Што з вашым калькулятарам, Ярмошына?

Каля 23-х мільёнаў рублёў, паводле Ярмошынай, маюць каштаваць нам з вамі чарговыя парламенцкія выбары. Ну, туды-сюды, сума прыкладная. Нават дзіўна чуць гэткую прыблізнасць лічбаў ад нязменнай цягам вось ужо амаль 23 гадоў галоўнай вымяральніцы народнага падтрымання Аляксандра Лукашэнкі. Хацелася б большай канкрэтыкі, Лідзія Міхайлаўна. Усё-ткі на нашыя падаткі гэтыя вашыя выбары-перавыбары адбываюцца.

Зрэшты, не здарма ж менавіта пра вас і вашыя выбары ёсць нават цэлае прыслоўе: «Не істотна, хто як галасуе, галоўнае – хто як падлічвае». А давайце падлічым кошт будучых парламенцкіх выбараў разам. Каб зразумець іх сапраўдны кошт, варта зірнуць, чаго нам каштавалі ўсе папярэднія вашыя кампаніі.

Аб’ектыў
Улада яшчэ не вырашыла, ці пусціць сёлета апазіцыю ў Палату прадстаўнікоў
2019.08.05 21:54

Давайце пачнем ад людзей. Усё-ткі чалавек – гэта галоўная каштоўнасць нашае дзяржавы, праўда? Вы ж у курсе пра тое, што насельніцтва Беларусі няўхільна скарачаецца – і гаворка вядзецца пра сотні тысяч «у мінусе»? А прагнозы якія, ведаеце? Да 2030-га (гэта не так ужо і далёка – усяго толькі два чарговыя тэрміны Лукашэнкі) насельніцтва Беларусі можа скласці 8 мільёнаў 964 тысячы і 600 чалавек – гэта лічбы Навукова-даследчага інстытуту працы Міністэрства працы. Усё менш беларусаў хочуць нараджаць дзяцей: а як іх карміць, на якія грошы гадаваць? Усё большая смяротнасць, бо ўзровень жыцця не дазваляе весці здаровы лад жыцця ды разлічваць на якасную медыцыну на ўзроўні, скажам, прэзідэнцкай клінікі. Дадайце сюды алкагалізм, наркаманію, самагубствы – усё тое, у чым беларусы сапраўды выбіліся наперад за ўсе гады вашых выбараў.

Зрэшты, гаворка не толькі пра дэмаграфію. Кожныя вашыя выбары – гэта чарговая хваля эміграцыі, якая штораз толькі павялічваецца. Вы ж у курсе пра тое, што больш за палову беларускае моладзі мараць з’ехаць за мяжу назаўжды? Альбо пра тое, што рыхтавацца да эміграцыі нашыя з вамі суайчыннікі цяпер пачынаюць і са школы? Я ўжо не кажу пра колькасць дарослых беларусаў, якія ўжо з’ехалі падалей ад безнадзейнасці і адсутнасці перспектываў тут, у краіне вашых выбараў. Чаму ж вы, спадарыня Ярмошына, не ўлічваеце людзей у сваіх падліках?

Добра, Вам прасцей не пра людзей, а пра штосьці больш матэрыяльнае? Давайце тады падлічым, колькі яшчэ, у выніку вашых чарговых выбараў, мае з’явіцца лядовых палацаў, прыбіральняў коштам у мільён долараў ЗША, даражэзных новых будынкаў Вярхоўнага суда, суперсучасных браняваных майбахаў і гэлікоптэраў для Лукашэнкі дый рэзідэнцыяў для яго ж, урэшце рэшт.

Пакуль лічыце, занатуйце сабе і нашую эканоміку: збанкрутаваныя прадпрыемствы, выцісканне айчынных вытворцаў расейскімі і г.д. Дадайце сюды і нашую прыроду: чарговыя спілаваныя на продаж дубравы, ліцэнзіі для замежнікаў на адстрэл зуброў, забруджванне рэк лайном з свінакомплексаў і асушванне балотаў.

Выступ кіраўніка краіны ў Палаце прадстаўнікоў

Пра беларускую мову і беларускую культуру наагул вам прыгадаць? Як думаеце, сёлетні перапіс насельніцтва зафіксуе нацыянальнае адраджэнне ці працяг расеізацыі ў «скоростном режиме»? Думаю, скласці прагноз тут дапаможа статыстыка па аб’ёме беларускамоўнай адукацыі, дзяржаўнага тэлевяшчання, прысутнасці беларускай мовы ў публічнай прасторы.

Лідзія Міхайлаўна, дык як падлічваць будзем сапраўдны кошт вашых выбараў?

Валера Руселік belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў