Што вядома пра выпадкі каронавіруса ў Веткаўскім раёне


Дакладна вядома пра выпадкі каронавіруса ў веткаўскім падраздзяленні аўтапарку № 6, дзіцячым садку № 3 і доме для састарэлых у Шубіне.

Чытачы Тэлеграм-канала «Інфекцыёнка» дзеляцца інфармацыяй, што ў Веткаўскім раёне – мінімум 86 чалавек з каронавірусам. Інфармацыя пра захварэлых з’яўлялася і ў тэлеграм-канале «Баста!». Belsat.eu патэлефанаваў ва ўстановы, дзе, паводле чытачоў, каналу быў зафіксаваны каронавірус.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Alexander Shcherbak / TASS / Forum

Самы актуальны пост апублікавалі 15 траўня, дзе пісалі пра зачыненыя ў Ветцы сярэднюю школу № 1, гімназію, дзіцячы садок № 3. У садку нам паведамілі, што выпадкі каронавіруса былі, але цяпер усе здаровыя:

«Мы ўжо з 20 траўня адчыняемся. Былі зачыненыя тыдні два, напэўна. Апрацоўвалі садок. Выпадкі, безумоўна, былі. Пнеўманіі былі».

Дырэктары двух іншых устаноў адукацыі былі не на месцы, а работнікі адмаўляліся даваць інфармацыю ці не адказвалі на званкі. У публікацыі была мова пра зачыненае на каранцін раённае Таварыства выратавання на водах. Там слухаўку не паднялі. Але паднялі ў доме для састарэлых у Шубіна, дзе паводле чытачоў «Баста зафіксаваныя выпадкі каронавірусу:

«Сярод жыхароў у нас увогуле няма каронавірусу, ніводнага выпадку. Сярод работнікаў былі, але цяпер у нас усе выпісаныя, ва ўсіх закрытыя бальнічныя. Вось апошні быў 17 траўня закрыты. Усе трэція і другія тэсты былі адмоўныя. Але, безумоўна, выпадкі былі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Alexander Shcherbak / TASS / Forum

Інфармавалі і пра зачыненыя школы ў аграгарадках Радуга і Няглюбка. У апошняй не адказвалі на званкі. Слухаўку падняла толькі тэхнічная работніца, якая адмовілася каментаваць. У Радузе ж дырэктарка мясцовай школы Ала Яўтухова паведаміла, што вучні часова перайшлі на дыстанцыйнае навучанне:

«Два кантакты былі. Вось толькі сёння прыйшлі адмоўныя тэсты. У мяне дачка была інтэрнам у абласной больніцы. Калі там ва ўсіх бралі тэсты, апынулася, што ў яе таксама быў станоўчы. Цяпер яна на рэабілітацыі. У яе станоўчы тэст, але яна ўжо тры тыдні ляжыць, адчувае сябе добра. Вось так атрымалася, што ратавала людзей на пачатку сваёй дзейнасці. Думаю, каб хоць не расчаравалася ў сваёй працы. Я была кантактам першага ўзроўню, але два тэсты ўжо не пацвердзіліся. Ну і завуч таксама. Яна ў шпіталі, але прыйшоў адмоўны тэст. Я толькі нядаўна даведалася пра гэта. Цяпер сітуацыя праяснілася, усё нармальна. Пэўна будзем вяртацца. Гэта было патрэбна, каб трошкі на апераджэнне спрацаваць».

Ва ўзгаданай публікацыі ішла гаворка пра выпадкі каронавірусу ў веткаўскім падраздзяленні філіялу «Аўтобусны парк №6». Там нам пацвердзілі навіну:

«Усе тыя, хто ў нас хварэў, ужо выйшлі на працу, бальнічныя закрылі. Было 4 выпадкі».

Яшчэ раней 28 красавіка ва ўзгаданым Telegram-канале з’явілася інфармацыя пра каронавірус у Веткаўскім райвыканкаме. Мы патэлефанавалі туды, каб даведацца і пра колькасць выпадкаў каронавірусу па ўсёй вобласці. Работнікі не адказвалі, адмаўляліся каментаваць ці перанакіроўвалі ў прэс-службу Гомельскага аблвыканкаму і Мінздароўя.

Hавiны
«Ганьба – ісці і даказваць». Высвятляем, чаму не ўсе медыкі атрымалі даплаты за каронавірус
2020.05.19 14:48

Цягам дня прэс-сакратарка Мінздароўя Юлія Барадун слухаўку не падымала. Мы звярнуліся да прэс-сакратаркі Гомельскага аблвыканкаму Вольгі Рябікавай:

«У мяне такіх лічбаў няма, толькі праз Мінздароўя. Мне ніхто ніякіх лічбаў не дае. У лепшым выпадку мне па ачунялым лічбу далі па Гомельскай вобласці ў мінулы чацвер: каля 500 чалавек».

Тады мы запыталі Вольгу Рябікаву пра сітуацыю з каронавірусам у Веткаўскай ЦРБ: «36 вольных месцаў, 24 занятыя. Усе хворыя ізаляваныя, каб калі прыйдзе тэст і ў кагосьці выявіцца Covid-19, яны не перасякаліся. На мінулым тыдні я ўдакладняла, што вельмі добры запас (ад трох тыдняў да месяца) па сродках індывідуальнай абароны. Па дэзынфікуючых, антысептычных сродках у нас увогуле, здаецца, на год наперад запасы ёсць».

Каб даведацца пра колькасць выпадкаў каронавірусу ў Веткаўскім раёне, мы таксама тэлефанавалі ў Галоўнае ўпраўленне аховы здароўя Гомельскага аблвыканкаму, дзе нас папрасілі звярнуцца ў прэс-службу аблвыканкаму. У Гомельскай раённай санстанцыі галоўны лекар Сцяпан Ількоў сказаў, што лічбаў не мае і перанакіраваў у Веткаўскую санстанцыю. Там два дні галоўнага лекара Вашачкі Валерыя не было на месцы. Іншыя работнікі адмовіліся каментаваць. Галоўная лекарка Веткаўскай ЦРБ Хрысціна Бондарава сказала, што лічбаў не мае. Калі мы запыталіся пра сітуацыю ў ЦРБ, галоўная лекарка адказала, што не мае часу размаўляць. Больш мы да яе не датэлефанаваліся.

ДЗ Belsat.eu

Стужка навінаў