«Што я сказала б Лукашэнку пры сустрэчы? Нічога. Я б яго парвала»


Прайшло сем гадоў з дня тэракту ў менскім метро і больш за шэсць гадоў пасля расстрэлу Уладзіслава Кавалёва. Ягоная маці Любоў не можа звыкнуцца з думкаю, што сына няма. Акрамя жалобы і болю ад страты, у яе трывае ўпэўненасць: ні Улад, ні Дзмітрый Канавалаў не здзяйснялі гэтага злачынства. Карэспандэнты belsat.eu сустрэліся з Любоўю Кавалёвай у яе дома ў Віцебску.

Цёмная сукенка, слёзы на вачах, калі гаворка ідзе пра апошнія дні і смерць сына. Любоў Кавалёва прызвычаілася да ўвагі журналістаў, але пра асабістыя пачуцці казаць ёй дагэтуль цяжка. Яна асцярожна дастае з шафы каробку з лістамі і рознакаляровымі паштоўкамі.

«Вось, паглядзіце. Спачатку Улад дасылаў лісты ў звычайных канвертах. А пасля мы перадалі яму грошы і ён у турэмнай краме набываў прыгожыя паштоўкі да святаў. Як толькі ён іх адшукваў там?», – Любоў Іванаўна працягвае ружовую паштоўку.

Яна прызначалася для сястры Таццяны. Малюнак – два пінгвінчыкі і пажаданне шчаслівага Новага 2012-га году. Далей – яшчэ адна, з ружамі. На Таццянін дзень народзінаў. Унутры – надпіс:

«Очень сильно тебя люблю! Крепко-крепко тебя целую и обнимаю! … твой брателло».

Паштоўка, якую Уладзіслаў Кавалёў даслаў сястры. Фота Белсат

Калі Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава расстралялі, да маці пачалі пісаць з усяго свету. Шматлікія лісты з цёплымі словамі ішлі з Нямеччыны, Польшчы, Расеі, Вялікабрытаніі. Цэлую кампанію па падтрымцы маці расстралянага арганізавала ў Лондане Валерыя Красоўская, дачка зніклага ў 1999 годзе бізнесоўца Анатоля Красоўскага. Яна перадала Любові Кавалёвай паштоўкі ад неабыякавых замежнікаў. У вочы кідаецца фраза на адной з іх: «Яны могуць схапіць нашыя целы, але не наш дух».

Цяпер сяброў вакол сям’і ўсё менш, хтосьці з’ехаў за мяжу, іншыя – узгадваюць раз на год. Побач з Любоў Іванаўнай і яе мужам засталася дачка Таня і адзін, самы верны сябар Сяргей.

Любоў Кавалёва. Фота – Ірына Арахоўская/Белсат

«Улада маглі расстраляць 11 сакавіка – спяшаліся»

За ўвесь час следства сваякам дазволілі пабачыць Улада тройчы. Апошняе спатканне адбылося 11 сакавіка.

«Раптоўна патэлефанавалі з СІЗА і сказалі, што мы можам прыехаць і прывезці яму любыя рэчы. Гэта здзівіла, бо раней спатканні былі рэдкімі і даводзілася прасіць кіраўніцтва СІЗА. А тут самі кажуць, прыязджайце. Магчыма, Улад ужо ведаў, што расстрэл хутка. Я памятаю, у яго такі зямлісты колер твару быў, але падумала – праз недахоп святла ў турме», – узгадвае жанчына.

У адным з лістоў Уладзіслаў распавядае:

«Не волнуйтесь, тут не так плохо, как говорят. Обычная жизнь, только свободы поменьше. Хотя я и так домосед. Извините, что так случилось. Вы же знаете, что у меня пуля в голове. За меня не переживайте. У меня в любом случае всё будет хорошо».

І дадае: «Уже немного осталось. Скоро пообщаемся и даже увидимся».

Дома ў Любові Кавалёвай – партрэт сына. Фота – Ірына Арахоўская/Белсат

Паводле словаў Любові Іванаўны, пасля яны з дачкой і адвакатам некалькі дзён пыталіся ў СІЗА, як сябе адчувае Улад, але адказу не было. 15 сакавіка ў хатняй паштовай скрыні маці знайшла паведамленне: прысуд выкананы. Спатканне аказалася апошнім.

«Думаю, Улада расстралялі пасля гэтага спаткання, 11 сакавіка. Хоць у пасведчанні і іншая дата. Яны спяшаліся, разумееце? Навошта спатрэбілася такая гонка? І чаму яны знішчылі ўсю нашу перапіску, чаму не вярнулі лісты, якія я пісала ў СІЗА?», – плача маці.

Любові Кавалёвай вярнулі вопратку сына і пустую тэчку ад запісаў, якія вёў Улад. Усе рэчавыя доказы ў справе, акрамя пашкоджанага выбухам вагону метро, былі знішчаныя.

Я трымаю блакітны канверт з лістом, які сястра так і не паспела даслаць Уладзіславу. Дата – 15.03.2012. У ім Тацяна раіць, якія цікавыя кніжкі варта пачытаць. Але ён ужо ніколі іх не прачытае.

Ліст сястры Таццяны Уладзіславу Кавалёву. Фота – Ірына Арахоўская/Белсат

«Іх збівалі і кармілі псіхатропамі»

Любоў Кавалёва ўпэўненая: падчас следчых дзеянняў у дачыненні да яе сына і Дзмітрыя Канавалава прымянялі фізічныя катаванні і ціснулі псіхалагічна.

«На Дзіму моцна ціснулі праз сям’ю. Яны ладзілі паказальны спектакль на судзе, прывозячы ягоную сям’ю пад канвоем, пад браханне сабакаў. Гэта было ўсяго аднойчы, больш Канавалавы на судзе не з’яўляліся. А Дзіма маўчаў, бо яму сказалі: адно слова і твае родныя пойдуць на 25 гадоў. Спачатку ж узялі бацьку і брата ягоных, а калі вярнулі, тыя замоўклі і маўчаць дагэтуль», – кажа яна.

Сапраўды, нават праз шэсць гадоў Людміла і Генадзь Канавалавы пазбягаюць прэсы. Яны ніколі не давалі каментароў, а пабачыўшы журналістаў – уцякалі.

«Збівалі Улада, збівалі Дзіму, выбіваючы патрэбныя следству паказанні. Да таго ж, выгляд хлопцаў, іхныя пашыраныя зрэнкі казалі пра тое, што іх кармілі псіхатропамі», – сцвярджае Любоў Кавалёва.

На судзе Кавалёў не заяўляў аб фізічных катаваннях, скардзіўся выключна на псіхалагічны ціск. Затое ў матэрыялах справы ёсць паказанні Канавалава аб тым, што яго катавалі адразу пасля арышту.

Паводле беларускага заканадаўства, целы расстраляных не выдаюць сям’і, месца пахавання не паведамляюць. Любоў Іванаўна мяркуе – такім чынам зручна схаваць сляды збіцця.. Яна ўпэўненая, што ў турме хлопцаў збівалі. Аднак, такія рэчы ніколі б не ўдалося данесці на волю. Перапіска праходзіць дасціпную праверку ў некалькі этапаў. «Сумнеўныя» фрагменты ў лістах тлуста крэсляць асадкай.

Лісты Уладзіслава Кавалёва, фота Ірына Арахоўская / Белсат

«Я знаю больше, чем адвокат. Хотя плохого о нём ничего сказать не хочу. Мужик нормальный. Просто не верь всему, что говорят. Всё будет хорошо». – піша Улад. Наступныя радкі закрэсленыя цэнзарам.

Бачна, як у лістах Улад намагаўся падбадзёрыць маці, і, падаецца, сам не верыў да канца, што яго чакае хуткая смерць.

«Как вы там с кризисом справляетесь? Очень тяжело стало? Надеюсь, вы там кредит не брали? Судя по тому, что рассказывают, в это время лучше в тюрьме посидеть (шутка)».

«Ты только не переживай. В моей ситуации вопрос не стоит, срок мне или нет… Но я говорил со следователем и он сказал, что мои показания подтверждаются, я помогаю следствию.

Проверяли мои контакты, место работы, и всё неплохо меня характеризует. Так что есть возможность получить по минимуму».

Любоў Кавалёва,фота Ірына Арахоўская / Белсат

«Што я сказала б Лукашэнку пры сустрэчы? Нічога. Я б яго парвала»

Любоў Кавалёва ў ранейшых інтэрв’ю гаварыла, што хацела б прыкласці ўсе намаганні, каб больш у Беларусі не было расстрэлаў. Але праз гады сітуацыя не змянілася.

Беларускія ўлады стала ігнаруюць заклікі Еўразвяза, Камітэту па правах чалавека ААН, Рады Еўропы і сусветных праваабарончых арганізацыяў неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне. Пяць чалавек чакаюць расстрэлу проста цяпер. Маці аднаго з асуджаных, Кірыла Казачка, даведалася толькі праз некалькі месяцаў.

«У мяне ніхто не запытвае, ці хачу я смерці нават нейкаму ўмоўнаму злачынцу. Дзяржава вырашыла за мяне, за іншых грамадзянаў. Мы ўсе робімся саўдзельнікамі забойства», – гаворыць Любоў Кавалёва.

«Я б параіла сем’ям асуджаных не маўчаць. Прыдаваць галоснасці ўсе дакументы, усе словы следчых, усё, што адбываецца ў турме і на допытах.

А што б я сказала асабіста Лукашэнку пры сустрэчы? – жанчына глыбока ўдыхае паветра, заплюшчвае пачырванелыя вочы, заціхае на секунду, а потым выдыхае, – Нічога. Я б яго парвала. Парвала. Ён жа забойца».

30 лістапада 2012 года Вярхоўны суд Беларусі агучвае смяротны прысуд Кавалёву і Канавалаву. 14 снежня стала вядома – Кавалёў папрасіў Аляксандра Лукашэнку аб памілаванні. Той у памілаванні адмовіў.

Незадоўга да смерці Уладзіслаў скончвае свой чарговы ліст да маці:

«А ещё хотел спросить, сколько в этом году дней в феврале? А то у меня календаря на 2012-й год нету. Страшно подумать – живу в самом центре столицы».

***

Тэракт, за які Кавалёва і Канавалава прысудзілі да смяротнага пакарання, адбыўся ў Менску на станцыі метро «Кастрычніцкая» 11 красавкіка 2011 года. Выбух забраў жыцці 15 чалавек, яшчэ 387 атрымалі раненні.

Аляксандр Лукашэнка разам з сынам спусціўся ў метро, каб ускласці кветкі, калі на платформе яшчэ ляжалі трупы.

Падазраваных у тэракце знайшлі ўжо 13 красавіка.

Апісанне нестыковак у справе і парушэнняў у ходзе следства займае 53 старонкі нагляднай скаргі, якую склаў і накіраваў у Вярхоўны суд адвакат Станіслаў Абразей.

Тэкст – Каця Андрэева, фота – Ірына Арахоўская

Менск-Віцебск, belsat.eu

Стужка навінаў