Што трэба ведаць пра «эскадроны смерці» ў Беларусі. Галоўнае


Сёння 20-я гадавіна знікнення экс-міністра ўнутраных справаў, аднаго з лідараў апазіцыі Юрыя Захаранкі. Яго выкраданне, як і выкраданні іншых вядомых людзей у Беларусі, прыпісваюць так званым «эскадронам смерці».

Апазіцыйныя лідары Юры Захаранка і Віктар Ганчар, бізнесовец Анатоль Красоўскі і журналіст Дзмітрый Завадскі бясследна зніклі ў 1999-2000 гг. Позна ўвечары 7 траўня 1999 году Юры Захаранка ў раёне праспекта Жукоўскага ў Менску быў выкрадзены і вывезены на легкавым аўтамабілі ў невядомым напрамку. У ноч на 17 верасня 1999 года ў раёне вуліцы Фабрычнай, 20а былі выкрадзеныя палітык Віктар Ганчар і бізнесовец Анатоль Красоўскі. Днём 7 ліпеня 2000 году, па дарозе ад свайго дому ў Менску ў аэрапорт, журналіст Дзмітрый Завадскі быў захоплены групай узброеных людзей у колькасці 5-6 чалавек, сярод якіх знаходзіліся дзеючы баец спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз» МУС Рэспублікі Беларусь Максім Маліка і былы афіцэр гэтага ж падраздзялення Валерый Ігнатовіч. Трупы Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага дагэтуль не знайшлі.

Справка
Тэрмін «эскадроны смерці» паўстаў у другой палове XX стагоддзя ў Лацінскай Амерыцы і выкарыстоўваўся ў дачыненні да ўзброеных групаў, якія займаліся пазасудовымі забойствамі і катаваннямі ў палітычных мэтах.

Палітыкі, журналісты і праваабаронцы лічаць, што Захаранку, Ганчара, Красоўскага і Завадскага выкралі так званыя «эскадроны смерці», якія раней, у 90-е, знішчалі прадстаўнікоў крымінальнага свету Беларусі. Паводле папярэдняга заключэння праваабаронцаў, асноўнымі падазраванымі па справе па выкраданнях і забойствах Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага з’яўляюцца Аляксандр Лукашэнка, Віктар Шэйман (тагачасны кіраўнік Савета бяспекі), Юры Сівакоў і Уладзімір Навумаў (у розныя часы – міністры ўнутраных справаў), Дзмітрый Паўлічэнка (тагачасны камандзір в/ч 3214) і Мікалай Васільчанка (тагачасны начальнік Службы бяспекі прэзідэнта). Высновы беларускіх праваабаронцаў былі пацверджаны ў 2004 годзе ў адмысловым дакладзе дэпутата Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Хрыстаса Пургурыдыса, які праводзіў уласнае расследаванне.

Сярод асноўных доказаў, на якіх будуюць сваю версію праваабаронцы, – рапарт начальніка Крымінальнай міліцыі МУС генерала Мікалая Лапаціка і сведчанні начальніка СІЗА-1 Алега Алкаева. Гэтак у рапарце Лапаціка на імя міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Навумава ад 21 лістапада 2000 года сцвярджаецца, што Шэйман даў загад Паўлічэнку фізічна знішчыць Юры Захаранку. Інфармацыным забеспячэннем аперацыі займалася Служба бяспекі прэзідэнта. Выкраданне і забойства ажыццявілі байцы спецназу на чале з Паўлічэнкам. Па аналагічнай схеме былі забітыя Ганчар і Красоўскі. Пахавалі іх нібыта на спецўчастку на Паўночных могілках Менску. У сваю чаргу Алег Алкаеў заяўляў, што па просьбе кіраўніка МУС Юрыя Сівакова выдаваў «расстрэльны» пісталет напярэдадні знікнення Захаранкі, Ганчара і Красоўскага.

Спачатку аператыўныя службы МУС і КДБ пры каардынацыі іх дзейнасці Генпракуратурай ў ходзе расследавання выйшлі на адных і тых жа фігурантаў – Шэймана, Паўлічэнку, Сівакова ды інш. Паўлічэнку затрымалі, даставілі ў СІЗА КДБ і дапыталі. Аднак Лукашэнка ўмяшаўся ў ход расследавання і загадаў вызваліць Паўлічэнку ў парушэнне ўсіх працэсуальных нормаў, адзначаюць праваабаронцы. Генеральнага пракурора Алега Бажэлку і старшыню КДБ Уладзіміра Мацкевіча Лукашэнка звольніў. Пазбавіліся сваіх пасадаў Лапацік, Алкаеў ды іншыя людзі, датычныя да расследавання. Адначасова галоўныя падазраваныя атрымалі новыя пасады: Шэймана прызначылі Генеральным пракурорам, Сівакова – намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова публічна прызнаваў, што ў Беларусі паводле яго загаду адбываліся пазасудовыя забойства крымінальных аўтарытэтаў. Апошні раз ён пра гэта казаў 24 красавіка 2018 года падчас паслання да беларускага народу і Нацыянальнага сходу. «Вы што, з глузду з’ехалі? Ці мне прымаць жорсткія меры, як у першыя гады майго прэзідэнцкага жыцця, калі забівалі людзей на трасе Масква-Берлін: калі я пасылаў жменьку надзейных людзей з аўтаматамі, якія перастралялі там палову і навялі парадак на працягу месяца», – казаў кіраўнік Беларусі. Аднак сваю датычнасць да выкрадання Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага Аляксандр Лукашэнка заўсёды зняпраўджваў. Ён падкрэсліваў, што яны не былі ягонымі апанентамі, ды наагул у Беларусі штогод шмат людзей знікаюць, таму не трэба столькі ўвагі надаваць гэтым справам.

ВІДЭА
«Эскадрон смерці» ў Беларусі: што пра гэта распавядаў асабіста Лукашэнка
2018.04.25 19:22

Тэрміны следства па справах зніклых неаднаразова падаўжаліся, яны дагэтуль застаюцца нераскрытымі. У студзені 2019 года Следчы камітэт прыпыніў расследаванне справы аб знікненні Захаранкі «у сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага». Шэйман, Сівакоў, Навумаў і Паўлічэнка праз падазрэнне ў датычнасці да дзейнасці «эскадронаў смерці» дагэтуль застаюцца пад санкцыямі ЕЗ.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў