Фота: Belsat.eu

Арсеній Сівіцкі лічыць, што ў выпадку заявы Лукашэнкі пра новыя па-за планавыя вучэнні – гэта проста рытарычны прыём, спроба выдаць жаданае за сапраўднае.

«Лукашэнка імкнецца ўсяляк прадэманстраваць на рытарычным узроўні лаяльнасць Расеі і прыхільнасць сваім абавязкам у сферы бяспекі. Але ў выніку гаворка ідзе пра планавыя і традыцыйныя мерапрыемствы, якім прыдаецца рытарычная афарбоўка, якая стварае памылковыя ўражанні.

Далей за рыторыку тут справа не пойдзе, бо Расею цікавіць абсалютна іншы парадак дня: стварэнне вайсковай базы і падпарадкаванне беларускіх Узброеных сілаў Крамлю. А Лукашэнка на гэта не пойдзе, бо ў такім выпадку будзе падарваная ягоная манаполія на выкарыстанне сілы і як вынік ён страціць уладу», – адзначае Сівіцкі.

ПраСвет
Паўзучая ваенная анексія Беларусі. «ПраСвет» з Алінаю Коўшык
2020.09.18 18:01

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў